Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ехаў, паплёўся ён пехатою па дарозе да пастаялага двара. Не паспеў ён яшчэ адыйсці першай вярсты, як раптам пачуў побач з сабою стук калёс.

— Акім, Акім Сямёныч, — клікаў яго хтосьці.

Ён падняў вочы і ўбачыў свайго знаёмага, прыхадскога дзячка Яфрэма, празванага Кротам, маленькага, згорбленага чалавечка, з вострым носікам і сляпымі вочкамі. Ён сядзеў у дрэннай драбінцы на камячку саломы, у перадку.

— Дадому, ці што, ідзеш? — запытаўся ён у Акіма.

Акім спыніўся.

— Дадому.

— Хочаш, падвязу?

— Ну добра, падвязі.

Яфрэм адсунуўся ўбок, і Акім ускочыў да яго ў драбінку. Яфрэм, які быў, здавалася, пад чаркай, пачаў сцябаць свайго коніка канцамі вяровачных лейцаў; ён пабег стомленым трушком, увесь час патузваючы незацугленай мордай.

Яны праехалі з вярсту, не сказаўшы адзін другому ні слова. Акім сядзеў, нахіліўшы галаву, а Яфрэм так толькі бурчэў штосьці сабе пад нос, то паганяючы, то стрымліваючы каня.

— Куды-ж гэта ты без шапкі хадзіў, Сямёныч? — нечакана запытаўся ён у Акіма, і, не чакаючы адказу, прадаўжаў упоўголаса: — у завядзенні пакінуў, мабыць. Пітух ты; я цябе ведаю, і затое люблю, што пітух; ты не біяка, не буян, не напраслівы; домабудаўнік ты, але пітух, і такі пітух — даўно-б пара цябе пад начала за гэта, далібог; таму, гэта справа паганая… Ура! — закрычаў ён раптам на ўсё горла: — ура! ура!

— Пачакайце, пачакайце, — пачуўся непадалёку жаночы голас: — пачакайце!

Акім азірнуўся. Да воза бегла цераз поле жанчына, да таго бледная і растрапаная, што ён яе адразу не пазнаў.

— Пачакайце, пачакайце, — прастагнала яна зноў, задыхаючыся і махаючы рукамі.

Акім схамянуўся: гэта была яго жонка.

Ён хапіў лейцы.

— А чаго спыняцца, — замармытаў Яфрэм: — дзеля бабы спыняцца? Ну-у!

Але Акім крута спыніў каня.

У адзін момант Аўдоцця дабегла да дарогі і так і павалілася проста тварам у пыл.

— Баценька, Акім Сямёныч, — закрычала яна: — ды і мяне-ж ён выгнаў!