Старонка:Домбі і сын.pdf/411

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Чорт як дзіўна, сэр! — шапнуў маёр містэру Домбі. — Справа дрэнь! Яна заўсёды апраналася надта лёгка. — Сам маёр быў захутаны да падбародка. — Але, гаворачы пра Джо, каго можа мець на ўвазе Дж. Б., калі не старога Джо Бегстока… Джозефа… вашага нявольніка… Джо, пані? Вось ён! Вось гэты чалавек! Вось сэрца Бегстока, пані! — усклікнуў маёр, моцна стукнуўшы сябе ў грудзі.

— Дарагая мая Эдзіт… Грэйнджбі… гэта надзвычайна дзіўна, — бурчліва сказала Клеапатра, — што маёр…

— Бегсток! Дж. Б.! — закрычаў маёр, бачачы, што яна стараецца ўспомніць яго прозвішча.

— Ну, гэта няважна, — сказала Клеапатра. — Эдзіт, любачка, як вам вядома, я заўсёды забывалася імёны… аб чым гэта я гаварыла?.. ах, так!.. надзвычай дзіўна, што столькі людзей хочуць мне наведаць. Я еду не надоўга. Я вярнуся. Дапраўды-ж, яны могуць дачакацца майго звароту!

Пры гэтым Клеапатра паглядала на ўсіх, хто сядзеў за сталом, і мела вельмі ўстрывожаны выгляд.

— Я не хачу гасцей… дапраўды-ж, я не хачу гасцей, — сказала яна, — маленькі адпачынак… і ўсё такое… вось што мне патрэбна. Дзёрзкія нягоднікі не павінны набліж да мяне, пакуль я не скіну гэтай здрантвеласці.

І, уваскрашаючы свае какетлівыя манеры, яна паспрабавала злёгку ўдарыць маёра веерам, але замест гэтага перавярнула кубак містэра Домбі, які стаяў зусім з іншага боку.

Адна толькі Эдзіт ні разу не ўзняла вачэй ні на каго з сядзеўшых за сталом, і яе як быццам не здзіўляла тое, што гаварыла і рабіла яе маці. Яна прыслухоўвалася да бязладнай гаворкі або, ва ўсякім выпадку, паварочвалася да маці, калі тая яе звала; паціху кідала ў адказ некалькі слоў, калі гэта было неабходна, а іншы раз перапыняла яе, калі тая пачынала гаварыць няскладна, або адным словам накіроўвала яе думку на той шлях, з якога яна збілася. Маці, якой-бы не была яна няўстойлівай ва ўсіх адносінах, аставалася пастаяннай у адным: яна ўвесь час сачыла за дачкой. Яна пазірала на цудоўны твар, нерухомы і строгі, нібы высечаны з мрамару, то з баязлівым зачараваннем, то з недарэчным хіхіканнем, стараючыся выклікаць усмешку або капрызна праліваючы слёзы і рэўніва ківаючы галавой, нібы яна ўяўляла, што дачка гідзілася ёю, але ўвесь час адчуваючы прыцягваючую яго сілу, — гэта адчуванне аставалася нязменным у адрозненне ад іншых яе адчуванняў.

З Эдзіт яна іншы раз пераводзіла позірк на Фларэнс і зноў палахліва звяртала яго на Эдзіт, а іншы раз старалася глядзець у іншы бок, каб не бачыць твара дачкі; але зноў ён нібы прыцягваў яе, хоць Эдзіт не паварачвалася да яе, калі тая на яе не пазірала, і не бянтэжыла яе ніводным позіркам.