Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гаварылі з ім пра дрэнныя салдацкія абеды (ён вінавата зганіў і афіцэрскія), пра нуднае жыцьцё на пазыцыі, пра лёгкую магчымасьць сьмерці, пра вайну („пасьля вайны, а яна скора скончыцца, нас, вайсковых, на руках будуць насіць“), пра 2014 год („рай будзе на зямлі“), пра чалавека, што „як кропля ў моры“, і г. д. Калі мы засталіся толькі ўдваіх у вакопе (Беленькі пашоў па абед), гутарка ізноў узьбілася на лёгка магчымую сьмерць, і падпаручык Сізоў удаўся ў містыцызм. З неспадзяванай блізкасьцю прызнаўся ён мне, што ў яго ёсьць „маленькі сьвяты абразок ад слаўнай дзяўчыны“, з якою ён пазнаёміўся „нядаўна і даволі орыгінальным спосабам“. Нядаўна пазнаёміўшыся, яна дакляравала прыйсьці на вакзал праваджаць яго на фронт, „прышла і прынясла абразок“. — „Абразок майго ангела“, — з пачуцьцём і маладою сарамлівасьцю адзначыў Сізоў. Ён з любасьцю намаляваў мне „сымпатычны тып рускай дзяўчыны“. — „Яна казала, — раздумана спамінаў ён, — калі мне будзе пагражаць небясьпека, сьмерць ці што, каб памаліўся сьвятому, што на абразку, і ўспомніў на яе“… Цяпер падпаручык пішыць ёй лісты і з нецярплівасьцю чакаець водпуску. — „Але спачатку трэба зрабіць што-небудзь і на фронце, — канчаў ён размову: — вось вы ўжо прадстаўлены к крыжу, як я вам зайздрую!“

Стралялі сёньня „па няпрыяцельскіх акопах“ (такая была каманда“). Выпусьцілі, паводле маіх запісаў, 9 гранат і 381 шрапнель. Увечары паедзем на другую пазыцыю.