Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

разумеў. Потым, калі я паступова пачаў зноў уладаць сваімі адчуваньнямі, я заўважыў у сваім целе нешта дзіўнае. У мяне зьявілася адчуваньне асаблівай лёгкасьці, я-б нават сказаў — нябыцьця. Разам з тым кроў цякла ў жылах з падвоенай сілай і гучна ляскала ў вушох. Аднак, да гэтага адчуваньня я хутка настолькі прызвычаіўся, што і не заўважыў яго.

Пачулася лёгкае лясканьне ўключальніка, і над маёй галавой засьвяцілася невялічкая электрычная лямпачка. Я ўбачыў перад сабою Кавора.

Дзякуючы празрыстай чарнаце сьценак балёна, здавалася, быццам ён плавае ў пустэчы. Я хацеў пасунуцца да яго, але ён закрычаў:

— Ня рухайцеся! Не напружвайце вашых мускулаў; уявеце сабе, што вы ляжыце на мяккім ложку. Цяпер мы жывем у зусім асобным маленькім сьвеце. Паглядзеце сюды!

Ён пры гэтых словах паказаў рукою на ўсе нашы скрынкі, клумкі і інш., якія я паклаў на дно балёну. Цяпер усё гэта плавала ў паветры на адлегласьці амаль што цэлага футу ад сьценкі балёну. Угледзеўшыся ўважліва, я ўбачыў, што Кавор стаіць, не датыкаючыся да шкла. Я абвёў вакол сябе рукамі і ўпэўніўся ў тым, што я таксама вольна плаваю ў прасторы.

Я папрабаваў крыху даткнуцца пальцам да шкла, і зараз-жа адляцеў на сярэдзіну балёну. Мы былі зусім адрэзаны ад уплыву ўсякай сілы, якая знаходзі-