Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу
Артыкул
Аўтар: Васіль Дружчыц
1924
Крыніца: Дружчыц, В. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу // Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага. Менск, 1924

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.

Старажытныя насельнікі[правіць]

Тэрыторыя Беларусі ў старадаўныя часы была занята угра-фінскім і літоўскім народамі, якіх тут і знайшлі прыйшоўшыя сюды славяны. Гэтая здагадка пацьвярджаецца археолёгічнымі досьледамі, а таксама і топографічнай номэнклятурай. Фіны займалі паўночна-ўсходнюю частку гэтай тэрыторыі, а літоўцы заходнюю і паўднёвую. Славяны, заняўшыя тэрыторыю, заселеную фінамі, утварылі велікарускі народ, а славяны, заняўшыя літоўскую тэрыторыю — беларускі. Грунтам для гэтага пагляду зьяўляецца той довад, што орыгінальныя адзнакі беларускай мовы зьяўляюцца ўжо ў Полацкай і Смаленскай землях у тыя часы, калі аб літоўскім політычным уплыве на Беларусь не магло быць і гутаркі. Так, напрыклад, ужо ў тарговым дагаворы 1229 г. полацкіх і смаленскіх князёў з немцамі выразна чутны адзнакі беларускай мовы.[1]

Продкі беларусаў адносяцца да ўсходняй групы славянаў. З славянскай прарадзімы — Прыкарпацьця — пад націскам рухаў другіх народаў, асабліва готаў, а потым гунаў, яны пачынаюць пасоўвацца на поўнач. Сыстэмы рэк Дняпра, Заходн. Дзьвіны, Ловаці і Волгі, якія якраз або пераразаюць, або бяруць свой пачатак на тэрыторыі Беларусі, далі славянам магчымасьць лёгка прайсьці па прасторы, пакрытым лясамі і балотамі, і былі натуральнымі шляхамі дзеля расьсяленьня. Процэс колёнізацыі пачаўся ў II веку і асабліва павялічыўся ў VII—IХ в. в. На прасторы Беларусі пасяліліся тры славянскіх племені: крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Крывічы занялі вярхоўі Дняпра, Заходн. Дзьвіны і Волгі; дрыгавічы пасяліліся паміж Прыняцьцю і Заходн. Дзьвіной і радзімічы—па Сожы. З крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў і злажыўся беларускі народ.

У пэрыяд расьсяленьня славяны былі ўжо досыць культурным народам. Матар‘ялы, якія дае лінгвістыка, сьведчаць аб тым, што яны былі аселым народам, займаліся земляробствам і паляўніцтвам, разводзілі хатнюю жывёлу, лавілі рыбу і ведалі некаторыя рамёслы. Яшчэ да расьсяленьня яны ведалі мэтады і спосабы іх апрацоўкі. Яны ўмелі вырабляць аружжа і, нарэшце, ім вядомы быў абмен і гандаль.

Пасьля таго, як славяны аселі, у іх асабліва пачынае пашырацца гандаль, дзякуючы таму, што праз Беларусь ішоў цэлы шэраг шляхаў. Вядомы шлях „з Варяг в Грекі" сваімі дзьвюма галінамі—з Дняпра на Ловаць і Заходн. Дзьвіну — пераразаў Беларусь. Апрача гэтага, праз Беларусь ішоў шлях на ўсход па Волзе. На прасторы Беларусі знойдзены скарбы арабскіх грошаў. Праз Беларусь ішоў і шлях на Захад па Прыпяці, якая падыходзіць да вярхоўяў Бугу. Дзякуючы гандлю, хутка на Беларусі зьяўляецца цэлы шэраг гарадоў: Полацак, Смаленск. Тураў, Віцебск, Усьвят, Стрыжаў, Друцеск, Ворша, Менск, Лукомль і інш.

Гандаль быў жвавы; ён быў ня толькі мясцовы, але і транзітны. Тавары заходняга вырабу вазіліся праз Беларусь у Візантыю, а адтуль на паўднёвы ўсход, або праз Волгу ў зямлю булгар і хазар і далей на ўсход. Гандаль, разумеецца, багаціў Беларусь.

Сярод жыхарства ўжо пачынае выдзяляцца кляса багатых, заможных, якая ў летапісах называецца „вятшчымі, лутшымі, жыцьімі людзьмі." Частка гэтае клясы носіць назву баяр. Кляса незаможных называецца „малодшымі, меншымі, горшымі людзьмі." Зьяўляюцца і рабы, якія, асабліва рабыні, былі рэчамі гандлю.

Політычнае аб‘яднаньне беларусаў пачынаецца з IХ веку, а ў Х в. летапіс ужо вызначае ў Полацку князя Рагвалода.

У канцы гэтага-ж веку кіеўскі князь Уладзімір здабыў сабе Полацак, але доўга за сабою ня ўтрымаў, бо прымушаны быў аддаць яго свайму сыну Ізяславу, які зрабіўся галавой асобнай дынастыі полацкіх князёў.

З распадам кіеўскага княжства на ўдзелы аддзялілася ад яго княжства Смаленскае ў палавіне XII в. і Турава-Пінскае ў канцы XII веку.

У XII ст. вялікі гандлёвы шлях „з Варяг в Грекі" страчвае сваё значэньне, бо Заходняя Эўропа пачынае вясьці беспасярэднюю сувязь з Візантыяй і Усходам. Зьяўляюцца новыя шляхі і новыя цэнтры гандлю ў Гэнуі, Венэцыі і Пізе. Таксама нішчыцца гандаль з Усходам, дзякуючы навале вандроўных народаў, якія перарэзваюць гэты гандлёвы шлях. Страта экономічных карысьцяў, зьвязваўшых моцна народ у вялікія дзяржаўныя організмы, прыводзіць да распаду апошніх. Замест адзінага Полацкага княжства, зьяўляецца цэлы шэраг дробных княжстваў, якія замкаюцца ў сваім гаспадарчым жыцьці і вядуць змаганьне адзін з адным. Таксама дробіцца і Турава-Пінская зямля. Да гэтага далучаецца клясавая барацьба, якая асабліва выразна адбывалася на вечах, — напрыклад, у Полацку. Беларусь ад гэтага ўсяго пачынае прыходзіць у заняпад і, дзякуючы гэтаму, ня можа даць адпору суседнім літоўцам, якія ў гэты час пачынаюць утвараць сваю дзяржаву.

Утварэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы.[правіць]

Літоўскія пляменьні ў канцы XII і пачатку XIII ст. жылі на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора ад вусьця Віслы да Заходняй Дзьвіны. Значная частка іх папала пад уладу нямецкіх ордэнаў — Тэўтонскага і Лівонскага. Толькі пляменьні Жамойць і Аўкстотэ (Літва), — галоўным чынам апошняе пачынае фармаваць уласнае дзяржаўнае жыцьцё. Трэба адзначыць істнуючы адносна Літвы пагляд, што гэта было ня літоўскае племя, а славянскае, і што яно паходзіць ад валотаў або люцічаў, якія ў старадаўнія часы, па досьледах праф. Шафарыка, жылі паміж Эльбаю, Дняпром, Бярозаю і Заходн. Дзьвіной. У першых вякох нашай эры люцічы пасунуты былі з свайго месца і апынуліся на цяперашняй Літве-Беларусі, на Віленшчыне.

Затым, праз некаторы час яны сталі пасоўвацца к Балтыцкаму мору і дайшлі да вусьця Одэра. Ад іх пайшоў народ, які заходнія хроністыя называюць Litauen, а славянскія — літоўцы.

У другой чвэрці XIII ст. сярод вялікага ліку дробных літоўскіх фэодалаў-князёў выдзяляецца адзін мацнейшы (Мендаўг), якому ўдаецца аб'яднаць пад сваёю ўладаю значную частку тэрыторыі. Прастора паміж Немнам і Вільлёю — уласная Літва, — затым беларускія г. г. Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск, Зьдзітаў і Гародня з іх вокругамі пападаюць пад Мендаўга ўладу. Жомоіцкая (Жмудзкая) зямля таксама часова знаходзіцца пад уладай Мендаўга. Але дамаганьні на яе немцаў і барацьба іх за ўладаньне ёю прымусілі Мендаўга аддаць яе немцам. Так утвараецца дзяржава, у якой беларускі элемэнт пераважвае як лікам, так і культурай. Утвораная дзяржава атрымлівае офіцыйную назву Літоўска-Рускай (Беларусы ў той час называліся офіцыйна рускімі. Назва "беларускі" зьяўляецца ў нямецкіх хроністых у XIV в., а сярод народу ўжываецца, бязумоўна, раней).

Мы будзем карыстацца ўжо прызнанай назвай у літаратуры — Літоўска-Беларуская дзяржава. З самага пачатку яе ўтварэньня Літоўска-Беларуская дзяржава мае беларускі характар; беларускі элемэнт мае перавагу ў культурных адносінах: беларуская мова становіцца моваю дыплёматычных зносінаў, моваю пісьменства, законадаўства і наогул культурнага жыцьця.

З пашырэньнем дзяржавы беларускі элемэнт яшчэ болей ўмацоўваецца, а дзяржава расьце вельмі шпаркім крокам.

У 1307 годзе далучаецца да яе Полацак, у 1326 г. — Менск і да паловы XIV ст. у склад новай дзяржавы ўвайшлі Турава-Пінская зямля і Берасьцейская з Падляшшам.у, У гэтыя-ж часы далучана была і Віцебшчына.

У другой палове XIV в. (пры Альгэрдзе) да Літоўска-Беларускай дзяржавы далучаюцца і землі ўкраінскія: Чарнігава-Северская, Кіеўская, Валынская і Падольле, а ў канцы XIV ст. і значная частка Смаленшчыны; самы Смаленск увайшоў у склад дзяржавы ў 1405 г.

Адначасна з далучэньнем Смаленскай зямлі Літоўска-Беларуская дзяржава пашыраецца да Акі, дзе яна захапіла Любуцк (на мяжы сучаснай Калускай і Тульскай губ.), Мцэнск на Зушы; у другой чвэрці XV ст. князі Навасільскія, Адаеўскія, Перамышльскія, Варатынскія і іншыя становяцца васаламі літ.-беларускага князя.

Літоўска-Беларуская дзяржава збудавалася ў вельмі кароткі час, — ня болей, чым на працягу 150 г. Утварэньне дзяржавы насіла характар чыста фэодальнага аб‘яднаньня. Асобныя землі, як Полацкая, Віцебская, увайшлі ў склад дзяржавы мірным шляхам, дабравольна. Амаль што дабравольна ўвайшлі Кіеўская і Валынская землі.

Цэнтральная літоўска-беларуская ўлада ня кратала ўнутранага жыцьця асобных зямель і яны зусім не адчувалі зьмены пры далучэньні. Звычайна ўся перамена зьмяшчалася ў тым, што, замест мясцовага князя, садзіўся князь Гэдымінавага роду, але бывалі выпадкі, што заставаліся і старыя Рурыкавічы. Агульным лёзунгам цэнтральнай літоўска-беларускай улады было: „Мы старыны ня рухаем і навіны ня ўводзім*. Абавязкам далучаных зямель да цэнтру была вайсковая дапамога і падатак.

Такое аб'яднаньне літоўска-беларускай дзяржавы і характар яе пабудовы, мала зьвязываўшы асобныя землі з цэнтрам, быў яе слабасьцю. Экономічныя сувязі яшчэ не ўмацаваліся, — тым болей, што гаспадарка мела натуральны характар і абмен, які прыйшоў у заняпад у XII і XIII в. в., ня меў вялікага пашырэньня.

На чале дзяржавы стаяў вялікі князь. Сіла яго залежыла ад тых маёмасьцяў, якімі ён валадаў, галоўным чынам, у цэнтральнай Літоўскай зямлі. Князі вядуць змаганьне за вялікакняжацкі стол. Звычайна ўлада вялікага князя пападае ў рукі экономічна мацнейшага. Але пры роўнаважнасьці сіл гэтае змаганьне вызывае зацяжную барацьбу, і часта супроціў вялікага князя падымаюцца цэлыя саюзы князёў, як гэта здарылася ў апошняй чвэрці XIV ст., калі падняліся проціў вялікага князя князі Полацкі, Бранскі і др.

Толькі што збудованая і не ўмацаваўшаяся дзяржава імкнецца да распаду на свае складаныя часткі.

У гэты крытычны для Літоўска-Беларускай дзяржавы час літоўска-беларускі гаспадар, вялікі князь Ягайла, атрымлівае прапанаваньне кароны Польскай. У Польшчы скончылася мужчынская лінія ранейшай дынастыі Пястаў. Трэба было абраць новую дынастыю. Польскія паны, у руках каторых знаходзілася ўлада, засі апавіліся на асобе літоўскага князя Ягайлы Тлумачыцца гэта тым, што яны хацелі забясьпечыць свае межы з усходу, бо літоўцы ў шуканьнях здабычы ў гэтыя часы даходзілі да самага Кракава, сталіцы Польшчы; апроч таго, польскія паны спадзяваліся ад караля-барбара, якім яны лічылі літоўска-беларускага князя, атрымаць найболей для сябе правоў і прывілеяў.

Прапанаваньне літ.-беларускаму князю кароны польскай якраз было зроблена ў добры для яго момант. Перад ім стаяла пагроза страціць уладу ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. Каб знайсьці апору для сваёй улады, ён згаджаецца на прыняцьце кароны польскай і на вунію літоўска-беларускай дзяржавы на такіх умовах, праз якія дзяржава павінна была страціць уласнае жыцьцё і на „вечныя часы" быць далучана да кароны польскай. Гэта адбылося ў 1385—6 г.г.

Такое аб‘яднаньне не адпавядала, аднак, інтарэсам баяр-паноў. Пры гэтым соцыяльны і політычны ўклад жыцьця вельмі быў розны ў абедзьвюх дзяржавах і ажыцьцяўленьне такога акту не магло быць прыведзена ў выкананьне. Апроч таго, злучэньне дзьвюх дзяржаў і ўтварэньне аднэй вялізарнай дзяржавы супярэчыла інтарэсам крыжакоў, якія ў гэты час імкнуліся захапіць некаторыя краіны як княжства Літоўска-Беларускага, так і кароны польскай. Усё гэта прывяло да таго, што акт вуніі застаўся на паперы. Ужо ў 1392 г. Вітаўт, апіраючыся на крыжакоў, становіцца незалежным літоўска-беларускім гаспадаром.

Літоўска-Беларускае княжства захавала, такім чынам, незалежнасьць і такое палажэньне цягнулася да другой паловы XVI ст. Праўда, пэрсональныя вуніі, г. зн. што адны і тыя асобы займалі пасады і караля польскага і вялікага князя літоўска-беларускага, адбываліся, але гэта зусім не парушала незалежнасьці княжства, асабліва прымаючы пад увагу выбарнасьць пасады вялікага князя і абмежаванасьць яго ўлады.

Соцыяльны склад грамадзянства.[правіць]

У збудованай Літоўска-Беларускай дзяржаве жыхарства распадалася на станы, якія паступова ўсё болей і болей адмяжоўваліся адзін ад аднаго. Станы складаліся з сялян, мяшчан, шляхты і паноў.

Сяляне.

Вярхоўнае права на зямлю ў Літоўска-Беларускім княжстве. або „поўнае права і панства" (jus dominium) належала з пачатку гаспадару—вялікаму князю—і другім князём, а з канца XIV ст. гэтае права стала прызнавацца за царкоўнымі ўстановамі і за земляўласьнікамі баярскага стану, якія сталі называцца „баронамі", або панамі. На гэтых землях працуючае жыхарства толькі карысталася зямлёю, за што яно адбывала розныя павіннасьці.

Невялікую групу працоўнага жыхарства складалі рабы, насіўшыя назву чэлядзі дворнай, або парабкі і жонкі. Крыніцамі рабства ў Літоўска-Беларускай дзяржаве зьяўляліся палон, купля, натуральны прырост і шлюб з нявольным чалавекам. Чэлядзь працавала ў гаспадарскіх і панскіх маёнтках, у палявой і хатняй гаспадарцы. З панскага двара чэлядзь атрымлівала месячыну ў форме хлебных запасаў; апроч таго, мела сваю рухомую маёмасьць—„бонду“ і прырабкі ў пустых землях. Утрыманьне чэлядзі ня было карысным для гаспадаркі, і з другой паловы XVI ст. яна пераводзілася на зямлю і, як беднае сялянства, пападала ў разрад гароднікаў. Самай вялікай групай вясковага жыхарства былі людзі, насіўшыя розныя назвы: мужы, мужыкі, сьмерды, чорныя людзі, кмеці, хлопы, найчасьцей—падданыя. Сяляне, якія і павінны былі нясьці пастаянную службу на гаспадарскім або панскім дварэ з сахою, бараною, касою, сярпом і канём, звычайна назывался цяглымі людзьмі.

Але гаспадарка не абмяжоўвалася выключна прапаю на полі. Гаспадарка, асабліва даўнейшых часоў — ХІІІ-ХІV і XV ст. — мела натуральны характар. У ёй выводзілася і выраблялася ўсё, што патрэбна было для гаспадаркі.

Так былі: конюхі, сядзельнікі, машталеры, якія займаліся ў каняводзтве; стаднікі, пастухі, сьвінары, працаваўшыя ў разьвядзеньні рагатай жывёлы і сьвіньней; бортнікі і падлазьнікі глядзелі за борцямі; баброўцы гналі і білі баброў; буднікі, смалярні, дегцяры, угольнікі, клепачы, працаваўшыя ў купах або будах; салянікі разраблялі соль, руднікі — руду; апроч гэтага, быў цэлы шэраг рамесьнікаў, працаваўшых над апрацоўкай драўляных вырабаў (дойліды, цесьлі, калёсьнікі, сальнікі, бондары, суднікі), залеглых (кавалі, сьлесары), гліняных (ганчары, муляры, плытнікі, стрыхары), шкляных (гутнікі і шкляры); апрацоўваўшыя скуры (кушняры, кажамякі, рымары, хамутнікі, сядзельцы, шаўцы, чабатыры), абрабляўшыя ткані (ткачы, убрусныя або скацертнікі, краўцы і др.), займаўшыяся вырабам аружжа (рагатцы, лучнікі, тульскі, мячоўнікі, плажнеры, пушкары) і др.

Апроч сваёй працы, працаўнікі спэцыяльных службаў нясьлі яшчэ дадатковыя. Некаторыя давалі дзякла і мезьляву. Дзяклам называўся натуральны падатак, які плаціўся жытам, пшаніцай, аўсом, дровамі, курамі і яйцамі; мезьлявы падатак унасіўся ялавічынай, сьвіньнямі, баранамі, курамі і яйцамі. Затым яны абавязаны былі выходзіць на талаку. Талакой называлася падмога ў гарачую рабочую пару і складалася з такой працы: тры дні араць „парэніну", тры дні „на жыто", тры дні жыта жаці і тры дні ярыну.

За сваю працу сяляне спэцыяльных службаў карысталіся надзеламі зямлі.

Участкі сялянскай зямлі да паловы XVI ст. былі самай рознастайнай велічыні і звычайна складаліся з гароднай зямлі, поля, сенажаці, балот, бортных „ухожаяў“ і „ўступаў" у раку ці возера. У разьмеркаваньні была вялікая цераспалосіца; прычынай гэтага зямельнага ладу было тое, што сялянскія ўчасткі складаліся гістарычна і былі рэзультатам свабоднай заімкі і распрацоўкі свабодных зямель сялянскімі сем'ямі.

Сялянскія землі ў большасьці знаходзіліся ва уладаньні і карыстаньні не гаспадароў адзіночак, а складаных сялянскіх колектываў. Гэтыя колектывы звычайна складаліся з павялічыўшыхся сем'яў. Дарослыя сыны з сем'ямі не выдзяляліся, а аставаліся жыць разам. Калі такія роды — колектывы - зьмяншаліся і не маглі ўласнымі сіламі спраўляцца з гаспадаркай, то прымаліся чужыя людзі — патужнікі - на розных умовах. Адны карысталіся толькі часткай даходу і называліся дольнікамі, палоўнікамі. Уласьнікамі і гаспадарамі зямлі заставаліся сяляне „отчычы". Але тыя, хто доўга заставаўся, або каго пасадзіў урад, або куплялі долю ў ранейшых гаспадароў, станавіліся сябрамі, патужнікамі.

Зямля, якую абрабляў такі сваяцкі колектыў, лічылася яго ўласнасьцю. Але, апроч гэтага, заставаліся землі, якія былі ў агульным карыстаньні вёскі або, нават, воласьці.

Такі спосаб землекарыстаньня ўжываўся да другой паловы XVI ст., да зямельнай рэформы Жыгімонта Аўгуста. У 1557 г. была выдана „Устава на валокі". Згодна з палажэньнем Уставы, зямля разьдзялялася на тры полі, па аднаму кавалку ў кожным. На сярэднім полі павінна была быць сяліба. Рэформа была ажыцьцёўлена ў заходніх частках Беларусі ў XVI, а у ўсходніх пазьней — у XVII ст.

Юрыдычнае палажэньне сялян.

Цяглае сялянства ў XIV, XV і першай палове XVI ст. падзялілася па непахожых, нявольных, і пахожых, вольных, людзей. Усе тыя сяляне, хто спакон веку жыў на адным месцы, лічыліся непахожымі, нявольнымі людзьмі. Звычайна, хто карыстаўся сялянскім надзелам без спэцыяльных умоў дзесяць гадоў, станавіўся тубыльцам, або нявольным чалавекам. У той час працоўнага люду, у параўнаньні з прастораю дзяржавы, было мала, і паны былі зацікаўлены, каб так ці йначай затрымаць працоўных людзей у сваіх маёнтках. Ужо ў 1447 г. вялікі князь дае паном і баярам прывілей, у якім дае абавязак ня прымаць на свае землі сялян з маёнткаў князёў, паноў, шляхты і мяшчан; тое самае і паны павінны былі выконваць у адносінах да сялян гаспадарскіх. Фактычна на землях панскіх і шляхецкіх ужо ў гэтыя часы ўсё сялянства было непахожым.

На вялікакняжацкіх землях прымацаваньне да зямлі ня было бязумоўным. Нявольны селянін, прадаўшы або здаўшы другому сваю вотчыну з дазволу ўраду гаспадара, станавіўся вольным чалавекам. Калі ў сялянскай сям'і з прычыны яе павялічэньня заставаліся лішнія рукі, урад ня ставіў перашкод для іх выхаду, і яны станавіліся вольнымі. Хто кідаў сваю гаспадарку ў часы голаду або па беднасьці, таксама рабіўся вольным. Нарэшце, вольнымі былі людзі, якія рабілі спэцыяльныя ўмовы аб сваім вольным стане.

З зямельнай рэформай права пераходу зьнішчаецца, і ўсе сяляне становяцца нявольнымі людзьмі.

Павіннасьці сялян былі неаднолькавыя залежалі ад таго надзелу, якім яны ўладалі. Болей зраўняліся павіннасьці сялян з канца XVI ст., пасьля перадзелу на валокі. Павіннасьці гаспадарскіх сялян вызначаны ў „Уставе на валокі" ў артыкуле 15. Цыншу з валокі кгрунту доброго 21 грош., з сярэдняга — 12 грошай, з подлага — 8 грошай, а з вельмі подлага, пескаватага альбо балотлівого — 6 грошай; овса з волок доброго і середнего кгрунту — по две бочкі, а з подлого — одна бочка, а естли пенязьмі за овес будеть казано давати, ино за каждую бочку пять грошай, а за отвоз бочкі каждое — 5 грошай; з тых же менованых кгрунтов з каждое волокі сена воз одін, альбо тры грошы за сено, а за отвоз 2 грошы, а з вельми подлого кгрунту і овса даваті не павінны ніжчом з каждое волокі всякого грунту маюць даваці гусь альбо полтора гроша, кур двое або пенезей 16, яец двадцать або пенезей 4; на неводы грошай два, за стацею грошай полтреця, а колі стацею кажем брати ино один раз в год за тые пенязи мають давати с трыдцати волок яловицу одну, бараны два, а с каждые волоки по курати и по десяти яец, а пенезей вже того году за стацею не давати. Работа тяглым людем с каждае валокі по два дни на неделю, а толоки 4 лете, з чым кажуць, за што маеть быти отпущона им работа о божьем Нарожэнье тыйдень, о Месопустах тыйдень, о Великодни тыйдень.

Артыкул 16. Огородники при дворех нашых маюць быти, даючы каждому по т“ры морги зем“ли, а им с того служити по одному дню в тыйдень пешо, а жоны их лете не больш, одно—шесть дней до жнива альбо до полотья будуць павин“ни“.[2]

Што датычыцца сялян панскіх і шляхецкіх, то іх павіннасьці былі яшчэ большыя, і праца на пана даходзіла да З—5 дзён у тыдзень, а ў XVII в., нават, да 6.

Мяшчане.

З даўніх часоў у Беларусі пабудавалася многа гарадоў. У старыя часы яны называліся местамі, і гэта былі пункты, дзе адбываліся кірмашы і гандаль, дзе былі гандлёвыя і прамысловыя ўстановы. Некаторыя з гэтых мест, як Вільня, Трокі, Берасьце, Навагрудак, Менск, Полацак, Віцебск, Смаленск і інш. былі буйнымі гандлёвымі і прамысловымі цэнтрамі, якіх насельнікі жылі выключна гандлем і рамёсламі. Іншыя гарады былі звычайнымі вёскамі, у якіх па некалькі разоў на год адбываліся кірмашы, і жыхарства іх займалася, галоўным чынам, земляробствам, а гандаль і рамёслы былі дадатковымі заняткамі да земляробства.

Юрыдычнае становішча мяшчан у залежнасьці ад гэтага было неаднолькавае. Мяшчане вялікіх гарадоў мелі самакіраваньне па Магдэбурскаму праву, якое пачало давацца з канца XIV ст. Яны былі звольнены ад усялякіх цяглых павіннасьцяў, плацілі звычайна агульны падатак з усяго места і прамысловыя падаткі.

Мяшчане гарадоў, ня меўшых Магдэбурскага права, плацілі, апроч прамысловых падаткаў, розныя „дачкі" і нясьлі з зямлі, як і сяляне, цягла, плацілі дзякла, мезьляву, чынш, сярэбшчыну, давалі стацыі і падводы, хадзілі на талакі і гвалты, — адным словам, абкладаліся так, як і сяляне.

Мяшчане гарадоў з Магдэбургіяй былі заўжды людзі вольныя, не аддаваліся гаспадаром, згодна з прывілеямі гарадоў, у прыватнае падданства паном або князём: мяшчане гарадоў без магдэбурскага права вельмі часта былі нявольнымі, непахожымі людзьмі і пападалі ў лік тых зямель, якія раздаваліся паном.

Шляхецтва.

Сярэдні служылы стан атрымаў назву баяр-шляхты. Над той зямлёю, якою карыстаўся гэты стан, ён ня меў „поўнага права і панства". Вялікі князь захаваў права рэгуляваньня ўладаньнем зямлёю шляхецтва ў сваіх вайсковых і фінансавых мэтах. Асновамі для збудаваньня шляхетнага стану зьяўляюцца Гарадэльскі прывілей 1413 г. і прывілей 1447 г. Адзнакай належнасьці да шляхецкага стану быў па прывілею 1413 г. гэрб, але ўжо прывілей 1447 г. лічыць карыстаньне гэрбам не абавязковым; характарнай адзнакай належнасьці да шляхецкага стану зьяўляецца вайсковая служба. Дзякуючы гэтаму, пераход з сялянскага стану ў шляхецкі і наадварот ня толькі становіцца магчымым, але і звычайным.

Паступова, аднак, шляхецтва пачынае адмяжоўвацца ад другіх станаў. У 1522 г. была выдала ўстава аб вывадзе шляхецтва. Па гэтай уставе кожны шляхціц павінен вывесьці сваё шляхецтва двума шляхціцамі, якія павінны пад прысягаю пацьвердзіць, што ён ад прадзеда і дзеда аднаго роду з імі і брат па крыві. Статут 1529 г. дазваляе выводзіць сваё шляхецтва паказаньнямі суседняй шляхты, калі род вырадзіўся. Асобы, даказаўшыя сваё шляхецтва, атрымліваюць спэцыяльныя „лісты", якія яны хавалі, як фамільны скарб, каторы можа прыгадзіцца дзеля іх наступнікаў.

Адмежаваньню шляхецтва ад другіх станаў грамадзянства дапамог „Земскі попіс" 1528 г., у якім было пералічана ўсё шляхецтва, павіннае адбываць вайсковую службу. Гэты рэестр стаў як-бы шляхецкай кніжкай, у якую зьвярталіся за спраўкамі пры спрэчках аб шляхетным пахаджэньні.

Для выдзяленьня шляхецтва паслужылі і асобныя граматы; яны выдаюцца вялікім князем з XVI в. пры якіх-небудзь урачыстасьцях.

Палажэньне шляхецтва, у параўнаньні з „простымі людзьмі", выдзялялася тым, што шляхціц заўжды заставаўся вольным чалавекам. Земскімі прывілеямі была забясьпечана недатычнасьць асобы шляхціца і яго маёмасьці; бяз суду яго не маглі пакараць сьмерцю, пасадзіць у турму, конфіскаваць маёмасьць, налажыць грашовы штраф. За рану, калецтва і няўмыснае забойства шляхціца накладалі болей высокія штрафы ў 12 рублёў, 30 коп і 100 коп грошай.

У судох прысяга шляхціца вельмі часта была рашучым довадам. Быў яшчэ шэраг прывілеяў для шляхты.

А з паловы XV в. толькі шляхціцы прымаюць удзелы на вялікіх вальных соймах у вырашэньні важнейшых політычных пытаньняў.

Абавязкам шляхты была вайсковая служба. Лік выстаўленага войска залежыў ад велічыні маёмасьці, заможнасьці і ўмоў, на якіх была дала зямля. З пачатку XVI ст. вайсковая служба рэгулявалася соймавымі „ухваламі", у залежнасьці ад ліку сялянскіх служб у шляхецкім маёнтку. Звычайнай нормай было выстаўленьне аднаго коннага жаўнера ад 10—8 сялянскіх службаў.

Паны і князі.

Стан паноў і князёў нічым ня розьніўся паміж сабой, апрача тытулу, які не даваў жадных прывілеяў. Князямі зьяўляліся патомкі Рурыкавічаў, Гэдымінавічаў, выхадцаў з Масквы і Орды. Паны былі патомкі радавых баяр і князёў. Стан паноў і князёў складаў групу фэодалаў, якая ўладала зямлёй з поўным правам і панствам і над якою вялікі князь меў толькі вярхоўны суверэнітэт. Князі і паны складалі вялікую вайсковую і політычную сілу, якая магла спрачацца з вялікім князем на ўплыў політыкі, — як унутранай, такі замежнай. Гэта можна ўбачыць па земскаму попісу 1528 г. Паны Кезгайлы выстаўлялі 768 коняў, на 53 кані меней, чымся ўся зямля Валынская, і на 56 коняў болей, чым уся зямля Полацкая. Паны Радзівілы выстаўлялі 621 каня, Осьцікавічы — 337 коняў, Глебавічы — 279, Хадкевічы — 198 і гэтак далей.

Такая экономічная і вайсковая магутнасьць рабіла іх гаспадарамі дзяржавы. Яны займаюць вышэйшыя ўрады, засядаюць у Радзе і карыстаюцца выключнымі правамі ў сэнсе суду, маючы права судзіцца ў самога гаспадара. З другой паловы XVI ст. шляхецтва пачынае змагацца з імі і іх выключнымі прывілеямі і дабівацца таго, што па рэформе 1563—66 г.г. стан паноў быў параўнован у сваіх асабістых правох — як політычных, так і грамадзянскіх — з шляхецтвам.

Політычная будова Літоўска-Беларускай дзяржавы.[правіць]

На чале дзяржавы стаяў вялікі князь. Спачатку яго ўлада лічылася неабмежаванай, але фактычна была слабой. Ужо з першай паловы XV ст. яна становіцца выбарнай. Пасьля сьмерці Вітаўта выбіраецца Сьвідрыгайла, пасьля забойства Жыгімонта Кейстутавіча, пасаджанага палякамі, выбіраецца Казімір, затым яго сын Аляксандар і Жыгімонт і сын апошняга Жыгімонта—Аўгуст. З канца XV ст. улада князя формальна абмяжоўваецца Радай, а з XVI ст.—Вялікім Вальным Соймам.

Рада.

З пачатку Рада была дарадчай установай пры князі. Яна ня мела пэўнага складу і была зложана з асоб, якіх прызываў вялікі князь па ўласнаму пагляду і каго ён лічыў карысным. Канчаткова склад Рады вызначыўся ў канцы XV і пачатку XVI ст. У склад Рады ўвайшлі біскупы, ваяводы, кашталяны, вышэйшыя ўраднікі земскія і дворныя і некаторыя князі і паны.

У XIV і перш. полове XV ст. Рада была пры князі, але ў другой палове XVI (пры Казіміры) яна становіцца дзяржаўнай установай, Дзяржаўнай Радай. Яна бярэ на сябе ахову інтарэсаў дзяржавы і абарону магчымых парушэньняў з боку самога гаспадара, які адначасна быў і каралём польскім. Пасьля сьмерці Казіміра ў 1492 г., у Літоўска-Беларускай дзяржаве і Польшчы былі выбраны асобныя гаспадары. Рада павінна была зноў вярнуцца ў ранейшы стан. Аднак паны радныя ня згодзіліся на гэта, і вялікі князь прымушаны быў абмежаваць сваю ўладу і даць такія абавязкі: 1) вясьці дыплёматычныя зносіны ня іначай, як па абгавору іх з панамі Рады; 2) не зьмяняць нічога, што ўхвалена разам з панамі-Радаю; у выпадках нязгоды паноў з паглядамі князя пры рашэньні дзяржаўных спраў ня гневацца на іх за гэта; 3) выконваць тое, што яны парадзяць яму для яго і дзяржаўнай карысьці; 4) не раздаваць урадаў і не адымаць іх бяз згоды з панамі-Радаю; 5) усе даходы расходваць ня іначай, як па згодзе з панамі-Радаю.

Пры выбарах Жыгімонта, апошні даў у 1506 г. прывілей, у якім да вышэйшых пунктаў далучыў яшчэ адзін, болей яскравы: усе законы і распараджэньні агульнага характару, накірованыя на карысьць дзяржавы, павінны выдавацца ня іначай, як з ведаму, абгавору і згоды паноў-Рады.

Вялікі Вальны Сойм.

Ужо ў XV ст. ня ўсе пытаньні вырашае Рада. Дзеля выбараў гаспадара і па справам вуніі зьбіраецца сойм. З пачатку на сойм зьяжджаюцца ўсе князі, паны і шляхецтва пагалоўна. Такія зьезды не заўсёды былі магчымы, і ў 1512 г. вялікі князь аддаў загад, каб шляхта сабралася па паветах і выбрала па 2 прадстаўнікі, даўшы ім „зупольную моц". З гэтага часу такі звычай умацоўваецца. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і пэрсональна. Склад сойму канчаткова вызначаецца ў палове XVI ст. У сойм уваходзяць: паны Рады, ураднікі, княжаты і паняты і рыцарства—шляхта, а з 1566 г. адзін прадстаўнік мяшчан г. Вільні.

Компэтэнцыя сойму таксама пашыралася. Апроч выбараў гаспадара і спраў вуніі, сойм вырашае пытаньні аб вайне, фінансах, выдае законы, што было зацьверджана Статутам 1556 г.

Росквіт беларускай культуры.

XVI век - гэта век росквіту беларускай культуры. Адбіткам беларускай дзяржаўнасьці зьявіўся беларускі збор законаў, вядомы пад назваю Літоўскага статуту. Гэты збор законаў, выданы ў трох рэдакцыях у 1529, 1566 і 1588 гадох, зьяўляецца помнікам беларускага права — як паводле мовы, так і па зьместу. Ім карысталіся ў Беларусі да 40-х гадоў XIX ст., калі ён быў заменен, „сводам законов Россійской Имперіи“. Пашыраецца асьвета. Вышэйшыя станы — князі і паны — атрымліваюць адукацыю за межамі ва ўніверсытэтах Прагі, Вэнэцыі, Болоньі, Лейпцыгу, Кракаву. Двары паноў і князёў Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Сапег былі школамі для шляхецтва. Зьяўляюцца беларускія друкарні, і ў Кракаве раней адчынілася беларуская друкарня, а потым ужо польская. Зьяўляюцца друкарні ў Вільні, Берасьці, Супрасьлі, Еўі, Дзярэчыне, Крошыне, Слоніме, Гарадку і інш. гарадох. Адчыняецца цэлы шэраг школ. У 1539 г. утворана школа ў Вільні Аўраамам Кульваю, актыўным прыхільнікам лютаранства. У палове XVI ст. Радзівілы — Мікалай Чорны і Рыжы, прыхільнікі кальвінізму, адчынілі школы ў Вільні, Біржах, Заблудаве. Шыдлове і Кейданах. Віленская і Біржанская школы называліся гімназіямі.

Сярод шляхецкіх і мяшчанскіх колаў грамадзянства знаходзяць значнае пашырэньне рэформацыйныя ідэі самых розных кірункаў. Вынікам гэтага было разумовае ажыўленьне сярод грамадзянства. Нарэшце, у 1569 г. зьяўляюцца езуіты, якія таксама адчыняюць цэлы шэраг школ, а Віленская школа атрымлівае назву Акадэміі. У 1632 г. ў Акадэміі працуе 75 прафэсароў і вучыцца 1200 студэнтаў.

Адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы да суседзяў.[правіць]

З 1385 году, з часоў першай вуніі, вялікіх конфліктаў з Польшчай, за выключнымі выпадкамі, ня было. Крыжацкі ордэн, пасьля яго разгрому ў 1410 г. пры Грунвальдзе, таксама ня быў страшным. Затое выявілася спрэчнасьць інтарэсаў з Масквой. Літоўска-Беларуская дзяржава пачала аб‘яднаньне ўсходніх славянаў. У той час, як яна вырасла ў вялізарную дзяржаву, Масква толькі пачынае дзяржаўнае жыцьцё. Як толькі Масква ўзмацнілася, яна таксама імкнецца да зьяднаньня ўсіх славянскіх земляў. Выразна гэтае імкненьне вызначылася ў канцы XV ст., калі маскоўскі князь пачынае абвяшчаць, што „Русь искони наша вотчына". З гэтага году пачынаецца бязупынная барацьба з Масквою, якая йдзе на працягу ўсяго XVI і XVII стагодзьдзя. Маскве ўдаецца адарваць Чарнігава-Северскія землі ды Смаленшчыну і некалькі разоў урывацца ў самую сярэдзіну Беларусі. Асабліва страшнай і доўгай была так званая Лівонская вайна. У Маскве ў гэты час ужо досыць умацаваўся гандлёвы капітал. Дзеля яго далейшага ўзросту і разьвіцьця патрэбны былі беспасярэдныя зносіны з Заходняй Эўропай. Іван IV, як яскравы выразчык гэтых імкненьняў гандлёвага капіталу, пробуе заўладаць узьбярэжжам Балтыцкага мора. Але такая магчымасьць пагражала інтарэсам гандлёвага капіталу літоўска-беларускага. Справа ў тым, што заваяваньне Лівоніі, стараны багатай, культурнай, добра ўмацаванай, павялічвала сілу і без таго багатага ворага; у выпадку далучэньня Лівоніі ўвесь гандаль Беларусі і Літвы пападаў у залежнасьць ад Масквы, бо праз Рыгу йшоў увесь вываз з Полацкай і Вітабскай зямель, а ў выпадку зьяўленьня маскоўскага флёту ў Балтыцкім моры, зьяўлялася пагроза і для гандлю, які йшоў праз Данцыскі порт. Усё гэта вызвала цяжкую і доўгую вайну, якая зьнішчыла матэрыяльныя сродкі дзяржавы і прымусіла шукаць выхаду у болей сьціслым аб’яднаньні з Польшчай, нават, рызыкуючы стратай свайго незалежнага дзяржаўнага жыцьця.

У залежнасьці ад адносін з Масквой наогул знаходзяцца адносіны да Польшчы. У 1500 годзе літоўска-беларускае войска было разьбіта, і маскоўскія войскі ўвайшлі на Беларусь. Сойм у 1501 г. паслаў у Польшчу паслоў для падпісаньня вуніі. Вунія была падпісана на такіх умовах: 1) адзін гаспадар, які выбіраецца агульным соймам, 2) павінна быць адна монэта, 3) асобныя суды і ўрады, 4) ранейшыя ўмовы абавязковы. Поўнамоцныя прадстаўнікі літоўска-беларускай дзяржавы, якія зрабілі гэтыя ўмовы вуніі, далі клятву ўгаварыць усіх да замацаваньня гэтых умоў, але сойм адхіліў іх. Пытаньне аб вуніі падымаецца некалькі разоў. Справа пайшла хутчэй пасьля таго, як шляхецтва стала на бок прыхільнікаў вуніі. Шляхецтва ў Літоўска-Беларускай дзяржаве ня грала яшчэ домініруючай ролі; апошняя належала паном, якія карысталіся гэтым і атрымлівалі для сябе вялікую карысьць, займаючы вышэйшыя пасады і адпаведныя ім маёнткі. Беларуска-літоўскае шляхецтва думала праз вунію зраўняцца ў правох з польскім шляхецтвам, якое ў гэты час ужо кіравала сваёй дзяржавай. Да гэтага далучыліся прыватныя інтарэсы шляхты Падлясься і Валыні. Літоўска-беларуская шляхта ў 1562 г., сабраўшыся ў вайсковым таборы над Віцебскам, склала нешта падобнае на конфэдэрацыю, якая паставіла сабе мэтай дабівацца вуніі з Польшчай. Польшча таксама была зацікаўлена ў вуніі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст быў бязьдзетным. Была небясьпека, што пасьля яго сьмерці, літоўцы і беларусы выберуць на свой пасад маскоўскага князя. Падругое — польскае шляхецтва марыла, у выпадку ажыцьцяўленьня вуніі, атрымаць прасторы зямель, якіх у Польшчы не хватала, а да вуніі гэтаму перашкаджаў закон, па якому на ўрады і маёнткі мелі правы толькі „тубыльцы". Пасьля некалькіх пробаў, ня даўшых жадных рэзультатаў з прычыны розьніцы паглядаў на вунію беларускіх паноў, якія жадалі поўнай незалежнасьці і ўяўлялі сабе вунію толькі ў асобе агульнага гаспадара, і польскіх, якія хацелі інкорпорацыі Літвы і Беларусі ў карону польскую, нарэшце сабраліся ў 1569 г. на агульны сойм у Любліне. На сойме розьніца паглядаў выявілася вельмі рэзка, і літоўска-беларускім паны, убачыўшы, што іх пагляд ня пройдзе, паразьяжджаліся.

Тады пад націскам польскай шляхты, адчуваўшай нязгоду паміж літоўска-беларускім шляхецтвам і панамі, Жыгімонт Аўгуст далучыў да Польшчы Падлясьсе, Валынь, Кіеўшчыну і Падольле, г. зн. усе ўкраінскія землі і частку беларускіх. Пасьля гэтага, калі зьехаліся прадстаўнікі Літвы і Беларусі, ім нічога не заставалася, як падпісаць той акт, які ім запрапанавалі. Па умовах гэтага акту: 1) Літва і Беларусь маюць з Польшчай аднаго гаспадара, які носіць тытул караля польскага і вялікага князя літоўскага і рускага і выбіраецца на супольным сойме; 2) соймы для абедзьвюх дзяржаў супольныя і зьбіраюцца два разы на тэрыторыі Польшчы і адзін раз у Беларусі; 3) дагаворы і саюзы з другімі дзяржавамі заключаюцца толькі разам, таксама разам павінны весьціся агульна-дыплёматычныя зносіны; 4) уводзіцца адна монэта; 5) асобы шляхетнага стану і іх падданыя звальняюцца ад платы ўсякіх мыт і падаткаў пры продажы сваіх продуктаў дома або ў замежныя дзяржавы; 6) ад гэтага часу як паляком у Літве, так і літоўцам і беларусам у Польшчы, дазваляецца купляць маёнткі і займаць урады; усе законы і пастановы, што перашкаджаюць гэтаму, касуюцца; 7) урады і дыгнітарствы (дастоінствы), якія былі ў Літве і Беларусі да вуніі, застаюцца і пасьля вуніі; 8) усе законы і судовыя пастановы, правы і вольнасьці земскія, а таксама прывілеі прыватных асоб застаюцца ў моцы.

Па акту Люблінскай вуніі Літоўска-Беларуская дзяржава страціла сваю політычную незалежнасьць, але захавала значную долю самаўрадаваньня з сваімі цэнтральнымі ўрадамі і войскам, захавала сваё законадаўства — Літоўскі статут і сваю беларускую мову, як мову дзяржаўную.

Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай.[правіць]

Люблінская вунія па сваім рэзультатам мела ня толькі політычнае, але нацыянальнае і соцыяльнае значэньне. У склад Польшчы ўвайшоў народ іншае мовы і рэлігіі. Праўда, рэлігія ў вышэйшых польскіх і беларускіх станах, дзякуючы значнаму пашырэньню рэформацыйных сэктаў, зблізіла іх паміж сабой, але народныя беларускія масы цалком заставаліся ў сваёй старой веры. Розьніца вер перашкаджала болей сьцісламу збліжэньню двух народаў.

Гэта пытаньне ўжо непакоіла літоўска-беларускіх вялікіх князёў, бо ў самай Літоўска-Беларускай дзяржаве істнавалі два абрады: заходні — каталіцкі і ўсходні — грэцкі, або праваслаўны. Першы быў пашыран сярод пануючай зямлі літоўскай, другі — сярод беларусаў і ўкраінцаў. Згодна з прывілеем 1387 і 1413 гадоў, вышэйшыя ўрады маглі займаць паны каталіцкага вызнаньня, і гэтая пастанова была адменена толькі ў 1563 г. Для зьнішчэньня рэлігійнай розьніцы літоўска-беларускія князі Вітаўт і Казімір падымаюць пытаньне аб іх вуніі — аб'яднаньні, але іх імкненьні ня зьдзейсьніліся. Цяпер, пасьля політычнага злучэньня дзьвюх дзяржаў, паступова падымаецца пытаньне аб рэлігійным злучэньні, — тым болей, што па сваёй рэлігіі Беларусь збліжалася гэтым з варожай Маскоўшчынай, якая ўжо з Івана III абвесьціла, што „Белая Русь искони наша вотчына". Вялікая вайна з Маскоўшчынай аддала часова ў яе рукі значную частку Беларусі. Дзякуючы супольнай рэлігіі, уплывы Маскоўшчыны маглі яшчэ больш узмацавацца. Па думцы політыкаў, злучэньне рэлігійнае павінна было болей зблізіць беларускі і польскі народ і зьнішчыць сымпатыі і імкненьні беларусаў і ўкраінцаў да Маскоўскай дзяржавы. Праводнікамі гэтай ідэі ў жыцьцё былі езуіты, якія явіліся на Беларусь для змаганьня з рэформацыйнымі рухамі. Пасьля зьнішчэньня рэформацыі, яны ўзяліся за пропаганду вуніі.

Сярод праваслаўных вышэйшае духавенства само імкнулася да вуніі. Праз вунію яно жадала атрымаць сэнатарскія крэслы ў сойме і параўняць сваё становішча — як матар'яльнае, так і політычнае — з становішчам каталіцкіх біскупаў. Дзякуючы ўсім гэтым умовам, рэлігійная вунія была праведзена ў 1596 г. на Берасьцейскім царкоўным саборы. Аднак ні сэнатарскіх крэслаў, ні таго значэньня, якое мелі каталіцкія біскупы, вуніяцкае духавенства не атрымала. З другога боку, царкоўная вунія ня была прызнана вялікай часткай праваслаўнага насяленьня, але была зацьверджана ўрадамі, і з гэтае прычыны праваслаўная царква трапіла ў нелегальнае становішча. Такая дзейнасьць ураду прывяла да вынікаў зусім непажаданых. У Рэчы Паспалітай падымаецца шырокай хваляй рух рэлігійнага і нацыянальнага характару. Гэты рух становіцца масавым, дзякуючы таму, што ён найшоў соцыяльную аснову, соцыяльны грунт.

Грашовая гаспадарка, якая ўмацавалася ў Польшчы і ў Беларусі ў XVI—XVII ст., вызвала пашырэньне гаспадарчай продукцыі ў шляхецкіх маёнтках, а гэта адбілася на палажэньні сялянства. Усе гаспадарскія работы на панскіх палёх спаўняліся рукамі сялян. Для пашырэньня гаспадаркі і павялічэньня вырабу павялічваецца лік прыгонных дзён працы для селяніна. Замест 2-3 дзён, уводзіцца 4, 5 і 6. Там, дзе панскіх фальваркаў ня было, як, напрыклад, у Падняпроўскіх і Падзьвінскіх частках Беларусі, і дзе сяляне да гэтага часу займаліся промысламі, утвараюцца панскія маёнткі, і сяляне прымушаюцца да паншчыны, або прыгону. Гарады ў гэтыя часы дасягаюць вышэйшага росквіту. Вырастае значная кляса буржуазіі, і рамесьніцтва дае значную групу дробнай буржуазіі. Але гэты росквіт гандлю і рамёстваў і адпаведных яму групаў насяленьня ўжо бачыў свой канец. Справа ў тым, што шляхецтва ўжо з 50-х гадоў дабівалася права бязмытнага гандлю з замежнымі дзяржавамі і атрымала гэтае права з актам Люблінскай вуніі. Цяпер шляхціц меў значную экономічную перавагу ў параўнаньні з мяшчанствам: ён атрымаў права свабоднага вывазу вырабаў сваіх маёнткаў за межы і прывозу адтуль тавараў для свайго ўжытку. Разумеецца, гэта быў значны падрыў для мяшчанаў.

У політычных адносінах уся ўлада дасталася ў рукі шляхецтва, фактычна ўтварылася дыктатура шляхецкага стану. Толькі шляхецтва мела права выбіраць караля, выбіраць паслоў і быць выбраным у сойм, займаць вышэйшыя пасады і мець маёнткі. Абавязкам яго зьяўлялася толькі вайсковая служба ў паспалітым рушэньні. Пры такіх экономічных, соцыяльных, політычных і рэлігійных варунках лёгка зразумець прычыны зьяўленьня цэлага шэрагу паўстанцкіх рухаў з канца XVI і першай паловы XVII ст.

У гэтых рухах элемэнты соцыяльныя пераплятаюцца з рэлігійнымі, і вельмі часта прымаюць удзел групы грамадзянства з супярэчнымі інтарэсамі. Першае паўстаньне пачалося ў 1595 г. у Надпрыпяцкіх і Падняпроўскіх краінах на чыста соцыяльным грунце і было протэстам супроціў узмацненьня прыгону. Але змагацца збройнаю сілаю, дзякуючы моцы шляхецтва, было немагчыма. Сялянства шукае другога выхаду — яно ўцякае на Украіну, дзе далучаецца да казакоў.

Пры паўстаньнях на Украіне, адначасна, як водгук, падымаюцца паўстаньні і на Беларусі. Асабліва моцны паўстанцкі рух падняўся ў часы Багдана Хмяльніцкага. Паўстала ўся Надпрыпяцкая і Падняпроўская краіна да самага Магілёва. Пры гэтым удзел прыняло ня толькі сялянства, але і мяшчанства і, нават, дробнае шляхецтва. У гэтых паўстаньнях пераблыталіся ўсе элемэнты, нездаволеныя сваім становішчам тае ці іншае прычыны. Паўстаньне было прыдушана самым жорсткім спосабам. Шляхецтва перамагло і ўмацавала сваю дыктатуру.

Але, апроч паўстаньняў, барацьба нацыянальная і рэлігійная йшла і легальным шляхам. Вышэйшы стан беларускага грамадзянства — паны, шляхецтва і буйнейшае мяшчанства вельмі хутка абярнуліся ў каталіцкую веру і, атрымаўшы польскую адукацыю, паланізаваліся. Сярэдні стан — мяшчанства — выступае на абарону свае рэлігіі і нацыянальнасьці. Змаганьне вядзецца асобнымі організацыямі — брацтвамі — праз друк і школу.

Брацтвы—установы ў Беларусі даўнія; яны ўтварыліся пры царквох і былі саюзамі дзеля рэлігійных мэтаў. Вельмі часта цэхі рамесьнікаў організоўваліся ў брацтвы і мелі свайго патрона, у залежнасьці ад спэцыяльнасьці, у асобе якога-небудзь сьвятога. У канцы XVI ст. брацтвы перафармаваліся і сталі рэлігійна-нацыянальнымі саюзамі. Яны тады ўжо складаліся не па цэхах, а нават з розных станаў. Шляхецтва таксама ня чуралася брацтваў, але галоўным элемэнтам брацтваў былі рамесьнікі. Брацтвы ўтварыліся ў розных гарадох. Найболей вядомы Віленскае, Полацкае, Магілёўскае, Віцебскае, Менскае, Аршанскае, Мсьціслаўскае і інш. Брацтвы адчыняюць школы і друкуюць цэлы шэраг кніг на абарону сваёй веры і нацыі.

Ня гледзячы на гэтае змаганьне, перавага ў барацьбе пераходзіць на бок каталікоў, у якіх было больш матар‘яльных і культурных сродкаў. Самыя гарады перажываюць экономічны крызіс. Перамогшы соцыяльны рух сялянства, ня трудна было заціснуць культурны рух мяшчанства. Прыціск паступова павялічваецца. У 1697 г. мова беларуская у дзяржаўным ужытку, як дзяржаўная, замяняецца моваю польскаю. Правамоцны стан грамадзянства — шляхецтва — ужо да гэтага часу паланізаваўся, а з другімі станамі ніхто ня лічыўся. У 1712 г. быў выданы закон, па якому канцлеру забаранялася прыкладаць пячатку да актаў, чым-небудзь карысных для некаталікоў. Конфэдэрацыя 1732 г. зьнішчыла політычныя правы праваслаўнага шляхецтва, а ў 1766 г. забаронена, нават, гаварыць у сойме на карысьць дысыдэнтаў.

Такія акты самі па сабе сьведчаць аб якойсьці хворасьці дзяржавы. Такой хваробай зьявіўся клерыкалізм і дыктатура шляхецтва, скарыстаўшая сваю політычную гегемонію ў сваіх клясавых інтарэсах і давёўшая да зьбядненьня і заняпаду мяшчанства і гарады і поўнай няволі сялянства. Вынікам была політычная анархія — бязладзьдзе, скарыстанае суседзямі: Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй, падзяліўшымі рэч паспалітую паміж сабою.

Беларусь у складзе Расійскай імпэрыі.[правіць]

Пасьля трох падзелаў уся этнографічная тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай Імпэрыі. Пасьля першага падзелу 1772 году да Расіі адыйшлі ваяводзтвы: Магілёўскае, Мсьціслаўскае і частка Полацкага. З гэтых ваяводзтваў злажылася Магілёўская губэрня і тры провінцыі Пскоўскай — Дзьвінская, Полацкая і Віцебская. Насяленьне, жыўшае на гэтай тэрыторыі, складалася з наступных групаў: сялянства, належаўшае да дзяржавы — 199, 575 чал., сялянства, быўшае пад прыгонам шляхецтва — 316,322 чалав., шляхецтва — 5,521 чалавек, мяшчанаў у Магілёўскай губэрні — 39,328 мужчын і 39,435 жанчын і мяшчан провінцыі Пскоўскай губэрні - 49,078 чал. таго і другога роду. Усяго 649,259 чалав.[3]

Па другому падзелу Рэчы Паспалітай да Расіі перайшла Меншчына, з якой была ўтворана Менская губэрня. Насельнікаў: дзяржаўных сялян — 81,599. царкоўных і манастырскіх—111,921, сялян прыватных уласьнікаў—599,741. Усяго сялян 793,261.

Па трэцяму падзелу 1795 г. Расія атрымала заходнюю Беларусь, з якое злажыліся губэрні: Віленская і Слонімская (Горадзенская). Агульны лік насяленьня бяз шляхты — 796,333 мужчыны і 771,560 жанчын.

Такім чынам уся этнографічная Беларусь увайшла ў склад Расіі. Загадам, выданым для ведама ўсяго насяленьня, было абвешчана, што ўсе насельнікі карыстаюцца тымі самымі правамі, як і насельнікі самай Расіі. Для шляхецтва пераход пад уладу Расіі быў выгадным. У Расіі якраз тады быў самы росквіт паншчыны, і шляхецтва адчувае сябе амаль што лепей, чым у Польшчы. Становішча сялянства значна пагоршылася. Дзяржаўныя падаткі павялічыліся ў 6 разоў у параўнаньні з тымі, якія плаціліся ў скарб Рэчы Паспалітай. Зьмяніўся характар прыгону. Злажыўшыся гістарычны прыгон у Беларусі меў характар прымацаваньня да зямлі, а не да пана. З пераходам пад уладу Расіі, селянін становіцца прадметам гандлю бяз сувязі з зямлёй. Ня гледзячы на протэсты мясцовай адміністрацыі ў асобе гэн.-губ. Чарнышова, даказваўшага ў сваіх допісах цэнтральнаму ўраду аб адсутнасьці такога звычаю ў Беларусі, Сэнат зацьвердзіў гэта права за панамі і на тэрыторыі Беларусі, каб не рабіць розьніцы з другімі часткамі Расіі ў правох паноў. Асоба селяніна была аддана ў поўнае распараджэньне пана, які атрымлівае па закону 1773 г. права караць мужыка ўва ўсіх выпадках водле свайго пагляду. На пана мужык ня мае права падаваць, нават, скаргі ўраду пад страхам кары бізуном і высылкі ў Сыбір.

Становішча мяшчан таксама пагоршылася. У Беларусі быў значны лік гарадоў і мястэчак. Вялікая частка іх карысталася Магдэбурскім правам. Па загаду ўраду Кацярыны ІІ гэта права было зацьверджана за гарадамі, але адсутнасьць гэтага права у рускіх гарадох пазбавіла яго, гэтага права, і беларускія гарады. Мяшчане былі абложаны пагалоўнымі падаткамі, а затым у 1783 г. былі падзелены на 2 разрады: купцоў і мяшчан. Купцы плацілі падаткі з капіталу, а за мяшчанамі астаўлен пагалоўны падатак. У вайсковай павіннасьці мяшчане былі прыроўнены да сялян. Купцы і мяшчане жыдоўскага пахаджэньня загадам 1794 г. былі абложаны падвойным падаткам. Тым, хто не захоча застацца ў межах імпэрыі, дазволена было выехаць за межы дзяржавы пасьля выплаты трайнога падатку за тры гады. Устава аб губэрнях надала новую агульна-расійскую організацыю станавым купецка-мяшчанскім судом, а гарадзкое палажэньне 1785 году організавала па агульнарускаму прыкладу фінансава-адміністрацыйныя ўстановы гораду; што датычыць мястэчак, то гэта зьява была зусім новай для рускага ўраду і перад ім паўстала пагроза паншчыны. Загадам 3 мая 1783 г. у падатках мяшчане прыватна-ўласьніцкіх мястэчак былі прыроўнены да сялян.

Для жыдоўскага жыхарства была ўстаноўлена "мяжа аселасьці" і некаторыя абмежаваньні ў правох. Загадам Лізаветы 1742 г. жыдом у межах імпэрыі было забаронена жыць бязумоўна. Кацярына ІІ ў 1769 годзе дазволіла жыдом толькі часова сяліцца ў Новарасійскай губэрні, напалавіну яшчэ бязьлюднай. Пасьля першага падзелу Польшчы, у склад імпэрыі увайшло ўжо тубыльнае жыдоўскае насяленьне, складаўшае да 2 проц. усяго далучанага насяленьня. У першай абвестцы генэрал-губэрнатара было даклеравана захаваньне тых маёмасных і рэлігійных правоў, якімі жыды карысталіся да гэтага часу. Фактычна становішча жыдоў стала зусім іншым: у 1783 г. ім забаронена гнаць гарэлку, уводзіцца павялічаны пагалоўны падатак, а 23 сьнежня 1791 году было абвешчана, што „евреи не имеют никакого права записываться в купечество во внутренние российские города и порты". На аснове гэтага загаду Маскоўская гарадзкая ўправа зрабіла пастанову выселіць усіх жыдоў, якія жылі ў межах Маскоўскай губ., даўшы ім тэрмін у 8 месяцаў. Хадайніцтва беларускіх жыдоў, паданае праз гэн.- губэрнатара аб дазваленьні гандлю з гарадамі імпэрыі, як згоднае з гарадавым палажэньнем і не забароненае ў загадзе 1791 г., каторы забараняў сяліцца, а не вясьці гандаль, ня мела пасьпеху. Такім чынам была ўтворана недарэчная „Мяжа аселасьці".

З далучэньнем Беларусі зьявіліся грамадзяне ня толькі праваслаўнай веры, але і каталіцкай і вуніяцкай. Ня гледзячы на загад аб верацярплівасьці, шчырыя чыноўнікі пачалі пераводзіць, пэўна, не бяз прымусу, цэлыя натоўпы вуніятаў у праваслаўную веру. Пераход, аднак, не палепшыў соцыяльнага становішча сялян, якія аставаліся пад уладай свайго пана, хоць і другой веры. У кароткі пэрыяд да 3 міліёнаў вуніятаў Беларусі і Украіны былі далучаны да праваслаўнае царквы.

Агульны пагляд ураду Кацярыны ІІ на Беларусь быў як на краіну расійскую, і з гэтага пагляду праводзілася ўся політыка. З прычыны гэтага, замест Літоўскага статуту, было ўведзена Улажэньне 1649 г., устарэлае і вырасшае зусім на другім грунце.

У справах асьветы ўсё аставалася, як раней, апроч адчыненьня некалькіх расійскіх школ ва ўсходняй Беларусі.

З часоў Паўла І пагляд на Беларусь мяняецца. Урад лічыць Беларусь польскай краінай. Добрым вынікам гэтай перамены было аднаўленьне дзейнасьці даўнейшага беларускага права. Быў зноў уведзен Літоўскі статут. Пры Аляксандры І політыка не зьмянілася. Зьяўляецца думка аб адбудаваньні Рэчы Паспалітай, у склад якой павінна ўвайсьці і Беларусь. Ажыцьцяўленьню гэтага, аднак, перашкаджаюць пагляды консэрватыўных расійскіх колаў, якія стаялі па паглядах ураду Кацярыны ІІ. Затое адчыняецца магчымасьць для мясцовай культурнай працы.

У 1803 г. быў утворан Віленскі вучэбны вокруг, на чале якога становіцца паляк, князь А. Чартарыйскі. 18 мая 1803 году адчыняецца Віленскі ўніверсытэт. Ад універсытэту залежаць сярэднія школы, якіх было да 70. Большасьць школ была пад клерыкальным уплывам, і моваю выкладаньня была польская мова. Беларуская мова захоўваецца толькі ў школах вуніяцкіх. Для польскай культуры ў Беларусі адчыніліся шырокія прасторы, што прызналі ў свой час самі палякі, і паланізацыя Беларусі йдзе самым шырокім і шпаркім крокам. Аднак пры Віленскім універсытэце адчуваюцца і мясцовыя беларускія элементы, асабліва ў патайных гурткох, на чале якіх стаяць — спачатку А. Міцкевіч, потым Ян Чачот і др. Сябры гурткоў цікавяцца краязнаўствам працуюць у досьледах па краязнаўству і прафэсары Лукашэвіч, Шыдлоўскі, Голэмбецкі, Ярашэвіч, Нарбут, Даніловіч і інш.

З часоў Мікалая політыка мяняецца. Ужо ў часы вайны 1812 году палякі ўдзелам у арміі Наполеона і ў часовым урадзе на Беларусі пачалі выклікаць абурэньне з боку рускага ўраду. Затым была выяўлена сувязь політычных гурткоў Польшчы і Беларусі з паўстаньнем „Дзекабрыстых". Апроч гэтага, Мікалай І трымаўся зусім другіх паглядаў адносна Польшчы, чым Аляксандар І і Павал І. У 30 і 31 годзе ў Польшчы йдзе паўстаньне. Яно адбіваецца і ў Беларусі. Пасьля яго зьнішчэньня зьмяняецца і політыка на Беларусі.

У 1832 г. урад зачыніў Віленскі ўніверсытэт, апроч мэдыцынскага факультэту, праістнаваўшага пад назвай Акадэміі да 1842 г.; затым зачыняюць польскія і беларускія школы і замяняюць расійскімі; зачыняюць каталіцкія манастыры. У дзелаводзтве ўводзіцца расійская мова, уводзяцца і расійскія ўстановы і адмяняецца Літоўскі Статут. Вуніятаў цалком далучаюць да праваслаўнае царквы, і ўрэшце ў 1839 г. на саборы ў Полацку офіцыйна абвяшчаецца аб далучэньні вуніяцкай царквы да праваслаўнай.

Пачынаецца русіфікацыя краю; пры гэтым беларуская мова прасьледуецца яшчэ болей, чым польская.

Усе гэтыя перамены мала зачаплялі сялянскую масу, якая ня вучылася ў школах, не карысталася ўніверсытэтам і амаль што адна захавала сваю нацыянальнасьць. Болей закранула сялянскае жыцьцё вайна 1812 г. Яна рэквізіцыямі і грабяжамі зьнішчыла сялянскае дабро, але разам з гэтым яна падняла пытаньне аб прыгонным праве. Сяляне перастаюць слухаць сваіх паноў і разам з францускімі салдатамі разьбіраюць маёмасьць паноў. Пасьля выхаду французаў прыгон аднаўляецца. Паны стараюцца спагнаць свае страты. Паншчына прымае такія цяжкія формы, што прымушае ўрад умяшацца. Губэрнатары Беларусі даносяць цэнтральнаму ўраду, што сялянства замочана няволяй, бо яно не забясьпечана ад самаволі пана, што селянін працуе 6 дзён у тыдзень на пана і толькі ў нядзелю працуе на сябе. Губэрнатары баяцца ўзрыву народнай помсты і лічаць патрэбнай сялянскую рэформу. Асабліва цяжка было аддаваньне сялян падрадчыкам на розныя галоты, — напрыклад, земляныя. Часта паны гэтак аддавалі цэлыя вёскі. Урад прымушан быў умеркаваць гэта загадам аддаваць ня болей палавіны работнікаў з сям‘і і рэгуляваць падзел заработку паміж панам і селянінам. Наколькі гэта выконвалася пры поўнай бяспраўнасьці сялян вочавідна.

Насьпеўшая патрэба ў рэформе сялянскага жыцьця адбылася адначасна з усёй Расіяй. За сваю зямлю, якою сялянства карысталася спрадвеку, яно заплаціла выкуп, які быў на 25% і болей даражэй рыначнай цаны зямлі. Лік сялян, звольненых ад прыгону, быў: у Віцебскай губ.—283,900 чал., у Магілёўскай—305,800, у Менскай— 359,600, у Смаленскай—427,700 чал.

Лік зямлі, атрыманай сялянамі.

ГУБЭРНІ. Зямля ў дзесяцінах. % адносна да ўсёй плошчы зямлі.

Менская 2.084.200 28,5

Віцебская 1,491,900 40,4

Магілёўская 1.727,100 42,2

Смаленская 2,028.200 44,4

Пасьля рэформы значная частка сялян не магла пражывіцца з аднэй сваёй зямлі, большая частка якой, як паказваюць лічбы, папала ў рукі паноў. Процант сялян, атрымаўшх нездавальняючыя надзелы, быў вельмі значны. Па губэрнях раскладаўся так: Магілёўская г.—16,4%, Віцебская—38,1, Смаленская—55,2, Менская—57,3.

У той час, як праводзілася сялянская рэформа, у Польшчы паднялося паўстаньне, якое адбілася і на Беларусі. Мэтай паўстаньня было ўтварэньне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У Варшаве організаваўся паўстанцкі ўрад — „нарадовы жонд“. Такі-ж самы ўрад быў організаваны на Беларусі ў Вільні. У склад Віленскага „нарадовага жонду“ ўвайшлі прадстаўнікі ня толькі шляхецтва, але й болей радыкальныя элемэнты. Жонд разьбіўся на дзьве партыі—белых і чырвоных. Правадыром чырвонай групы быў Кастусь Каліноўскі. Ідэяй чырвоных было звальненьне Беларусі ня толькі ад уціску царскага ўраду, але і вызваленьне ад паноў. Паводле іх думкі, для ажыцьцяўленьня гэтай ідэі патрэбна адабраць усю зямлю ад паноў і перадаць працоўнаму сялянству. Такая праграма чырвоных настрашыла шляхецкіх прадстаўнікоў жонду, і яны адсунулі іх ад кіраваньня паўстаньнем. Паўстаньне, паднятае панамі, зусім ня было падтрымана сялянствам і хутка было зьнішчана. Тады чырвоныя, з Каліноўскім на чале, утвараюць свой чырвоны „жонд“. Але сялянства, якое бачыла да гэтага часу ў радах паўстанцаў паноў, не паверыла і прызыву чырвоных. Расійскі ўрад распускае сярод сялянства провокацыйныя чуткі, што паўстанцы хочуць вярнуць прыгон для сялян Беларусі. Чырвоныя, астаўшыяся адзінымі, пачалі асабісты тэрор супроціў здраднікаў — паноў і рускіх чыноўнікаў. Тады шляхецтва стала дапамагаць расійскаму ўраду лавіць чырвоных. Усё гэта канчаткова падрывае сілу паўстаньня, і большая частка чырвоных была захоплена ўрадам. Выданы адным шляхціцам, Каліноўскі быў злоўлен расійскім урадам, пакараны сьмерцю 7 красавіка 1864 г

Ня гледзячы на пасыўнасьць сялянства ў часы паўстаньня, становішча яго было вельмі дрэнным.

Недахват зямлі прымушаў селяніна шукаць прыробкаў, якія ён мог знайсьці ў маёнтках земляўласьнікаў-паноў, у працы па эксплёатацыі іх лясоў і нарэшце ў выезьдзе ў буйныя гарады, як Петраград, Рыга, Адэса і, нават, у Сыбір і Амэрыку. Аднак, для здавальненьня усіх патрэб уласнага жыцьця і выплаты выкупных плацяжоў у сялян сродкаў не хапала. Нядоімкі ў скарб растуць, і ўрад павінен іх зьменшыць у 1881 г. Але і гэта мала дапамагала, і зямельная цяснота вызывае цэлы шэраг сялянскіх паўстаньняў, якія выліліся ўрэшце ў рэволюцыю 1905 г., у каторай удзел сялян быў вельмі значны. Пад уплывам рэволюцыі ўрад адмяніў выкупныя плацяжы з 1 сьнежня 1907 г. Канчаткова вырашыла пытаньне аб зямлі толькі вялікая соцыяльная рэволюцыя, перадаўшая яе тым, хто на ёй працуе.


  1. Соболевский „Смоленско-Полоцкий говор.“
  2. Устава на волоки. Изд. Археогр. Ком. XXX т. Р. И. Б.
  3. Жукович. Сословный состав населения Западной России в царствованние Екатерины II