Безназоўнае (1925)/Поэта і цэнзор

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзед і баба Поэта і цэнзор
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
На папасе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэта і цэнзар.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭТА і ЦЭНЗОР

Крыху баляда

Пасьвячаецца быўшым, цяпераш-
нім і маючым быць цэнзорам.

Цяпер, ці калісьці—ня ўцямлю,
А толькі ня лгу ні на міг,—
Поэты пісалі поэмы,
А цэнзоры рэзалі іх.

Поэмы (ужо-ж не поэтаў)
Сек цэнзор, як вецьце пастух,
Аж трэскі-паперкі ляцелі
У чыстае поле, як пух.

І доўга цягнулася гэта,
Як баіць народная весьць,
На згубу бунтарскіх поэтаў,
На цэнзорскі гонар і чэсьць.

І шлі так гады за гадамі
Пад воклікі чорных імшоў,
Ішоў за поэтам поэта,
За цэнзорам цэнзор ішоў.

І трэба-ж,—о, дзівы! о, цуды!
О, слаўны дваццаты наш век!
Поэта прыдумаў поэму,
А цэнзор яе не пасек.

А толькі… Паслухайце толькі,
Што з гэтага далей было:
Вы ўбачыце, людзі, як гэта
Ў дабры часам гнезьдзіцца зло.

Поэта пад потам крывавым,
Ня сплючы сто ночак падрад,
Поэму згарусьціў, аж міла,
І цэнзору даў на прагляд.

А цэнзор меў добрае сэрца,
Што рэдка у нашым вяку,—
Поэмы ня сек і ня рэзаў,
А толькі… пагладзіў крыху.

ПОЭТА пісаў:

О, віхры, о вы, бураломы,
Свабодных нябёс жыхары!
Дрыгнеце разбэшчаным сьветам,
Збурэце парадак стары!

А ЦЭНЗОР пагладзіў:

О, ветры, зэфіркі любыя,
Свабодных нябёс жыхары!
Галубце вы сьвет наш набожны,
Шануйце парадак стары!

ПОЭТА пісаў:

Звалеце кароны і троны,—
Ўжо досьць каралёў і цароў!
Хай будзе народа ўладарства
І панства зямлі жыхароў!

А ЦЭНЗОР пагладзіў:

Шануйце кароны і троны…
О, чэсьць каралём і царом!
Патрэбна народу прынука,
Патрэбны бізун жыхаром!

ПОЭТА пісаў:

Ўжо досыць прыгону і зьдзеку
І панскага досыць ярма!
Хай будзе раб вольным навекі,
Ён векі цярпеў нездарма!

А ЦЭНЗОР пагладзіў:

Ўжо досыць нам з дэмосам ладзіць,
Замала йшчэ меў ён ярма,—
Хай будзе пан панам навекі,—
Ён век панаваў нездарма!

ПОЭТА пісаў:

О, віхры, о вы, бураломы!
Ударце ў заснуўшы курган!
Хай волаты ўстануць да бітваў
І скрышаць закрэпы кайдан!

А ЦЭНЗОР пагладзіў:

О, ветры, зэфіркі любыя!
Галубце ласкава курган,—
Там дрэмлюць патульныя душкі
Пакорных, паслушных хрысьцьян.

Увага ЦЭНЗОРА:

Я крышку вам, пане поэта,
Пагладзіў ваш вершык слабы,—
Бо, бачыце, ў ім я прыкмеціў
Залішне шмат грэшнай кляцьбы.

Як гэта поэта пабачыў,
Што цэнзор з поэмай зрабіў,—
Заплакаў, заліўся сьлязамі,
Ў кулак, як жабрак, затрубіў.

Адзін і другі дзень так плакаў—
На трэці ня вытрываў ён,—
Узяў і памёр, як належа,
У вечны ахутаўся сон.

Прад сьмерцяю толькі пакінуў
Таку эпітаф‘ю жывым:
«Памёр я праз цэнзора, браткі,
Мяне ня вінеце ні ў чым.

Пакуль мяне цэнзоры секлі,—
Ах, то-ест, поэмы мае,—
Яшчэ я мог вытрываць неяк,—
Пяяць, аб чым думка пяе.

Але як пачалі мне гладзіць
Крывёю напісаны твор,
Ня вытрываў, браткі, — каб жыў так!
Узяў я сабе ды памёр!»

І сьпіць у магілцы поэта,
Вяночак на насьпе ляжыць;
То сонца магілку цалуе,
То дробненькі дожджык імжыць.

Вясною, у маі вясёлым,
Калі увесь сьвет у красе,—
Дзяўчынка ўздыхне над магілкай,
Хлапец кулаком патрасе.

А цэнзор?—чытач запытае,—
Што сталася з цэнзорам тым?
Скажу, як мне людзі казалі:
Пайшоў ў манастыр на зусім.

Сядзіць там, нічога ня робіць,
Аловак свой выкінуў вон,
І моліцца, моліцца шчыра,
За цэнзораў моліцца ён.

Менск, 14/X—19 г.