Географія Эўропы (1924)/Заходняя Эўропа/Ісляндыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заходняя Эўропа Ісляндыя
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Брытанскія астравы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ісляндыя.

У паўночнай частцы Атлянтычнага акіяну каля падканцавоснага кола ляжыць асобны, досыць вялікі востраў Ісляндыя. (Азнач палажэньне гэтага вострава). Гэта — плоскаўзвышша, складзенае з астыглай лявы і багатае дзейнымі і згаслымі вульканамі. Найвялікшы з дзейных вульканаў Гекла (1557 мэтраў н. р. м.) за апошнюю тысячу гадоў даў 18 магутных страшэнных выбухаў. Апроч Геклы, на востраве ёсьць яшчэ каля двох дзесяткаў дзейных вульканаў, некаторыя з якіх стаяць па некалькі ў шэраг і выкідаюць цераз свае жэралы ляву ўсе разам, адначасна. Месцам лява вылівалася проста праз шчыліны ў земнай кары, якія цягнуцца на дзесяткі вёрст. Згаслых вульканаў тут яшчэ болей, як дзейных; да іх належаць і самыя высокія горы Ісляндыі (Орэфа-Ёкуль мае ўвышкі 1959 м. н. р. м). Выкінутая вульканамі лява месцам астыгла толькі на сваёй паверхні, а пад сподам, у глыбіні, яшчэ й да сяго часу засталася гарачай, можа нават і не ацьвярдзелай. Крыніцы, што выходзяць з-пад зямлі, у такіх месцах маюць цёплую, а часамі гарачую, як вар, ваду. Некаторыя з гэтых крыніц рэгулярна выкідаюць вар фонтанам на значную вышыню ў паветра. Такія крыніцы завуцца гэйзарамі, а выбухі іх тлумачацца тым, што ў гарачай вадзе іх яшчэ пад зямлёй утвараецца пара, якая пэрыодычна раптам вырываецца ў паветра і цягне з сабой ваду.

У ледавіковую эпоху ўсю Ісляндыю пакрываў вялікі ледавік; да сучаснага моманту засталіся толькі маленькія рэшткі яго, але й цяпер прыблізна сëмую частку вострава апранае вечны сьнег і лёд. У тых мясцовасьцях, якія ляжаць пад сьнегам і лёдам, асабліва небясьпечнымі зьяўляюцца выбухі вульканаў. У час выбуху раптам растае шмат лёду і сьнегу, вада ад якіх залівае паселішчы, гароды, поплавы.

Берагі Ісляндыі на поўначы, на захадзе і на ўсходзе зрывістыя, скалаватыя, высокія, пашматаныя глыбокімі вузкімі затокамі, а на поўдні, наадварот, — берагі адхонныя, пескаватыя, нізкія, роўныя. Дзякуючы Гольфштрому, на дарозе якога ляжаць паўднёвыя берагі вострава, мора там не замярзае ніколі; наадварот, паўночныя берагі знаходзяцца пад уплывам халоднай адканцавоснай плыні, і там па моры заўсёды плаваюць вялізныя крыгі — лёдавыя горы (айсбэргі). У залежнасьці ад гэтых плыняй і клімат Ісляндыі на поўдні значна цяплейшы, хаця наагул паўсюды можа лічыцца мерным, мяккім, морскім, прахалодным.

У сталіцы Ісляндыі Рэйк'явіку сярэдняя тэмп. году +3,3°, сяр. тэмп, самага халоднага месяца (лютага) -3,1°, самага цёплага (ліпеня) +11,8°; ападкаў за год там выпадае 750 мілім.

На поўдні вострава сьнег ляжыць доўга толькі на горах, на нізінах-жа растае і сходзіць некалькі разоў узімку, бо зіма тамака досыць мяккая, маразы чаргуюцца з адлігамі. Затое і лета там хмарнае, халоднае, заўсёды ймгла, туман, рэдка калі на хвілю з-за воблакаў выгляде сонца.

Лес ня можа расьці ў такім клімаце. Для дрэў замала сонца й цяллыні. Хіба толькі хмызьнячкі лазы, падканцавоснай бярозкі ды рабіны сустракаюцца дзе-ні-дзе па паўднёвых схілах ісляндзкага узвышша. Затое трава, мох і лішаі (напрыклад, лішай "ісляндзкі мох") растуць там добра. Шмат ягад дакць буякі ды чарнічнік. Збожжа не дасьпявае ў гэтай старонцы, але бульба, капуста і рэпа часамі прыносяць добры ўраджай. З дзікіх жывёл спатыкаецца пясец або блакітны ліс і зьдзічэлы, завезены туды чалавекам гадоў 150 назад паўночны алень. Даволі многа сустракаецца птушак, пераважна морскіх. Найкарысьнейшай з іх трэба лічыць гагу, каштоўны пух якой насельнікі вострава зьбіраюць ды прадаюць за межы. У моры трапляецца багата рыбы, так што каля 18% люднасьці займаецца рыбацтвам. Па лугох пасьвяць многа дамовай жывёлы, асабліва авечак і быдла (на 95000 насельнікаў краю прыпадае 24000 штукі быдла і 842000 авечак). Сушаная й салоная рыба, воўна, панчохі, бараніна, лой, скура нэрпаў, пух гаг, хутры лісаў вывозяцца за межы.

Насельнікі вострава належаць да даньска-нарвэскай галіны гэрманскіх народаў.

Ісляндыю вынайшлі й залюднілі ў 874 г. даўныя нарвэжцы — сьмелыя мараходцы-вікінгі. Патомкі іх, жывучы далёка ад іншых народаў, не маглі мяшацца з суседзямі і да сяго часу ўжываюць стара-скандынаўскую мову і пяюць песьні ды казкі-сагі аб старасьвецкіх скандынаўскіх асілках. Захаваўшы даўныя звычаі і норавы, ісляндцы аднак паставілі ў сябе досыць высока асьвету. Няпісьменных сярод іх няма, большасьць атрымоўвае сярэднюю і нават вышэйшую адукацыю.
Ісляндцы політычна з даўных часоў залежалі ад Даньскай дзяржавы, але карысталіся самаўрадам. Цяпер Ісляндыя самастойная дзяржава (104785 кв. клм., 95000 населенікаў), мае свой парлямэнт, але лічыцца злучанай з Даніяй, кароль якой адначасна зьяўляецца каралём Ісляндыі.
Сталіца Ісляндыі — Рэйк'явік — па сваёй велічыні зьяўляецца хутчэй вёскай, чымся горадам, але адзначаецца чыстатой і прыгожасьцю, мае гімназію і нават унівэрсытэт з богаслоўскім і медыцынскім аддзеламі.

На паўдарозе між Ісляндыяй і Брытанскімі астравамі ляжаць вульканічныя Фарэрскія або Авечыя астравы. Клімат гэтых астравоў вельмі вільгатны і параўнаўча цёплы.

(Сярэдняя тэмп. студзеня +3,2°, ліпеня +10,8; ападкаў — 1600 мілім.).

Насельнікі зьбіраюць гагачы пух, яечкі розных морскіх птушак, ловяць рыбу, але галоўным чынам займаюцца гадоўляй авечак. Фарэрскія астравы належаць да Даніі.