Старонка:Дуброўскі.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Як гэта не Дуброўскі? А хто-ж, як не ён выедзе на дарогу і пачне запыняць падарожных і аглядаць?

— Не ведаю, а ўжо гэта напэўна, што не Дуброўскі. Я памятаю яго малога, не ведаю ці пачарнелі ў яго валасы, а тады быў ён кучаравы бялявы хлопчык, але ведаю напэўна, што Дуброўскі на пяць год старэйшы за маю Машу і што, значыцца, яму не трыццаць пяць год, а каля дваццаці трох.

— Точна так, ваша прэвасхадзіцельства, — падаў голас іспраўнік, — у мяне ў кішэні і прыметы Владзіміра Дуброўскага. У іх выразна сказана, што яму ад роду дваццаць трэці год.

— А! — сказаў Кірыла Петровіч, — дарэчы прачытайце, а мы паслухаем, не пашкодзіць і нам ведаць яго прымсты, часамі па вочы трапіцца, то не выкруціцца.

Іспраўнік дастаў з кішэні даволі зашмальцаваны ліст паперы, разгарнуў яго з паважным выглядам і пачаў чытаць нараспеў:

«Прыметы Владзіміра Дуброўскага, складзеныя паводле апавяданняў былых яго дваровых людзей.

Ад роду 22 гады, росту сярэдняга, з твару чысты, бараду голіць, вочы мас карыя, валасы русыя, нос просты. Прыметы адмысловыя: такіх не знойдзена».

— І толькі? - сказаў Кірыла Петровіч.

— Толькі, — адказаў іспраўнік, згортваючы паперу.

— Вітаю, пане іспраўнік. От дык паперы! Па гэтых прыметах няцяжка будзе знайсці Дуброўскага. Хто-ж гэта не сярэдняга росту, у каго не русыя валасы, не просты нос, не карыя вочы! Іду ў заклад, тры гадзіны ўзапар будзеш гаварыць з самім Дуброўскім, а не здагадаешся, з кім бог цябе звёў. Няма чаго сказаць, разумныя галовы ў прыказных!

Іспраўнік пакорліва паклаў у кішэню сваю паперу і моўчкі ўзяўся за гуся з капустай; тымчасам слугі паспелі ўжо некалькі разоў абыйсці гасцей, наліваючы кожнаму чарку. Некалькі бутэлек горскага і цымлянскага гучна былі адкупораны і прыняты прыхільна пад імем шампанскага; твары пачыналі ружавець, гаворка рабілася званчэйшая, блытаная і вясёлая.

— Не, — гаварыў далей Кірыла Петровіч, - не будзе ў нас ужо такога іспраўніка, якім быў нябожчык Тарас Алексесвіч! Гэты не даваў маху, не раззяўляў рота. Шкада, што спалілі малайца, а то-б ад яго не ўцёк ніводзін чалавек з усёй шайкі. Ён-бы ўсіх да аднаго пералавіў-бы- ды і сам Дуброўскі не выкруціўся-б і не адкупіўся. Тарас Алексеевіч

445