Старонка:Домбі і сын.pdf/321

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тана. Пра карабль Уолтэра ўсё яшчэ не было ніякіх вестак. Не было ніякіх звестак і пра старога Соля Джылса, Фларэнс нават не ведала аб знікненні старога, а капітан Катль не адважваўся ёй сказаць. Сапраўды, з таго часу, як надзея на выратаванне велікадушнага, прыгожага, смелага юнака, якога ён па-свойму, грубавата, любіў з ранняга яго дзяцінства, пачала патухаць і патухала з дня на дзень, — капітан са смуткам праганяў ад сябе думку пра размову з Фларэнс. Калі-б сумленны капітан мог прынесці ёй добрыя весткі, ён не пабаяўся-б увайсці ва ўноў адрамантаваны і надзвычай добра мэбляваны дом — хоць гэты дом, у сувязі з бачанай ім у царкве лэдзі, навяваў на яго жах — і з'явіўся-б да Фларэнс. Але калі цёмныя хмары засланілі іх агульныя надзеі і згушчаліся з кожнай гадзінай, капітану здавалася, нібы для яе ён з'яўляецца крыніцай новых няшчасцяў і засмучэння і візіта Фларэнс ён баяўся не менш, чым самой місіс Мак-Стынджэр.

Быў халодны, цёмны асенні вечар, і капітан Катль загадаў запаліць у каміне ў маленькай задняй гасцінай, якая больш, чым калі-небудзь, была падобна цяпер да каюты. Ліў дождж, і дзьмуў моцны вецер; прайшоўшы праз адчыненую ўсім вятрам спальню свайго старога сябра, капітан падняўся на дах дома даведацца, якое надвор'е, і сэрца ў яго замерла, калі ён убачыў, як непагодліва і безнадзейна навакол.

Павярнуўшы твар насустрач рэзкаму ветру і косаму дажджу, капітан Катль пазіраў на цяжкія воблакі, якія шпарка імчаліся над награмаджэннем дахаў, і дарэмна шукаў больш вясёлага малюнку. І навакол яго самога відовішча было не лепшае. У шматлікіх скрынках з-пад чаю і розных банках чулася ля яго ног варкатанне галубоў Роба Тачыльшчыка, падобнае да жалобнага стогну ўскручанага брыза[1]. Расхістаны флюгер — мічман з тэлескопам ля вока, які калісьці быў відаць з вуліцы, але даўно ўжо заслонены цаглянай сцяной, — скрыпеў і скардзіўся на сваім заржаўленым шпяньку, калі парыў ветру прымушаў яго круціцца і вёў з ім ліхую гульню. На грубым сінім жылеце капітана халодныя дажджавыя кроплі трапяталі, як стальныя пацеркі; і ён, сагнуўшыся, ледзь мог устояць на нагах пад націскам жорсткага паўночна-заходняга ветру, які налятаў на яго з цвёрдым намерам перакуліць за парапет[2] і выкінуць уніз на брук. Калі ў гэты вечар яшчэ аставалася жывой нейкая Надзея, разважаў капітан, прытрымліваючы капялюш, яна, зразумела, сядзела дома і не паказвалася на вуліцы; і капітан, сумна ківаючы галавою, пайшоў яе шукаць.

Капітан Катль павольна спусціўся ў маленькую заднюю гасціную і, усеўшыся ў сваё крэсла, пачаў шукаць яе ў каміне; але

  1. Брыз — лёгкі ветрык.
  2. Парапет — пярылы, парэнчы.