Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а яна… сваволіць і дурыцца па-ранейшаму. Але цяпер я спадзяюся, што вы не станеце асуджаць яе вельмі строга; а яна хоць і прытвараецца, што ёй усёроўна, — думкай кожнага даражыць, вашай-жа ў асаблівасці.

І Гагін зноў усміхнуўся сваёй ціхай усмешкай. Я моцна сціснуў яму руку.

— Усё нічога, — загаварыў зноў Гагін: — але з ёю мне бяда. Порах яна сапраўдны. Да гэтага часу ёй ніхто не спадабаўся, але бяда, калі яна пакахае каго! Я іншы раз не ведаю, што з ёй і рабіць. Днямі яна вось што ўздумала: пачала раптам запэўняць мяне, што я да яе стаў халадней ранейшага, і што яна аднаго мяне кахае і век будзе аднаго мяне кахаць… І пры гэтым так расплакалася…

— Дык вось што… — прагаварыў было я, і прыкусіў язык.

— А скажыце вы мне, — запытаў я ў Гагіна: — справа між намі пайшла на адкрытую, — няўжо, на самай справе, ёй да гэтага часу ніхто не падабаўся? У Пецербургу бачыла-ж яна маладых людзей?

— Яны-ж вось ёй і не падабаліся зусім. Не, Асі патрэбен герой, незвычайны чалавек — або жывапісны пастух у горных цяснінах. А зрэшты, я загаварыўся з вамі, затрымаў вас, — дадаў ён, устаючы.

— Паслухайце, — сказаў я: — пойдзем да вас, мне дадому не хочацца.

— А работа ваша?

Я нічога не адказваў, Гагін добрадушна ўсміхнуўся, і мы вярнуліся ў Л. Убачыўшы знаёмы вінаграднік і белы домік наверсе гары, я адчуў нейкую асалоду — іменна, асалоду на сэрцы: быццам мне цішком мёду туды налілі. Мне стала лёгка пасля расказу Гагіна.

ІХ

Ася сустрэла нас на самым парозе дома; я зноў чакаў смеху; але яна вышла да нас уся бледная, маўклівая, з апушчанымі вачыма.

— Вось ён зноў, — загаварыў Гагін: — і, заўваж, сам захацеў вярнуцца.

Ася запытальна паглядзела на мяне. Я ў сваю чаргу працягнуў ёй руку і на гэты раз моцна паціснуў яе халодныя пальчыкі. Мне стала вельмі шкада яе; цяпер я многае разумеў у ёй, што раней збівала мяне з толку: яе ўнутраная трывога, няўменне трымаць сябе, жаданне парысавацца, —