Старонка:Домбі і сын.pdf/402

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ганарлівасці, якой ён пакрываўся, зрабілася болыш гнуткай ад няспынных сутычак з высокамернай пагардай і абурэннем.

У сваіх дачыненнях да першай жонкі містэр Домбі, халодны і велічна-ганарысты, трымаўся як нейкае вышэйшае стварэнне і бадай ці не лічыў сябе такім. Для яе ён быў «містэрам Домбі», калі яна ўпершыню яго ўбачыла, і астаўся «містэрам Домбі», калі яна памерла. Ён сцвярджаў сваю велічнасць на працягу ўсяго іх супольнага жыцця, і яна пакорна яго прызнавала. Ён захаваў за сабой сваё высокае становішча на троне, а яна — сваё скромнае месцечка на ніжняй яго ступеньцы, і добра было яму, які аддаўся ў рабства адзінай ідэі. Ён думаў, быццам ганарлівасць другой яго жонкі злучыцца з яго ганарлівасцю, увальецца ў яе і ўмацуе яго велічнасць. Ён лічыў сябе больш ганарыстым, чым калі-б то ні было, калі яму спрыяе ганарлівасць Эдзіт. Яму і ў галаву не прыходзіла, што яна можа паўстаць супроць яго. А цяпер, калі ён пераканаўся, што яна паўстае на яго шляху на кожным кроку яго штодзённага жыцця, паварочваючы да яго сваё халоднае, задзірыстае і пагардлівае аблічча, ганарлівасць яго, замест таго каб звянуць або схіліць галаву пад ударам, пусціла новыя парасткі, зрабілася больш сканцэнтраванай і напружанай, больш панурай, сумнай і непадатлівай, чым калі-небудзь раней.

Здавалася, лёс асудзіў яго быць заўсёды гордым і магутным, заўсёды зняважаным і бездапаможным, калі ён павінен быць асабліва моцным. Каму суджана было ажыццявіць гэту волю лёсу?

Каму? Каму ўдалося заваяваць любоў яго жонкі таксама, як любоў яго сына? Хто была тая, якая абвясціла яму аб гэтай новай перамозе, калі ён сядзеў у цёмным кутку? Хто была тая, чыё адзінае слова дасягала мэты, якой ён не мог дасягнуць пры ўсім напружанні сіл? Хто была тая, пазбаўленая яго любові, клопатаў і ўвагі, якая квітнела і рабіла бліскучыя поспехі, тады як паміралі тыя, каму ён дапамагаў? Кім яна магла быць, як не той самай дачкою, на якую ён часта паглядаў збянтэжана ў часе яе сіратлівага дзяцінства, апанаваны страхам, што можа яе зненавідзець, і ў адносінах да якой яго прадчуванне збылося, бо ён ненавідзеў яе?

Так, і ён хацеў яе ненавідзець і ўмацаваў гэту нянавісць, хоць на яе яшчэ падаў часамі водбліск таго святла, у якім яна з'явілася перад ім у памятны вечар яго звароту з маладой жонкай. Ён ведаў цяпер, што яна прыгожая; ён не аспрэчваў таго, што яна грацыёзная і чароўная і што ён быў здзіўлен, калі яна з'явілася перад ім ва ўсёй чароўнасці сваёй жаноцкасці. Але нават за гэта ён яе вінаваціў. Аддаючыся панураму і нездароваму раздум'ю, няшчасны чалавек, смутна разумеючы сваё адчужэнне ад усіх людзей і несвядома імкнучыся да таго, што ўсё жыццё ад сябе адштурхоўваў, стварыў адваротнае ўяўленне аб сваіх пра-