Старонка:Домбі і сын.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ральныя хвіліны? Або вы думаеце, Джон Каркер, што ваша імя выклікае давер'е і канфідэнцыяльнасць з боку каго-небудзь?

— Не, — адказваў той. — Не, Джэймз. Бачыць бог, што гэтага я не думаю.

— Што-ж вы ў такім выпадку, думаеце? — сказаў, брат, — і чаму вы мне надакучаеце? Або вы яшчэ мала мне нашкодзілі?

— Я ніколі не шкодзіў вам наўмысна, Джэймз.

— Вы мой брат, — сказаў загадчык. — Гэта ўжо само сабою шкодзіць мне.

— Хацелася-б мне, каб я мог гэта змяніць, Джэймз.

— Хацелася-б мне, каб вы маглі і змянілі.

У часе гэтай размовы Уолтэр са смуткам і здзіўленнем пераводзіў позірк з аднаго брата на другога. Той, хто быў старэйшым па гадах і малодшым у фірме, стаяў з апушчанымі вачыма і схіленай галавой, пакорліва выслухоўваючы папрокі другога.

Уолтэр, велікадушны і парывісты ў сваіх пачуццях, лічачы сябе мімавольным вінавайцам гэтых здзекаў, умяшаўся ў размову з усёй уласцівай яму палкасцю.

— Містэр Каркер, — сказаў ён, звяртаючыся да загадчыка, — дапраўды-ж, дапраўды-ж, вінен я адзін. З нейкай неасцярожнасцю, за якую не ведаю, як і лаяць сябе, я, напэўна, упамінаў аб містэры Каркеры-малодшым значна часцей, чым было патрэбна, і іншы раз дапускаў, каб яго імя зрывалася з майго языка, хоць гэта супярэчыла выкананаму вамі жаданню. Але гэта была выключна мая віна, сэр. Пра гэта мы ніколі ні слова не гаварылі, ды і наогул вельмі мала гаварылі аб чым-бы там ні было. І з майго боку, сэр, — памаўчаўшы, дадаў Уолтэр, — гэта была не простая неасцярожнасць; я адчуў цікавасць да містэра Каркера, як толькі трапіў сюды, і іншы раз не мог стрымацца, каб не загаварыць пра яго, калі я столькі аб ім думаю!

Гэта вырвалася ў Уолтэра з глыбіні сэрца і было поўна благародства.

— Кажучы праўду, вы не цураліся, містэр Каркер, — сказаў Уолтэр, у якога слёзы выступілі з вачэй, такім шчырым было яго спачуванне. — Я гэта ведаю, на вялікі мой жаль і засмучэнне. З таго часу, як я ўпершыню прышоў сюды, я, дапраўды, стараўся быць вашым сябрам, паколькі можна прэтэндаваць на гэта ў мае гады; але нічога разумнага з гэтага не вышла.

— І заўважце, Гэй, — шпарка перапыніў яго загадчык, — што яшчэ менш выйдзе толку, калі вы па-ранейшаму будзеце навязваць людзям імя містэра Джона Каркера. Гэтым не дапаможаш містэру Джону Каркеру. Запытайцеся ў яго, ці так гэта на яго думку.

— Гэта не паслуга мне, — сказаў брат. — Гэта прыводзіць толькі да такіх размоў, як цяпер, без якіх я, вядома, мог-бы абыйсціся. Толькі той можа быць мне сябрам, — тут ён загаварыў раздзельна, нібы хацеў унушыць гэта Ўолтэру, — хто забудзе