Першая навука Закону Божага (1936)/Да дзяцей/Гутарка аб Богу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уступная гутарка з дзяцьмі Гутарка аб Богу
Падручнік Закону Божага
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год
Навучаньне малітваў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гутарка аб Богу.

Бог ёсьць дух нявідочны. Бог адзін, але ў трох асобах: першая асоба — Бог Ацец, другая — Бог Сын, трэцяя — Бог Дух Сьвяты, Тройца Адзінаістотная і Неразьдзельная. Мы павінны імкнуцца да пазнаньня Бога, Яго любіць і праслаўляць. Усё трэба рабіць дзеля славы Божай, у Імя Божае. Таму хрысьціся і маліся кожнаго дня.
Бог нас бязконца любіць. Бог Ацец паслаў на зямлю Свайго Адзінароднага Сына, Госпада нашага Іісуса Хрыста дзеля спасеньня людзей. Бог Сын прыходзіў на зямлю, вучыў людзей, як жыць багабойна. За грэшнае чалавецтва Ён быў мучаны і памёр, потым уваскрос, узьнесься на неба і паслаў на зямлю веруючым людзям Духа Сьвятога. Дух Сьвяты заўсёды з намі ў Царкве Сьвятой. Ён нас кіруе на дабро, навучае, спацяшае, ачышчае ад грахоў і збаўляе нашыя душы. Яму мы павінны пастаянна маліцца.
Бога мы ня бачым і бачыць ня можам, бо Ён ёсьць Дух, духоўная, бесьцялесная Істота. Ня было такога часу, калі Бога ня было, й ня будзе часу, калі Бога ня будзе. Бог як заўсёды існаваў, так і будзе заўсёды існаваць. Дзеля гэтага мы і называем Бога вечным, г. ё. заўсёды існуючым.
Бог поўны усякай дабраты і робіць нам адно толькі дабро. Нават гора, бяду, няшчасьці пасылае на нас дзеля нашай карысьці, таму мы называем Бога ўсядобрым, г. ё. вельмі добрым, міласьцівым.
Бог ведае ўсё, што было, што ёсьць і што будзе. Ён ведае ня толькі тое, што мы робім ці гаворым, але нават што думаем. Дзеля таго мы й называем Бога усяведаючым, г. ё. ўсё знаючым.
Бог поўны усякай праўды: няма ў Ім ніякаго недастаку, ніякаго граха. Сам поўны праўды, Ён і ў людзях любіць адну толькі праўду, кіруецца праўдай і кожнаму дае паводле ўчынкаў яго: добрых людзей награджае, а благіх карае. Дзеля гэтаго мы мы называем Бога ўсеправедным, г. зн. сьвятым і правасудным.
Бог усё можа зрабіць, што захоча. Для Яго няма нічога немагчымага. Так, напрыклад, захацеў Ён па дабраце Сваёй стварыць сьвет, і стварыў яго з нічога, адным словам Сваім. Таму называем мы Бога ўсемагутным.
Бог усюды знаходзіцца. Няма месца, дзе-б Бога ня было і нікуды мы ня можам ад Яго схавацца. Дзеля гэтага завём мы Бога паўсюдным, г. зн. усюды прабываючым.
Бог ніколі не мяняецца ў істоце Сваёй, у Сваіх дзеяньнях і жаданьнях. Якім быў Бог спрадвеку, такім Ён цяпер, такім застанецца на заўсёды. Дзеля гэтага называем мы Бога нязьменным.
Бог нічога не патрабуе, — наадварот, Сам дае ўсім істотам жыцьцё і ўсё для іх неабходнае, і таму завём мы Бога ўсездаволеным.
Бог ня знае ніякае тугі, ніякага гора, Ён заўсёды шчасьлівы. Дзеля таго мы і называем Бога ўсеблажэнным, г. зн. шчасьлівым.
Была пара, калі гэтага сьвету ня было: ня было ні нашай зямлі, ні сонца, ні месяца, ні зорак на небе. Усё гэта, ўвесь гэты сьвет створаны Богам, па Яго дабраце, сілаю Яго магутнасьці. Дзеля гэтаго мы называем Бога Тварцом сьвету.
Стварыўшы сьвет, Бог не пакідае яго без Свае апекі, але заўсёды апякуецца ім (прамышляе аб ім), сьцеражэ яго, і ўсё створанае Ім кіруе на добрае. Дзеля гэтага мы называем Бога Апякуном (Прамысьліцелем) сьвету.

Гэтак, мы, хрысьціяне, веруем, што Бог ёсьць Дух вечны, ўсядобры, ўсяведаючы, ўсеправедны, ўсемагутны, паўсюдны, нязьменны, ўсездаволены, шчасьлівы. Ён — Тварэц і Апякун сьвету.