Старонка:Домбі і сын.pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Але мы па-ранейшаму жывем, — сказаў наведвальнік, няўважліва пацёршы лоб рукою і задуменна барабанячы пальцамі па стале, — па-ранейшаму жывем, не адступаючы ад заведзенага парадку, з дня на дзень, і не можам ні заўважыць, ні прасачыць гэтых змен. Яны… яны належаць да метафізікі. Нам… нам нехапае для іх вольнага часу. У нас… у нас няма мужнасці. Гэтаму не навучаюць у школах і каледжах, і мы не ведаем, як за гэта ўзяцца. Адным словам, мы вельмі дзелавыя людзі, — сказаў джэнтльмен, падыходзячы да акна і зноў варочаючыся і сядаючы з выглядам надзвычай незадаволеным і разгневаным.

— Дапраўды-ж, — прадаўжаў джэнтльмен, зноў пацёршы сабе лоб і барабанячы пальцамі па стале, — у мяне ёсць падставы думаць, што такое аднастайнае жыццё, з дня на дзень, можа пагадзіць чалавека з чым хочаш. Нічога не бачыш, нічога не чуеш, нічога не ведаеш; гэта факт. Мы прымаем усё, як нешта само сабою зразумелае, так і жывем, і ўрэшце ўсё, што мы робім — добрае, дрэннае або нязначнае, — мы робім па прывычцы. Толькі на прывычку я і магу спаслацца, калі давядзецца мне апраўдвацца на смяротнай пасцелі перад сваім сумленнем. «Прывычка, — скажу я, — я быў глухі, нямы, сляпы і няздольны на мільён рэчаў па прывычцы». — «Сапраўды, гэта вельмі дзелавое тлумачэнне, містэр, як вас там завуць, — скажа Сумленне, — але тут яно не дапаможа!»

Джэнтльмен устаў, зноў падышоў да акна і вярнуўся, не на жарты ўстрывожаны, хоць гэта трывога і выяўлялася своеасабліва.

— Міс Херыет, — сказаў ён, сядаючы на крэсла, — я хацеў-бы, каб вы дазволілі мне быць вам карысным. Паглядзіце на мяне: выгляд у мяне павінен быць сумленны, бо я ведаю, што цяпер я сумленны. Праўда?

— Так, — з усмешкай адказала яна.

— Я веру ўсяму, што вы сказалі, — прадаўжаў ён. — Я толькі дакараю сябе за тое, што гэтыя дванаццаць год я мог ведаць і бачыць гэта і ведаць і бачыць вас, і, аднак, не ведаў і не бачыў. Бадай ці мне вядома, як я наогул прышоў сюды, я, нявольнік не толькі маіх уласных прывычак, але прывычак іншых людзей! Але гэта зроблена. Дазвольце мне зрабіць што-небудзь для вас. Я прашу з усім сумленнем і павагай. Вы на дзіва натхняеце мяне і на тое і на другое. Дазвольце мне што-небудзь зрабіць.

— Нам нічога не патрэбна, сэр.

— Бадай ці так, — запярэчыў джэнтльмен. — Думаю, што гэта не зусім правільна. Ёсць сякія-такія маленькія радасці, якія маглі-б падправіць ваша жыццё і яго. І яго! — паўтарыў ён, думаючы, што ўразіў яе. — Я па прывычцы сваёй думаў, што для яго нічога нельга зрабіць, што ўсё вырашана і скончана, — адным словам, зусім аб гэтым не думаў. Цяпер я думаю інакш. Дазвольце мне зрабіць што-небудзь для яго. Ды і вам, — дадаў