Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ныя пасяленьні, дзякуючы выгоднаму географічнаму палажэньню на гандлёвых шляхох, або з прычыны прыродных багацьцяў мясцовасьці. Іх жыцьцё складалася ўжо не на тэй „старыне", якою жылі буйныя прывілеяваныя месты.

Усе гэтыя месты складаюць з гаспадарскім дваром або замкам і воласьцю адно цэлае. Яны разам пераходзяць з-пад улады гаспадара да таго ці іншага пана; аддаюцца ў заставу на тых ці іншых умовах. Пры такіх пераходах улада не адрозьнівае мяшчан ад іншых груп насяленьня воласьці. Места і воласьць нясуць адны і тыя-ж павіннасьці і абавязкі, і яны аднолькава бязвольны перад гаспадарскімі намесьнікамі. У сваёй барацьбе яны таксама абапіраюцца на „старыну", але іх „старына", іх старадаўні звычай зусім ня тое, што ў старых местах. Там „старына" налічвала сталецьці свайго існаваньня, а тут дзесяткі год і, зразумела, што яна тут ня мела такога значэньня, і дзяржаўцы, і цэнтральная ўлада з ёю лічыліся меней і часта яе парушалі. Месты, разам з воласьцю і гаспадарскім дваром, кіраваліся намесьнікамі-дзяржаўцамі, правы і абавязкі якіх высьвятляе А. С. Грушэўскі, удзяляючы ім даволі значнае месца ў сваёй працы.

Адносіны паміж местам і намесьнікамі-дзяржаўцамі рэгуляваліся „старыною",—старадаўнім звычаем,—і гаспадарскімі ўставамі, якія выдаваліся цэнтральным урадам намесьнікам-дзяржаўцам, прычым таксама, як і ў адносінах да вялікіх старажытных мест, урад і ў адносінах да малых мост прытрымліваецца прынцыпу захаваньня старыны. Гэтым прынцыпам павінны кіравацца і намесьнікі-дзяржаўцы. Цэнтральны ўрад адмоўна адносіцца да навін, якія ўводзяцца намесьнікамі-дзяржаўцамі; звычайна, у выпадку скарг мясцовага насельнініцтва на намесьніка-дзяржаўцу, гаспадар адмяняе іх і, пры прызначэньні новага намесьніка на яго пасаду, забараняе яму ўводзіць навіны і парушаць „старыну".

А. С. Грушэўскі спыняецца далей на гаспадарскіх уставах ХV-ХVІ ст. і высьвятленьні абавязкаў намесьнікаў-дзяржаўцаў на іх аснове. Сьледуючы за М. К. Любаўскім, аўтар падзяляе іх на вайсковыя, адміністрацыйныя, фінансавыя, судовыя і гаспадарчыя. Ва ўсіх гэтых адносінах мяшчане, разам з воласьцю, падлягалі ўладзе намесьніка-дзяржаўцы. Адсюль вынікаюць узаемаадносіны паміж мяшчанамі і намесьнікамі-дзяржаўцамі і ў значнай меры высьвятляюцца заняткі і павіннасьці мяшчан.

Нагляданьні над гэтымі ўзаемаадносінамі прыводзяць А. С. Грушэўскага да вывадаў аб тых зьменах, якія адбыліся нават у вялікіх местах у XV і XVI ст., параўнальна з XIV ст.[1]

  1. А. С. Грушевский. Города В. Княжества Литовского в XIV --XVI в.в. Их старина и борьба за старину. Киев, 1918 г., стар. 141-190.