Старонка:Домбі і сын.pdf/545

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бенства той усмешкі, якою ён усміхаўся, калі бываў разгневаны або што-небудзь падазраваў.

— Тады нікога не было, сэр. Два джэнтльмены прыехалі ўночы з поездам, які тут спыняецца. Прынесці цёплай вады, сэр?

— Не. І забярыце свечку. Тут досыць святла для мяне.

У пасцель ён кінуўся поўраздзетым і, як толькі слуга пайшоў, паспяшаўся падыйсці да акна. Ноч адступілася перад халодным ранішнім святлом, і на небе ўжо загарэлася чырвонае зарава ўзыходзячага сонца. Ён змачыў вадой галаву, памыўся — гэта яго ніколькі не асвяжыла, — спяшаючыся апрануўся, заплаціў па рахунку і вышаў.

Ён заплаціў за праезд да той вёскі, дзе меркаваў спыніцца, і пачаў хадзіць узад і ўперад, паглядаючы ўздоўж чыгуначнага пуці, дзе з аднаго боку разлягалася даліна, а з другога — цёмны мост; і раптам, зрабіўшы паварот там, дзе канчалася драўляная платформа, па якой ён прахаджваўся, ён убачыў чалавека, ад якога ўцёк. Той вышаў з дзвярэй станцыі, адкуль вышаў і ён сам. І вочы іх сустрэліся.

Узрушаны, ён пахіснуўся і паваліўся на чыгуначнае палатно. Але, адразу падняўшыся, ён адступіўся крокі на два, каб павялічыць адлегласць паміж сабой і праследвальнікам, і, дыхаючы хутка і перарывіста, падняў на яго вочы.

Ён пачуў крык — ізноў крык, — убачыў, што твар, змучаны прагнасцю помсты, пакарэжыўся ад жаху… Адчуў, як дрыжыць зямля, умомант зразумеў… яна набліжаецца… закрычаў… азірнуўся… убачыў проста перад сабой чырвоныя вочы, затуманеныя і цмяныя пры дзённым святле… быў збіты з ног, падхоплены, закручаны, уцягнуты коламі… яны скруцілі яго, адрываючы рукі і ногі, і, апаліўшы сваім жарам, адкінулі яго пакалечаныя астаткі.

Калі падарожнік, якога пазналі, апрытомнеў, ён убачыў чатырох людзей, якія неслі на дошцы нешта цяжкое і нерухомае, нечым прыкрытае, і ўбачыў, як адганялі сабак, якія абнюхвалі чыгуначнае палатно, і попелам засыпалі яго кроў.


РАЗДЗЕЛ LVI

Шмат хто ў захапленні, а Баявы Певень нездаволены.

Ля Мічмана было надта ажыўлена. Нарэшце такі з'явіўся містэр Тутс і С'юзен! С'юзен кінулася, як звар'яцелая, наверх, а містэр Тутс з Пеўнем прайшлі ў гасціную.

— Ох мая любая дарагая ненаглядная міс Флой! — закрычала Ніпер, урываючыся ў пакой Флой. — Падумаць толькі што справа дойдзе да гэтага і я знайду вас тут маю галубку і няма ў вас дома, які вы маглі-б назваць родным, але больш я ніколі, ніколі не пайду ад вас міс Флой!