Старонка:Дуброўскі.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Бога ты не баішся, Сідарыч, чаму ты не сказаў мне таго раней, я хоць-бы зірнула на Дуброўскага, а цяпер чакай, каб ён зноў заехаў. Несумленны ты, сапраўды, несумленны!

Француз стаяў як укапаны. Умова з афіцэрам, грошы, усё здавалася яму сном. Але кіпы асігнацый былі ў яго ў кішэні і красамоўна гаварылі яму аб сапраўднасці дзіўнага здарэння.

Ён наняў коней да горада. Фурман павёз яго паволі, і ўночы дацягнуліся яны да горада.

Не даязджаючы да заставы, пры якой, замест вартавога, стаяла раскіданая будка, француз загадаў спыніцца, вылез з брычкі і пайшоў пешкі — растлумачыўшы знакамі фурману, што брычку і чамадан даруе яму на гарэлку. Фурман быў у такім здзіўленні ад яго шчодрасці, як і сам француз ад прапановы Дуброўскага. Але дадумаўшыся да таго, што «немец» звар'яцеў, фурман падзякаваў яго шчырым паклонам, і, вымеркаваўшы, што будзе лепш не ўязджаць у горад, рушыў у вядомае яму вясёлае месца, гаспадар якога быў яму знаёмы. Там быў ён цэлую ноч, а на другі дзець з ранку на голай тройцы выехаў у свой бок - без брычкі і без чамадана, з падпухлым тварам і чырвонымі вачыма.

Дуброўскі, заўладаўшы паперамі француза, смела з'явіўся, як мы ўжо бачылі, да Траекурава і стаў жыць у яго доме. Якія-б ні былі яго патаемныя намеры (мы аб іх даведаемся пасля), але ў яго паводзінах не было нічога нядобрага. Праўда, ён мала займаўся выхаваннем малога Сашы, даваў яму поўную волю сваволіць і не вельмі прыціскаў да навукі, даючы заданні толькі для формы — затое з вялікай адданасцю сачыў за музычнымі поспехамі сваёй вучаніцы і часта цэлымі гадзінамі праседжваў з ёю за фортэпіяна. Усе любілі маладога настаўніка — Кірыла Петровіч за яго смеласць і ўдаласць на паляванні, Мар'я Кірылаўна за вялікую адданасць і сціплую ўважлівасць, Саша за тое, што не перашкаджаў яму сваволіць, дамашнія за дабрату і за шчодрасць, напэўна супярэчлівую яго сродкам. Сам ён, здавалася, быў адданы ўсёй сям'і і лічыў ужо сябе за члена яе.

Прайшло каля месяца ад таго, калі ён пачаў быць настаўнікам і да памятнага свята, і ніхто не падазраваў, што ў ціхім маладым французе стаіўся грозны разбойнік, імя якога наводзіла жах на ўсіх навакольных уласнікаў. За ўвесь гэты час Дуброўскі не выязджаў з Пакроўскага, але чутка аб яго разбоях не заціхала, з прычыны вострай фантазіі і ўяўлення мясцовых насельнікаў, але магло стацца і тое, што яго шайка не пакідала дзейнічаць, хоць і без начальніка.