Старонка:Дуброўскі.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта Дуброўскі, — сказала княгіня.

Кяязь, не трацячы адвагі, дастаў з баковай кішэні дарожны пісталет і выстраліў у замаскіраванага разбойніка. Княгіня крыкнула і з жахам закрыла твар абодвума рукамі. Дуброўскі быў ранен у плячо, кроў паказалася. Князь, не трацячы ні хвіліны, дастаў другі пісталет. Але яму не далі часу выстраліць, дзверцы адчыніліся, і некалькі моцных рук выцягнулі яго з карэты і вырвалі ў яго пісталет. Над ім бліснулі нажы.

— Не чапаць яго! — закрычаў Дуброўскі, — і змрочныя яго аднадумцы адступілі.

— Вы вольная, - яшчэ сказаў Дуброўскі да бледнай княгіні.

— Не, - сказала яна, — позна — я абвенчана, я жонка князя Верэйскага.

— Што вы гаворыце! - закрычаў у роспачы Дуброўскі, — не, вы не жонка яго, вы былі сілком прымушаны, вы ніколі не маглі згадзіцца...

— Я згадзілася, я дала клятву, - сказала яна з цвёрдасцю, — князь мой муж, загадайце вызваліць яго і пакіньце мяне з ім. Я не ашуквала. Я чакала вас да апошняй хвіліны... але цяпер, кажу вам, цяпер позна. Пусціце нас.

Але Дуброўскі ўжо яе не чуў, боль ад раны і моцнае хваляванне душы адабралі ў яго сілы. Ён упаў ля кола, разбойнікі абкружылі яго. Ён паспеў сказаць ім некалькі слоў, яны пасадзілі яго конна, двое з іх яго падтрымлівалі, трэці ўзяў каня за аброць і ўсе паехалі ў бок, пакінуўшы карэту пасярод дарогі, людзей звязаных, коней выпражаных, але не разграбіўшы нічога і не праліўшы ніводнай кроплі крыві, у помсту за кроў свайго атамана.

Глава ХІХ

Пасярод цёмнага лесу, на вузкай прагаліне, узвышалася малое земляное ўмацаванне, створанае з вала і рова, за якім было некалькі шалашоў і зямлянак.

На дварэ мноства людзей, якіх, паводле рознастайнасці адзежы і агульнаму ўзбраенню, можна было адразу палічыць за разбойнікаў, абедала, седзячы без шапак каля агульнага катла. На валу, каля маленькай гарматы, сядзеў вартавы, падабраўшы пад сябе ногі; ён латаў сваю адзежу, уладаючы іголкай з умельствам, уласцівым спрактыкаванаму краўцу, і штохвіліны паглядаў ва ўсе бакі.