Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цаў; трасуцца ад холаду. Яны невясёла пераказваюць, што немцы падманяюць нашых то нібы кінутымі перадкамі разьбітае батарэі, то белым флагам, а потым косяць кулямётам „як капусту“. Акопы яны сабе нарабілі з таўсьценнага сасновага бярвеньня і рэек з зялезнае дарогі. Ім там цёпла: паставілі печачкі, нацягнулі пярын ад мірных жыхароў, кажухоў, нават сталоў і крэслаў.

Жывуць як паны, як у сваёй хаце. — „Ім хоць-бы што… Выбій іх адтуль нашымі сьвісьцёлкамі!“[1]

Чуецца з усіх бакоў нараканьне, што ў нас няма цяжкой артылерыі… і наогул парадку.

Раніцаю троху спаў (на восенным сонейку). Прачнуўся: на зямлі ў лагчынах шараватая пароша — вястуньня недалёчкае зімы. Толькі чаму яна не весяліць, як у сваёй роднай вёсачцы, дзе з яе прыходам вяжуцца ў успамінах бліны, скваркі, драная бульба з салам, малацьба ўдосьвіцьця, капаньне буракоў, дабіраньне канапелек, сечка капусты?..

Ух, капуста нагадала кулямётную „капусту“.

Я пачынаю бунтаваць супроць начальства, што на зямлі і што на небе.

Навіны за дзень:

Елі нясмачную нішчымную бульбу, накрадзеную з поля хутаран.

Пілі цагляны („кірпічны“) чай з хлебам.

  1. Лёгкай палявой артылерыяй.