Ліст да Чарвякова (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да Аляксандра Чарвякова
Ліст
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: Поўны збор твораў. У 9 т. Том 8 \ Мінск: Мастацкая літаратура, 2002.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Старшыні ЦВК СССР і БССР т. А. Чарвякову

Таварыш Старшыня!

Яшчэ раз перад смерцю заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў і не збіраўся быць. Ніколі не быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі. Я ўміраю за Савецкую Беларусь, а ні за якую іншую.

Верш мой «Паўстань» справакавалі:

  1. Лёсік, надрукаваўшы яго з артыкулам, прысвечаным Пілсудскаму, аб чым я не ведаў, бо быў на вёсцы.
  2. Шыла, які асвятліў Дзям’яну Беднаму гэты верш у правакацыйным сэнсе.
  3. Я сам, змясціўшы яго ў зборніку, не прыдаўшы гэтаму палітычнага значэння.

Я вельмі прасіў бы рэабілітаваць мяне перад працоўнымі Сав. Беларусі. Гэта можна лёгка зрабіць. Верш, змешчаны ў зборніку, мной выпраўлены.

Прасіў бы вырваць гэты верш і кніжку выпусціць.

Яшчэ адна просьба да Вас. Заапякуйцеся маймі сем’ямі, што тут у Мінску і ў Барысаве. Я ўміраю з цвёрдай верай у вечнае існаванне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Папрасіце ГПУ, каб не цягалі маей жонкі. Яна таксама, як і я, ні ў чым не павінна.

Бібліятэку сваю перадаю Бел. Дзяржаўнай Бібліятэцы.

Апошняя старонка рукапісу

Шчыра дзякую за ўсё тое добрае, што для мяне зрабілі.

Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная палітычная.

Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну, і мне туды за імі дарога.

Шкадую толькі, што не змагу болей прымаць удзел у вялікім будаўніцтве, якое разгарнула партыя і Сав. улада ў БССР.

Няхай жа жыве гэта новае творчае жыццё для шчасця ўсяго чалавецтва!

Янка Купала

Памылкі свае, такія ці іншыя, я збіраўся выправіць, але не паспеў.

Я. К.

Менск. 20/XI-30 г.