Старонка:Дуброўскі.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Глава ІІІ

Прайшоў пэўны час, а здароўе небаракі Дуброўскага не палепшвалася. Праўда, прыпадкі вар'яцтва ўжо не варочаліся, але сілы яго выразна слабелі. Ён забываўся на свае ранейшыя справы, мала калі выходзіў з свайго пакоя і думаў цэлымі суткамі. Егораўна, добрая бабуля, якая калісьці даглядала яго сына, цяпер стала яму за няньку. Яна даглядала яго як дзіця, гаварыла яму, калі трэба есці і спаць, карміла яго, клала спаць. Андрэй Гаўрылавіч ціха слухаў яе і апроч яе ні з кім не бачыўся. Ён не мог думаць аб сваіх справах, аб гаспадарчых распараджэннях, і Егораўна ўбачыла, што трэба паведаміць аб усім маладога Дуброўскага, які служыў у адным з гвардыі пяхотных палкоў і быў у той час у Пецербургу. Вырваўшы ліст паперы з выдатковай кнігі, яна прадыктавала кухару Харытону, адзінаму пісьменнаму ў Кісцянёўцы, пісьмо, якое ў той-жа дзень і адаслала у горад на пошту.

Але час пазнаёміць чытача з сапраўдным героем нашай аповесці.

Владзімір Дуброўскі выхоўваўся ў кадэцкім корпусе і выпушчан быў карнетам у гвардыю; бацька не шкадаваў нічога на добрае яго ўтрыманне, і малады чалавек атрымліваў з дому больш, чым павінен быў чакаць. Будучы неашчадлівы і ганарысты, ён дазваляў сабе раскошныя свавольствы; гуляў у карты і ўлазіў у даўгі, не клапоцячыся пра будучыню і прадбачачы сабе рана ці позна багатую нявесту, мару беднай маладосці.

Аднойчы ўвечары, калі некалькі афіцэраў сядзела ў яго, разваліўшыся па канапах і курачы з яго янтараў, Грыша, яго камердынер, падаў яму ліст, на якім надпіс і пячаць здзівілі маладога чалавека. Ён шпарка яго распячатаў і прачытаў вось што:

«Дарагі ты наш, Владзімір Андрэевіч, — я, твая старая нянька, адважылася табе паведаміць аб здароўі папенькі. Яму вельмі дрэнна, часам загаварваецца і ўвесь дзень сядзіць як дзіця неразумнае, а накошт жыцця і смерці — то ад бога суджана. Прыязджай ты да нас, саколік мой ясны, мы па цябе і коней вышлем на Пясочнае — чуваць, земскі суд да нас едзе аддаць нас пад руку Кірылу Петровічу Траекураву — бо мы, значыцца, іхнія, а мы спрадвеку Вашы, — і зроду таго не