Да літоўска-беларускіх адносінаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да літоўска-беларускіх адносінаў
Публіцыстыка
Аўтар: Мікалай Шкялёнак
1939 год
Крыніца: Газэта «Беларускі Фронт», № 16 (50), 15 жніўня 1939 г., б. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да літоўска-беларускіх адносінаў.

У артыкуле Аб беларуска-літоўскіх адносінах („Б. Фр.“ № 14) мы разгледзелі тэрыторыяльныя прэтэнсіі Літвы да беларускіх абшараў. Цяпер спынімся над аргумэнтамі, на якіх літоўцы апіраюць свае жаданьні. Усе гэтыя аргумэнты зводзяцца, фактычна, да аднаго гістарычнага,—які выступае ў розных модыфікацыях. Першая яго фаза выявілася ўжо ў пачатковую пару літоўскага адраджэнскага руху, калі паўстала літоўская гісторыёграфія. Літоўскія гісторыкі, як Басановіч, Давойна-Сыльвэстровіч, выступілі на арэну гістарычнага дасьледаваньня жыцьця свайго народу з вялікім размахам. Яны захапілі літаральна ўсю гісторыю б. Вялікага Княства Літоўскага і ідэнтыфікавалі яго з паўстаючай „Новай Літвой“. Пагляды літоўскіх гісторыкаў перадаліся літоўскім паэтам, якія ў сваіх патрыётычных творах пісалі напр. аб Беларусі і далёкай Украіне як аб „кусках“ аднае Вялікае Літвы, што ізноў паўстае да жыцьця. З гледзішча гэтага размаху можна сказаць, што літоўскі адраджэнскі рух быў поўнай процілежнасьцю беларускаму.

Прэтэндуючы на ўсю гісторыю Вялікага Княства, новая Літва, ясна, прэтэндавала тэорэтычна і на ўсе належаўшыя да яго землі, тым больш, што панаваўшая ў XIX ст. тэорыя аб дагістарычных насельніках Беларусі казала, быццам уся Беларусь да прыходу беларускага народу, была заселена продкамі літоўцаў, якіх беларусы адсунулі на поўнач, займаючы іхнія сялібы. Як бачым, гэта першая фаза „гістарычнага аргумэнту“ абасноўвала літоўскія прэтэнзіі да беларускіх земляў дзяржаўнай прыналежнасьцю апошніх да Вялікага Княства Літ. і ў дапамогу паклікалася на літоўскі характар дагістарычнага насельніцтва Беларусі. Гэткі пагляд даваў магчымасьць літоўцам захапіць толькі бел. земляў, колькі яны хацелі.

Гэтая фаза скончылася тады, калі зьявіліся гістарычныя працы беларускіх гісторыкаў гэткай меры як М. Даўнар-Запольскі і М. Любаўскі. Дзякуючы іхнім капітальным досьледам над гісторыяй роднага краю, была аканчальна разьвеяна нарбутоўская мітолёгія, а гісторыя Вял. Кн. Літ. знайшла навуковае асьвятленьне. Было сьцьверджана, што Вял. Княства зьяўлялася гаспадарствам „рускім“ (беларускім) і было створана беларусамі. Працы Даўнар-Запольскага і Любаўскага дагэтуль лічацца найбольш об’ектыўнымі і грунтоўнымі з усей гісторыёграфіі аб Вялікім Княстве Літ. Утоесамленьне Вял. Кн. Літ. з „новай Літвой“ сталася немагчымым. Польскі гісторык Ф. Конэчны (Ateneum. Wil. roczn. IX. 1930) прапанаваў нават і вельмі трапна, на азначэньне таго, што ў гісторыі Вял. Кн. было зроблена не славянскай часткай яго насельніцтва, ўжываць назоў „Летува“, „летуўскі“ (як называюць сябе сяньня этногр. літоўцы), а не „Літва“, „літоўскі“, бо гэтыя апошнія ў Вял. Кн. Літ. адносіліся наўперад да беларусаў, што сьцьвердзілі іншыя дасьледчыкі. Адначасна архэолёгічныя раскопкі на тэрыторыі Беларусі ўсё больш пацьвярджалі, што бел. плямёны былі першабытнымі насельнікамі свайго краю і нават, што дарэчча Прыпяці было славянскай прарадзімай, скуль славяне разыходзіліся ў розныя бакі.

Дагістарычныя „ўладаньні“ літ. этногр. элемэнту ў сьвятле новых досьледаў усё больш корчыліся. У сувязі з гэтым зчэзлі літоўскія прэтэнзіі да бел. земляў на аснове дзяржаўнае прыналежнасьці іх да б. Вял. Княства, літоўцы моцна адступілі, але ня хочучы аканчальна зрэзыгнаваць з прэтэнзіяў і замкнуцца ў сваіх этнограф. граніцах, ахварбавалі гістарычны аргумэнт у новы колер і пусьцілі ў сьвет. Нарадзілася другая яго фаза, каторая пануе дагэтуль у літоўскім грамадзянстве. Паводле гэтай адмены літоўцы кажуць, што іхнія этнографічныя межы ў мінуўшчыне йшлі значна глыбей у бел. абшары і прынамся пакрываліся з тымі граніцамі, дзе цяпер жывуць беларусы-каталікі. А гэтыя граніцы больш менш пакрываюцца з тымі, якія бачым на літ. картах Вайчуляйтіса (гл. № 14 „Б. Ф.“). Літоўцы лічаць, што цяперашнія беларусы-каталікі—гэта па паходжаньню чыстыя літоўцы, але з цягам часу збеларушчаныя. Чыстымі беларусамі трэба лічыць толькі праваслаўных. Разважаньні гэтыя апіраюцца галоўна на тым, што беларусы куды раней прынялі хрысціянства ўсходняе і трымаліся яго, а літоўцы ахрысьціліся ў каталіцтва толькі ў 1387 г. і такжа моцна трымаліся сваей р.-кат. рэлігіі. Гэткім парадкам хоць з цягам часу значныя літ. абшары былі збеларушчаны, дык усёж рэлігія мае быць добрым паказчыкам, дакуль гэтыя абшары дахадзілі ў мінуўшчыне. На гэтым дапушчэньні, што беларусы-каталікі гэта толькі збеларушчаныя літоўцы і апіраюцца літ. прэтэнзіі да бел. земляў з Вільняй і Горадняй.

Яны маюць вярнуцца да Літвы і тады пачнецца іхняе адбеларушчаньне. Таму літоўцы не ўважаюць патрэбным дэкляраваць нейкую аўтаномію для земляў з каталіцкім бел. насельніцтвам. Проста пачалася-б рэвіндыкацыя ўкрадзеных душ, як яна адбываецца ў іншых краёх. І хоць гэты аргумэнт у новай форме ёсьць куды скрамнейшы ад папярэдняга, аднак і ён ня можа ўтрымацца ў сьвятле дасюлешніх навуковых дадзеных. Бо калі хоць на хвіліну пагадзіцца з літоўскім паглядам, што беларусы былі толькі праваслаўнымі, тады трэба раз назаўсёды адкінуць літоўскія прэтэнзіі да Горадні і Вільні, бо гэтыя гарады заложаны праваслаўнымі беларусамі.

Што да Горадні, дык апошнія раскопкі Ёдкоўскага ўстанавілі, што Горадня была „рускім“ (беларускім) горадам ад свайго пачатку і што ўжо ў XII ст. тут былі праваслаўныя мураваныя цэрквы! Дапушчэньне Лаўмянскага, быццам Горадня была спачатку літоўскім аселішчам і толькі ў XV ст. сталася горадам, аказалася ні на чым не апёртай байкай. Няма ніякіх дадзеных, каторыя пацьвярджалі-б „літоўскі“ („летуўскі“) пачатак Горадні.

Што да Вільні, дык тут на карысьць беларусаў прамаўляюць ня толькі архэолёгічныя дадзеныя, але і пісьменныя дакумэнты. „Крывы горад“, дзе вядуцца раскопкі, як і назовы гары, дзе ён быў („Лысая“, „Крывая“, пакуль яе не замянілі на „гару Бэкеша“) сьведчаць цалком ясна, што тут ад пачатку было славянскае крывіцкае аселішча, што ёсьць згодным з весткай „Воскрэсенскага“ летапісу аб Вільні. Незалежна ад гэтага там, дзе цяпер ёсьць Бакшта, быў другі „рускі“ (беларускі) умацаваны горад. А калі зьвярнуцца да пісьменных дакумэнтаў аб Вільні, дык адразу робіцца ясным, што найстарэйшая частка Вільні, яе „сэрца“ была „рускай“ (беларускай і праваслаўнай. Гэтае „сэрца“ Вільні знаходзілася ў абрубе даўнейшых віленскіх муроў, якія паводле М. Лаўмянскай („Wilno przed najazdem moskiewskim 1655 г.”) пачыналіся ад цяперашняй Катэдральнай званіцы і ішлі вуліцай Боніфратэрскай, Людвісарскай да Віленскай, потым між Пазнанскай і Жэлігоўскага і, не даходзячы да Завальнай, беглі ўздоўж яе да Конскай, потым па Базыльянскай да Субача, скуль да мосту праз Віленку пры Мэтрополітальнай царкве; згэтуль ішлі ўздоўж Віленкі да мосту пры Бэрнардынскім касьцеле, дзе і канчаліся, бо далей места забясьпячала Віленка аж да замку. У гэтай „рускай“ частцы Вільні было 10 цэркваў, з якіх бальшыня зьявілася надоўга перад касьцёламі. Тут канцэнтравалася ўсё жыцьцё гораду. Найдаўнейшыя касьцёлы былі тут збудаваны толькі ў канцы XIV ст. (Катэдра і Сьв. Мікалая, які абслугоўваў каталіцкіх „гасьцей“ (купцоў, пераважна немцаў). Назовы брамаў у мурох — Субача, Вострая, Спаская, Рудніцкая (ад слова „Руднікі“), Татарская, Вялейская, Бэрнардынская і Магдалены (дзьве апошнія выступаюць пазьней), як і вуліц з „завулкамі“ (Вялікая, Замковая, Зарэчная, Савіча (сяньня Бакшта), Спаская (сяньня Міласэрная), Рудніцкая, Конская, Філіпаўская (сяньня Гаона), Прачысьценская (сяньня Мэтрополітальная), Цялячча (сяньня Людвісарская), Скапоўка (ад слова „капа“, „скапіцца“, што азначала месца, дзе зьбіраўся копны суд, а не ад нейкага баламутнага „smoka”, як выводзе Клос у сваім правадніку па Вільні, бо ў беларускіх местах да ўвядзеньня майтборскага права судоўніцтва знаходзілася ў руках г. зв. копных судоў) і іншыя — гавораць самі за сябе. Нічога „летуўскага“ тут знайсьці не магчыма. Гэтак выглядае справа Горадні і Вільні, нават калі пагадзіцца з цяперашнім літоўскім пунктам гледжаньня аб літоўскім паходжаньні беларусаў-каталікоў.

Але літоўскае гледзішча ёсьць памылковым з іншых прычын. Наўперад трэба адкінуць думку аб масавай беларусізацыі літоўцаў на працягу гісторыі. Калі частка літоўцаў і зьбеларушчылася, дык, адносна, вельмі малая і то там, дзе літоўцы жылі зьмяшаныя з беларусамі. Раскопкі ведзеныя ў Дзісеншчыне, Пастаўшчыне, Вільні і Горадні даказалі ўсюды наяўнасьць славянскага (крывіцкага) насельніцтва на мясцох раскопак ад найранейшай пары гісторыі. Гэткім парадкам зьбіваецца пагляд, быццам этнографічная літоўская мяжа даўней праходзіла значна больш на поўдзень (Паставы — Маладэчна — Ваўкавыск — Слонім, да якой мяжы больш менш дахадзіла бел. насельніцтва паводле Лаўмянскага, а за якой на поўнач ляжалі або абшары заселеныя літоўцамі, або пустыя). Магчыма, што далейшыя раскопкі выявяць наяўнасьць крывічоў далей на паўночны захад ад Вільні, Горадні, Пастаўшчыны і Дзісеншчыны і зблізяць этнографічную мяжу між беларусамі і літоўцамі, існаваўшую ў мінуўшчыне, да сучаснай. Як-бы там ня было, трэба думаць, што ў некаторых мясцох уздоўж сучаснай этногр. беларуска-літоўскай мяжы ляжалі, як дапушчае Лаўмянскі, незаселеныя пушчы. З цягам часу гэтыя пушчы калянізаваліся з абодвух бакоў — літоўскага і беларускага. Паўставалі мяшаныя абшары. Ня былі яны аднак гэткімі шырокімі, як думае Лаўмянскі, бо вузкасьць іх пацьвярджаюць раскопкі. Толькі на гэтых мяшаных абшарах літоўскае насельніцтва беларушчылася, бо было слабейшым ад беларускага лічбова, ня кажучы ўжо аб нішшасьці культурнай і палітычнай. Гэткім парадкам у сьвятле навейшых навуковых дадзеных выключаецца магчымасьць беларушчаньня ў мінуўшчыне суцэльных этнографічна літоўскіх абшараў. Там, дзе літоўцы зьбеларушчыліся, яны напэўна былі мяншынёй у параўнаньні з беларусамі. Ужо гэта выключае магчымасьць залічаньня абшараў заселеных цяпер беларусамі-каталікамі да некалішніх этнагр. літоўскіх, а самых беларусаў-кат. лічыць зьбеларушчанымі літоўцамі. Але калі прасачыць гісторыю пашырэньня ў Беларусі каталіцтва, дык і тады будзе ясным, што каталіцтва прыймалі і праваслаўныя беларусы, а ў XVII ст. нават масава. На прыкладах беларус. магнатаў і баярства гэта выступае з асаблівай яснасьцю. Й магнаты і баяры, перайшоўшыя з праваслаўя ў каталіцтва, завадзілі апошняе ў сваіх вялікіх земляўладаньнях з беларус. насельніцтвам. У канцы зусім ня выключана, а нават і пацьвярджаецца жароламі, што і ў 1387 г., калі быў каталіцкі хрост літоўцаў, мноства праваслаўных, а значыцца беларусаў, такжа перахрысьцілася ў каталіцтва. Гэткім парадкам каталіцтва пашыралася ў нас адразу ня толькі між літоўцамі, але і беларусамі. Шляхі пашырэньня каталіцтва на землях б. Вял. Княства, прычыны гэтага зьявішча і ягоны абсяг зусім не прадстаўляюцца гэтак проста, як думаюць літоўцы і таму залічваньне ўсіх беларусаў-каталікоў да літоўцаў з паходжаньня ёсьць абсалютна безасноўным. І як ня можа апраўдаць літоўскіх прэтэнсіяў да бел. земляў першая адмена гістарычнага аргумэнту, гэтак сама ня можа іх апраўдаць і другая, толькі што разгледжаная.

Гэтак прадстаўляецца звялікшага літоўская аргумэнтацыя. Трэба сказаць, што літоўскую старану ўвяло ў абмылку не ў малой ступені імкненьне мерыць „літоўскасьць“ Вял. Княства сучасным сэнсам гэтага слова. А тымчасам гэтыя два паняцьці літоўскасьці (даўней і цяпер) зьяўляюцца проста нясумернымі. Таму меў поўную рацыю праф. Конэчны, калі прапанаваў назваць тое, што было зроблена этнографічнымі жмудзінамі і аўкштотцамі (цяперашнімі літоўцамі) ў мінуўшчыне, „летуўскім“, а не літоўскім! Толькі пры гэткім размяжаваньні гэтых тэрмінаў гісторыя „Летувы“ атрымае правільнае асьвятленьне, якое выключыць і „гістарычнае“ абасноўваньне літ. пратэнсіяў да бел. земляў і зробіць для собскага народу зразумелым яго гісторыю. Калі зірнуць вокам на эволюцыю навейшай літ. гісторыёграфіі, дык, здаецца, што яна хоць і пад прымусам, але ідзе ў гэтым кірунку.

М. Ш.