Географія Эўропы (1924)/Заходняя Эўропа/Польшча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чэскі масыў Польшча
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Фінска-Скандынаўскі масыў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Польшча[1].

(Азнач яе географічнае палажэньне. Якое мора абцякае гэты край з поўначы? З якімі краінамі гэты край мяжуецца на захадзе?).

Польшча ляжыць на ўсход ад Гэрманіі і зьяўляецца нібы працягам Паўночнай і Сярэдняй Нямеччыны.

На поўдні гэты край упіраецца ў Карпацкія горныя ланцугі, на поўначы дасягае Балтыцкага мора, але на захадзе і на ўсходзе ня мае зыразных меж. Такім чынам гэты край як-бы злучае Нямеччыну і іншыя краіны Заходняй Эўропы з Літвой, Беларусьсю і іншымі краямі Ўсходняй Эўропы. Зусім няпрыметна польскія раўніны пераходзяць на захадзе ў нізіны Паўночна-Усходняй Нямеччыны, а на ўсходзе — у раўніны Беларусі.

Блізка-што ўвесь Польскі край у ледавіковую эпоху хаваўся пад грубым пластом лёду. Паўночна-эўропэйскі ледавік, спаўзаючы з Фінска-Скандынаўскіх гор, пакрыў усё Балтыцкае мора, якое тады было яшчэ сухазем'ем, насунуўся далей на сучасную Польшчу і дапоўз аж да прыгор'яў Карпат. Як і ў Паўночную Нямеччыну, ледавік прыцягнуў сюды з сабой многа адломкаў фінска-скандынаўскіх - скал-каменьня, жарствы, пяску і гліны, Такім чынам амаль-што увесь Польскі край апынуўся пад тоўстым пластом ледавіковых адкладаў. Паўднёвая і сярэдняя часткі краю ляжалі нядоўга пад вялікім ледавіком: лёд там хутка растапіўся, а ледавіковыя адклады ляглі тонкім пластом, з-пад якога часта выглядаюць на паверхню даўнейшыя земныя пароды. Больш за ўсё ледавіковага навалу адклалася на поўначы старонкі, дзе ледавік затрымаўся і ў працягу многіх вякоў адкладаў усё новыя адломкі паўночных скал. Там з ледавіковага навалу стварылася многа ўзгоркаў і морэнавых грудоў, сярод якіх засталося шмат залітых вадою катлін-вазëр. Ад гэтых назëр паўночная паласа краю набыла назоў Надбалтыцкіх вазёрных узгор'яў.

На поўдзень ад гэтых узгор'яў цягнецца пас нізін, якія зьяўляюцца працягам адпаведнай паласы нізін Паўночна-Ўсходняй Нямеччыны. З усходу на захад па гэтай паласе цякуць: нізавіна Бугу, сярэдняя частка Віслы, большая частка Варты і яе прытока Нотэца. Апошняя злучана за дапамогай штучнага суднаходнага каналу з прытокай Віслы Брдой і такім чынам злучае Віслу з Одэрам.

Пас нізін адпавядае паўднёвай мяжы апошняга зьледзяненьня. У тыя часы, як гэтая мяжа праходзіла па сучаснай паласе нізін, рэкі, што сьцякалі сюды з поўдня, мусілі абцякаць ледавік і прамылі на яго мяжы вялізныя шырокія даліны. Гэтым тлумачыцца існаваньне ў пасе нізін шырокіх прадоўжных далін, па дне якіх месцам бягуць сучасныя невялікія рэкі. Калі ледавік растапіўся, рэкі, што абцякалі яго з поўдня, прабіліся ў некалькіх месцах праз адкладзеныя лёдам морэны і дасягнулі Балтыцкага мора.

Далей на поўдзень ад пасу нізін распасьціраецца паласа ўзвышшаў Пауднёвай Польшчы. Гэтая краіна можа лічыцца працягам гор Сярэдняй Нямеччыны і складаецца з горстаў і плоскаўзвышшшаў, прарэзаных рэчнымі далінамі.

Рознастайныя паводле выгляду і пахаджэньня часткі Польскага краю зьвязаны ў адну суцэльнасьць рэкамі, галоўным чынам Віслай.

Вісла пачынаецца ў Заходніх Карпатах і ў сваёй вышнявіне цячэ на ўсход на глыбокай даліне, агібаючы з поўдня Паўднёва-Польскія ўзвышшы. Далей Вісла прымае з правага боку прытоку Сан, якая таксама пачынаецца у Карпатах і цячэ па мяжы, што аддзяляе землі, залюдненыя палякамі, ад прастораў з украінскай люднасьцю. Злучыўшыся з Санам, Вісла прабіваецца ў вузкай цясьніне праз пас узвышшаў на поўнач і трапляе ў паласу нізін, дзе зварочвае на паўночны захад і прымае свае галоўныя прытокі: зьлева Піліцу, справа Вепр і Буга-Нарву. Далей у сваёй нізавіне Вісла зноў цячэ на поўнач, прарываецца праз Вазёрныя ўзгор'і і шырока разьліваецца каля мора ў вялізную дэльту.

Галоўныя рэкі Польшчы: Вісла, Одэр і Варта — пачынаюцца блізка адна каля другой, і затым расьцякаюцца ў розныя бакі, ствараючы адзіную сетку добрых прыродных дарог.

Як і ўсе заходня эўропэйскія рэкі, Вісла і Одэр заўсёды маюць вады ў дастатку. Улетку, калі ў горах, у вышнявіне польскіх рэк, выліваюцца дажджы, гэтыя рэкі разьліваюцца. Узімку яны замярзаюць толькі каля берагоў, а па стрыжанях заўсёды застаюцца процечы. Дзякуючы агульнаму кірунку рэк з поўдня на поўнач, крыгі ўвясну пачынаюць ісьці у вышнявінах рэк раней, як у нізавінах, забіваюцца пад лед і ствараюць лёдавыя заторы, якія зьяўляюцца прычынай вялікіх і небясьпечных разводзьдзяў.

Паводле свайго клімату, Польскі край таксама зьяўляецца пераходным паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай. Зіма тут кароткая, мяккая, але многа халаднейшая, чымся ў Нямеччыне. Часта сярод зімы сьнег растае, але часамі бываюць і значныя маразы. Вясна пачынаецца рана і бывае цяплейшай, як у нас; ужо ў сакавіку рунее збожжа, у красавіку пачынаюць красаваць рожы.

Сярэдняя тэмпэратура году ў сярэдзіне краю у Варшаве +7,3º, сярэдняя студзеня -3,4º, сярэдняя ліпеня +18,8º. Ападкі там выпадаюць пераважна ўлетку.

Тут яшчэ могуць расьці тыповыя заходня-эўропэйскія дрэвы, якія ўжо не сустракаюцца на Беларусі і наагул ува Ўсходняй Эўропе: бук, нягной-дрэўка або ціс, эўропэйская ельніца і мадрына, але часьцей спатыкаюцца звычайныя ўсходня-эўропэйскія дрэвы: бяроза, дуб, хвоя, елка.

Лясоў захавалася яшчэ многа, і толькі ў час апошняй сусьветнай вайны, ад якой Польшча моцна пацярпела, значныя прасторы лясоў павысяканы. Асабліва многа лясоў па ледавіковых грунтох на поўначы краю. На поўдні лясы трапляюцца рэдка, а месцам па лёэсавых грунтох, якія на паверхні пераходзяць у чорназемную глебу, расьліннасьць мае характар лесастэпу.

Як у Нямеччыне, гэтак і ў Польшчы гушчыня залюдненьня досыць вялікая, і як там, гэтак і тут на поўдні ў паласе ўзвышшаў вышэйшая, чымся на поўначы.

Большасьць мясцовай люднасьці займаецца сельскай гаспадаркай. Гэтым край нагадвае Ўсходнюю Эўропу. Аднак вартасьць сельска-гаспадарчых продуктаў тут менщая за вартасьць вырабаў нетракапальнай і фабрычнай прамысловасьці. Значыць і паводле асаблівасьцяй гаспадаркі старонка мае пераходны характар, займае сярэдняе месца між Заходняй і Ўсходняй Эўропай.

Ува ўсіх частках краю культура стаіць досыць высока. Амаль-што паўсюды пераважваюць палепшаныя спосабы вырабу зямлі, ужываюцца мінэральныя і зялёныя гнаі, сучасныя сельска-гаспадарчыя прылады. Аднак асьвета, асабліва сярод бяднейшых станаў польскай люднасьці, стаіць яшчэ многа ніжэй, чымся ў Нямеччыне або ў Чэхіі.

Паводле мовы насельнікі краю падзяляюцца на палякоў, немцаў і жыдоў. Немцы жывуць пераважна на поўначы на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора. Жыды, як і ў нас на Беларусі, гандлююць па гарадох і мястэчках. Месцам яны захавалі свае даўныя звычаі і жывуць пастарасьвецку. ходзяць у даўгіх вопратках з фалдамі, носяць ярмолкі і пэйсы. Палякі пераважваюць у сярэдняй і ў паўднёвай палосах краю.

Палажэньне краю на мяжы Усходняй і Заходняй Эўропы адбілася і на гістарычным лёсе яго. З даўных часоў тут утварылася самастойная Польская дзяржава, але часамі гэтая дзяржава пашырала свае ўладаньні на захад і далучалася да заходня эўропэйскай сям'і дзяржаў, і наадварот-часамі цягнулася на усход, злучалася ў адно з усходня эўропэйскімі краінамі. У XІ і XІІ вякох Польшча расьцягнулася на захад аж да Лабы.

У XІV-XVІ вякох немцы адціснулі яе за Одэр. Польскі ўрад

зьвярнуў тады ўвагу на ўсходніх суседзяў; Польшча далучыла

да сябе Беларусь, Літву і частку Украіны, разьлілася на ўсходзе ад Балтыцкага да Чорнага мора. Але на ўсходзе Польшча спатыкнулася з Маскоўшчынай, і пачалася ўпартая барацьба за панаваньне ўва Усходняй Эўропе. У канцы XVІІІ в. Маскоўшчына, Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына аканчальна перамаглі Польшчу і падзялілі яе ўладаньні. Але ужо ў пачатку XІX веку Наполеон аднавіў Польскую дзяржаву пад імем Варшаўскага гэрцогства. Пасьля няўдалага паходу Наполеона на Маскву Варшаўскае гэрцогства увайшло у склад Расіі, і Польшча зноў аказалася падзеленай на 3 часткі штучнымі межамі. Паўстаньні палякоў супроць расійскага панаваньня заўсёды душыліся маскоўскім войскам, і толькі пасьля сусьветнай вайны 1914-18 гадоў штучныя межы, якія падзялялі жывое цела Польшчы, былі скасованы, і Польшча, нарэшце, злучылася ў адзіную незалежную

рэспубліку.

Большая частка Польскага краю ўваходзіць у склад Польскай рэспублікі, якая належыць да найвялікшых дзяржаў Эўропы, перавышаючы паводле ліку насельнікаў усе іншыя дзяржавы Эўропы апрача 5 вялікіх. Апрача чыста польскіх зямель Польшча ўладае значнымі часткамі Ўсходняя Эўропы, дзе большасьць насельнікаў складаецца з украінцаў і беларусаў, а ўласна: Холмшчынай, Усходняй Галіччынай і Заходняй Валыньню, у якіх пераважваюць украінцы, Горадзеншчынай, Віленшчынай і Заходняй Меншчынай, дзе жывуць беларусы. (Разам з гэтымі краям Польская дзяржава абымае прастору ў 387000 кв. клм. з 29 мільёнамі насельн.).

У землях, залюдненых беларусамі і украінцамі, польскі

ўрад зачыняе беларускія і ўкраінскія школы, прымушае народ карыстацца польскай мовай у дзяржаўных установах і вучыць дзяцей у польскіх школах. Часта беларускія і ўкраінскія сяляне, нездаволеныя далучэньнем да Польшчы, падымаюць паўстаньні супроць польскіх жандараў. Каб трымаць народ у паслухмянстве, польскі ўрад павінен трымаць на сваіх усходніх "крэсах“ вялікую армію і поліцыю. Такім чынам беларускія і ўкраінскія землі вымагаюць ад Польшчы вялікіх выдаткаў і зьяўляюцца слабым месцам Польскай Рэспублікі. (Дакладна разглядаць гэтыя часткі Польскай дзяржавы мы будзем далей,

калі будзем знаёміцца з Усходняй Эўропай).

На чале Польскай рэспублікі стаяць сойм і сэнат, да якіх належыць законадаўчая ўлада, і прэзыдэнт і габінэт міністраў, якім належыць улада выканаўчая. Выбары ў сойм і сэнат адбываюцца на падставе агульнага, роўнага, простага і таемнага выбарнага права.

Да вайны 1914-18 г. кожная з трох частак падзеленай Польшчы жыла сваім асобным політычным жыцьцём. Профэсыянальныя і політычныя організацыі работнікаў нямецкай, аўстрыйскай і расійскай Польшчы ня мелі паміж сабой аніякай сувязі. Аднак ува ўсіх частках Польшчы работнікі пад уплывам нацыянальнага ўціску марылі толькі аб нацыянальным вызваленьні і цікавіліся нацыянальнай барацьбой больш, як змаганьнем клясавым. Пасьля ўтварэньня незалежнай Польскай дзяржавы профсаюзы Польшчы злучыліся ў адзіную "Цэнтральную Комісію", якая пачала аднастайна па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі кіраваць работніцкім профэсыянальным рухам. У апошнія часы ўзмацняецца ўплыў на работнікаў Польскай Комуністычнай Партыі, якая імкнецца згуртаваць працоўны люд для барацьбы з капіталам. Аднак пакуль-што наймацнейшай работніцкай партыяй у Польшчы зьяўляецца Партыя Польскіх

Соцыялістых.

Апрача тых зямель, што належаць да Польскай дзяржавы, у межах Польска-Прускага краю ляжыць на паўночным усходзе вольны горад Гданьск, ваколіцы якога залюднены немцамі.

Паводле асаблівасьцяй прыроды і люднасьці Польска-Прускую старонку можна падзяліць на тры краіны: 1) Паўднёвую Польшчу або пас узвышшаў, 2) Пас нізін і 3) Кашубскую краіну або Заходнюю Прусію.

Пас узвышшаў займае паўднёвую частку Польска-Прускага краю. Вышнявіны галоўных польскіх рэк разразаюць пас узвышшаў на шэраг плоскаўзвышшаў і горных град, якія могуць лічыцца працягам гор Сярэдняй Нямеччыны. Таксама як сярэдня-францускія і сярэдня-нямецкія горсты, гэтак і горы Паўднёвай Польшчы зьяўляюцца рэшткамі вялізнага ўкладу зморшчавых гор, утвораных яшчэ ў першыя часы жыцьця на зямлі. Мільёны гадоў гэтыя даўныя горы руйнаваліся, зьніжаліся, распадаліся, але ў апошнія пэрыоды земнага жыцьця патрэскаліся, прычым кавалкі іх зноў павыпіраліся, зрабіліся зноў значнымі гарамі. Месцам яшчэ можна выявіць, што сучасныя горы складаюцца з пагнутых, зморшчаных пластоў земнай кары, у іншых месцах земныя пароды на паверхні ляжаць паземна, а горы маюць выгляд правільных горстаў; нарэшце сярод гор і ўзвышшаў у Паўднёвай Польшчы трапляюцца шырокія прасторы раўнін.

Выгляд нявысокай раўніны мае, напрыклад, самая паўднёвая частка краіны, што ляжыць на правым беразе Вісьлянскай вышнявіны і на поўдні дасягае да Карпат. Гэта так званая Заходняя Галіччына або Падкарпацьце, паверхня якога павольна пахіляецца на поўнач,-ад Карпацкіх гор у бак Віслы. Лежачы паміж Карпат і Паўднёва-Польскіх узвышшаў, Заходняя Галіччына мае выгляд лагчыны (вышыня над роўнем мора 150-250 мэтраў), дно якой пакрыта адкладамі даўнага мора. Паверх морскіх адкладаў на паверхні Падкарпацьця ляжаць адклады, нанесеныя даўным ледавіком.

Рака Сан аддзяляе Заходнюю Галічыну ад Люблінскага плоскаўзвышша, што ляжыць паміж рэкамі Віслай, Санам і Вепрам. Гэтае плоскаўзвышша (334 мэтры над роўн. мора) складаецца з паземных пластоў лёзсу, адзначаецца вельмі ўраджайнай глебай і вялікай колькасьцю раўчакоў, праразаючых гэтую раўніну. Гэты куток Польшчы нагадвае Паўднёва-Усходнюю Эўропу, напрыклад, суседнія з ім прасторы Заходняй Украіны, таксама пакрытыя грубымі пластамі лёзсу.

Тыповыя паўднёва-польскія ўзвышшы ляжаць на паўночны захад ад Вышнявіны Віслы. Гэта так званае Малапольскае ўзвышша, складзенае з вапнавых скал, лупнякоў і зьлепнякоў. Па сярэдзіне гэтага ўзвышша вадазборы ракі Ніды знаходзіцца плоскае ўзвышша, у якім вапнавыя скалы хаваюцца глыбока пад пластамі пазьнейшых пластоў. На ўсход ад гэтага плоскаўзвышша цьвёрдыя вапнякі выходзяць на паверхню ў выглядзе так званых Келецка-Сандамірскіх гор, якія з паўночнага захаду цягнуцца на паўднёвы ўсход к Вісьле і канчаюцца насупроціў вусьця Сану. Найвышэйшы пункт гэтых гор―Лысіца―дасягае 618 мэтраў вышыні над роўнем мора.

Заходні край Малапольскага ўзвышша таксама мае выгляд горнага груда, які таксама складаецца пераважна з вапнякоў, а завецца Польскай Юрой або Кракаўска-Чэнстахоўскай горнай градой. Размытыя рэкамі вапнавыя скалы гэтай грады маюць выглян дзіўных востраверхіх гор з зрывістымі схіламі, месцам вельмі прыгожых.

Асабліва прыгожым куточкам лічыцца даліна рэчкі Пронднік,

якую за яе хараство завуць Польскай Швайцарыяй. Гэтая рэчка цячэ ў глыбокай цясьніне, над якой высяцца скалы, з якіх адны падобны да вялізнай далоні з растапыранымі пальцамі,

другія маюць выгляд чалавека на каленях і г. д.

Малапольскае ўзвышша строма абрываецца ў бок Віслы на поўдзень і павольна зьніжаецца на поўнач. На захад ад яго ляжыць Шлёнскае ўзвышша, складзенае з пластоў, вельмі багатых каменным вугалем. Асабліва многа вугалю ў тым кутку, дзе да вайны 1914 году схадзіліся межы трох дзяржаў: Расіі, Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны. Больш за ўсё вугалю здабываюць у той частцы краіны, якая перад вайной належала да Прусіі пад імем Горнага Шлёнску. Што-год тут здабываюць больш за 25 мільёнаў тон найлепшага каменнага вугалю. Ня дзіва, што з-за гэтага кавалка доўга спрачаліся Польская і Нямецкая рэспублікі. Вельмі многа вугалю і ў тэй частцы краіны, што была пад расійскім заборам. У даўнай Расійскай імпэрыі ваколіцы места Дамбровы блізка Нямецкай граніцы лічыліся адной з важнейшых каменна-вугальных акруг.

Дзякуючы вялікім запасам падземнага апалу, Шлёнск зрабіўся адным з самых важных прамысловых куткоў Эўропы. На тутэйшых гісэрнях апрацоўваюць ня толькі мясцовую польскую руду, якой многа знаходзяць на Малапольскім узвышшы, але таксама руду, прывезеную з другіх краёў. Перад вайной у ваколіцах Дамбровы перараблялі жалезную руду, прывезеную нават з Паўднёвай Украіны. У Шлёнску, які знаходзіўся пад нямецкім заборам, фабрыкі машын і дроту раскіданы паўсюды і чаргуюцца з шклянымі гутамі, жалезнымі і цынкавымі гісэрнямі.

Выраб крамніны і жалезных тавараў так пашырыўся ў межах краіны, што гэтыя тавары задавальняюць усю Польшчу і вывозяцца на Беларусь і Украіну, а даўней вывозіліся ў Маскоўшчыну і нават у Сібір. Дзякуючы моцнаму разьвіцьцю прамысловасьці, Горны Шлёнск адзначаецца вельмі густой залюдненасьцю. (Месцам тут жыве каля 1000 чалавек на 1 кв. кілём.). Такім чынам гэты куток нагадвае ваколіцы р. Рур у Нямеччыне, прамысловыя акругі Бэльгіі і Паўночна-Заходняй Ангельшчыны.

Карысныя мінэралы трапляюцца ня толькі ў Горным Шлěнску, але таксама і ў іншых частках пасу ўзвышшаў.

На Малапольскім узвышшы капаюць руды жалеза, цынку і волава; у Заходняй Галіччыне (каля местаў Бохні і Вялічкі пад Кракавам) тоўстымі пластамі залягае каменная соль.

Соль каля Вялічкі здабываецца ўжо болей за 800 гадоў, так што да цяперашняга часу з верхніх пластоў соль ужо выбралі. Цяпер соль там капаюць на глыбіні 150 сажняў.

У апошнія часы ў Заходняй Галіччыне вынайшлі і нафту. Аднак у Заходняй Галіччыне і асабліва на Люблінскім плоскаўзвышшы галоўным заняткам люднасьці зьяўляецца сельская гаспадарка. Там сеюць многа пшаніцы, цукровых буракоў, табакі, лёну. Наагул у гаспадарчым жыцьці Польшчы пас узвышшаў грае вельмі важную ролю. Гэта―найбагацейшая і найгусьцей залюдненая краіна Польскага краю (на 1 кв. клм, у сярэднім тут жыве 132 ч.).

Насельнікі Паўднёвай Польшчы, так званыя малапалякі, адразьняюцца ад паўночных палякаў цямнейшым колерам скуры, вачэй і валасоў, большай рухавасьцю, вясёласьцю, жвавасьцю. Барвістая вопратка іх, белая, чырвоная або пярэстая, слыне за найпякнейшую ў Польскай старонцы.

Паўднёвая Польшча завецца іначай Малой Польшчай, бо ў політычнам жыцьці Польскай дзяржавы пазьней пачала прымаць удзел, чымся Польшча "Вялікая". Слова "Малая" у адносінах да гэтай часткі Польшчы мае значэньне слова "Малодшая". Аднак пачынаючы з XІV веку, Малая Польшча заняла першае, кіраўнічае месца ў політычным жыцьці Польскай дзяржавы. Галоўны горад краіны - Кракаў - зрабіўся польскай сталіцай і асяродкам польскай культуры. Толькі пасьля далучэньня да Польшчы Літвы і Беларусі асяродак Польскай дзяржавы мусіў перасунуцца з Кракава на паўночны ўсход, у Варшаву, і Малая Польшча страціла сваю політычную вагу. Пасьля падзелаў Польшчы і іншых політычных падзей двох мінулых стагодзьдзяў Малая Польшча апынулася ў руках трох вялікіх дзяржаў. Заходняя Галіччына і так званы Цешынскі Шлёнск належаў да Аўстрыі. Горны Шлёнск―да Прусіі, значыць да Нямеччыны, рэшта была пад заборам Расіі. Некаторай вольнасьцю і самаўрадам карысталася толькі Заходняя Галіччына, якая з гэтай прычыны зрабілася асяродкам польскага нацыянальнага руху. У Горным Шлёнску паляком жылося кепска, там палякаў прымушалі вучыцца па нямецку, немцам там належалі лепшыя землі, капальні, рудні гуты і фабрыкі, у той час, як палякі заставаліся толькі работнікамі на нямецкіх фабрыках. Таксама пераважна да немцаў належалі фабрыкі і капальні у расійскай частцы краіны; становішча палякаў і там было цяжкім. Пасьля вайны 1914-18 г. польскія легіёны, набраныя у Заходняй Галіччыне, зьявіліся асновай польскага войска і прынялі дзейны ўдзел у працы над аб'яднаньнем Польшчы.

Горны Шлёнск за час нямецкага панаваньня моцна анямечыўся, процант палякаў там значна зьменшыўся. Калі пасьля вайны там быў зроблены плебісцыт, большасьць насельнікаў выказалася за далучэньне да Нямеччыны. Тады Горна-Шлёнскую акругу падзялілі паміж Нямецкай і Польскай рэспублікамі Лепшая, самая багатая вугалем частка Горнага Шлёнску пры

гэтым увайшла ў склад Польскай дзяржавы.

Як і заўсёды ў прамысловых краінах, у Паўднёвай Польшчы многа багатых прамысловых гарадоў. Найвялікшы з іх Кракаў (176000 насельн.) ляжыць у тым месцы вышнявіны Віслы, дзе гэтая рака робіцца прыгоднай для руху параходаў. Праз гэты горад праходзіць найкарацейшая дарога з Украіны ў абход Карпат у Заходнюю Эўропу. У XІV-XVІ вякох Кракаў

Мал. 70.-Кракаў. Кракаўскі замак.

быў сталіцай Польскай дзяржавы, пасьля заставаўся месцам каранаваньня польскіх каралёў, потым у XІX веку да 1846 г. быў асобнай рэспублікай, нарэшце ўвайшоў у склад Аўстрыйскай монархіі, і праз увесь час аўстрыйскага забору заставаўся асяродкам польскага нацыянальнага руху і польскай культуры. Кракаўскі унівэрсытэт і цяпер лічыцца лепшай у Польшчы і адной з лепшых у Эўропе навуковай установай. Каля яго гуртуюцца лепшыя навуковыя сілы польскага народу.

Асяродкам Люблінскага плоскаўзвышша зьяўляецца места Люблін (100 тыс. насельн.) з новым унівэрсытэтам.

Болей за ўсё гарадоў пабудована ў прамысловых акругах Горнага Шлёнску і на захадзе Малапольскага ўзвышша.

Месцам гарады, фабрычныя мястэчкі і капальні зрастаюцца там у адзінае вялікае згуртаваньне комінаў і будынкаў, як у Бэльгìі або каля Бірмінгэму. Як і там, у паветры тут заўсёды вісіць дым і смаль; як і там, сьвіст гудкоў вечна зьліваецца з клумам і лясканьнем машын.

Адным з галоўных асяродкаў гэтага прамысловага кутка зьяўляецца места Сасновіцы (86 тыс. насельн.). Гэтае места ляжыць на зямлі, якая належала раней да Расіі, але блізка яе былых меж з Аўстрыяй і Нямеччынай. У ваколіцах Сасновін капаюць слынны дамброўскі вугаль, здабываюць цынк і срэбна-валавяную руду, а ў самым горадзе пашырыўся выраб крамніны і жалезных рэчаў. На поўнач ад Сасновіц ляжыць Чэнстахоў (82000 насельн.), вядомы вырабам крамніны і сернікаў.

У Чэнстахове знаходзіцца вядомы кляштар, які карыстаецца вялікай популярнасьцю сярод польскіх каталікоў.

На захад ад Сасновіцкай акругі па той бок былай расійска-нямецкай мяжы дзесяткі гарадоў ляжаць адзін каля другога і супарнічаюць у вырабе жалезных прылад. Галоўны з іx Крулеўска-Гута некалькі дзесяткаў гадоў назад быў маленькай вёскай, а цяпер налічвае 75 тысяч насельнікаў. мае многа харошых крам і вялікіх фабрык.

На поўдзень адгэтуль на мяжы з Чэхіяй у так званым Цешынскім Шлёнску ляжыць падвойны прамысловы горад Астрава (54 тыс. нас.). Заходняя частка гэтага места завецца Мараўскай Астравай і залюднена чэхамі; усходняя частка, залюдненая палякамі, завецца Польскай Астравай. У ваколіцах Астравы многа капальняў каменнага вугалю, якім карыстаюцца буйныя фабрыкі гораду.

Пас нізін або Сярэдняя Польшча ляжыць на поўнач ад Малапольскіх узвышшаў у вадазборы сярэдніх частак Віслы і Варты. Тутэйшыя рэкі прабягаюць галоўным чынам з усходу на захад на шырокіх далінах, прамытых яшчэ ў ледавіковую эпоху тымі рэкамі, што абцякалі тут паўднёвую мяжу ледавіка, калі гэтая мяжа затрымалася ў паўночных частках краіны.

Большая частка пасу нізін зьяўляецца вельмі роўнай краінай, так што рэкі тут маюць зусім малы нахіл дна і цякуць ляніва, павольна. Толькі берагі старых далін, калі на іх глядзець зьнізу, маюць выгляд узгор'яў, але нават і яны ляжаць нявысока над роўнем мора. (Варшава ляжыць на вышыні 110 мэтраў над р. м., а Познань у даліне Варты — паднята над роўнем мора толькі на 52 мэтры).

Калісьці ўсю краіну пакрывалі лясы і балоты. Лясоў, асабліва на ўсходзе, засталося многа і да гэтага часу. Па лясох здаўна заведзена правільная лясная гаспадарка; дрэвы высякаюцца толькі тады, калі дасягнуць пэўнага росту. Месцам па лясох пад аховай уласьнікаў захавалася многа дзікіх зьвяроў: дзікаў, дзікіх коз, зайцоў і розных птушак. Па гэтых зьвярынцах часам дзеля забавы палююць буйныя земляўласьнікі―уладары гэтых лясоў. На захадзе краіны ў так званых Куявах і ў Вялікай Польшчы лясоў засталося мала, так што там насельнікі краіны паляць печы саломай, торфам або вугалем.

Большая частка балот краіны асушана, а там, дзе ня было магчымасьці асушыць балоты, павыкапваны саджалкі, у якіх гадуюць рыбу. На захадзе ёсьць і прыродныя вадаёмы―вазёры.

Гаспадарка у краіне наагул стаіць добра. Зямлю угнойваюць штучнымі і зялёнамі гнаямі, пры вырабе зямлі карыстаюцца палепшанымі сельска-гаспадарчымі прыладамі і трымаюцца найвыгаднейшых спосабаў ральніцтва. Збожжа асабліва добра родзіць у Куявах на гляістай багатай глебе, адкладзенай на дне вазёр, якія там калісь былі значна большымі, як цяпер. Добра стаіць гаспадарка і ў Вялікай Польшчы, дзе ад немцаў народ навучыўся лепш вырабляць зямлю.

Жытам, пшаніцай, аўсом, ячменем і бульбай краіна задавальняе ўсю Польшчу. Як і ўсюды пры шматпалёўцы, значныя прасторы ворнай зямлі засяваюцца кармавымі расьлінамі: канюшынай, вікай, кармавымі буракамі і г. д. З тэхнічных расьлін паўсюды, асабліва на захадзе, сеюць цукровыя буракі, табаку, хмель, цыкорыю. Каля сядзібаў па вёсках, дварох і мястачках многа садоў. Дзякуючы вялікім запасам кармавых расьлін, добра пастаўлена і гадоўля жывёлы, асабліва ў Вялікай Польшчы, дзе трымаюць найлепшых коняй і быдла. Наагул заходняя частка краіны можа лічыцца за адну з багацейшых сельска-гаспадарчых акруг Эўропы. Наадварот, на ўсходзе, у так званай Мазуршчыне, дзе глеба горшая і дзе яе ня так старанна вырабляюць, сельская гаспадарка стаіць далёка ня гэтак высока.

Падземных багацьцяў у пасе нізін ня вельмі многа. Нетракапальная прамысловасьць, як і сельская гаспадарка, вышэй стаіць на захадзе ў Куявах. Там каля мястэчка Іновроцлаў здабываюць досыць многа кухеннай солі і бурага вугалю. Мясцовага апалу для фабрык краіны не хапае, а вугаль для іх прывозіцца з Шлёнску. Фабрык наагул многа, асабліва пашыраны такія фабрыкі, на якіх перапрацоўваюцца сельска-гаспадарчыя продукты; цукраварні, бравары, гарбарні, а таксама фабрыкі, на якіх вырабляюцца сельска-гаспадарчыя машыны. Апрача таго ёсьць фабрыкі, на якіх вырабляюць крамніну, абуцьцё і г. д.

Фабрычная прамысловасьць пачала хутка пашырацца ў краіне з сярэдзіны мінулага веку. Зьнішчэньне мытнічнай мяжы між Расіяй і Польшчай адчыніла для польскіх фабрычных вырабаў доступ на бязьмерна вялікую прастору сельска-гаспадарчых краёў Усходняй Эўропы. У зьвязку з гэтым на тэрыторыі Расійскай Польшчы пачалі будаваць свае фабрыкі нават нямецкія капіталістыя, якім было выгадней вывозіць фабрычныя вырабы адгэтуль бяз мыты на ўсход, чымся перавозіць такія вырабы цераз Расійска-Нямецкую мытнічную мяжу. Гандлем з усходам зацікавіліся і польскія капіталістыя. У Польшчы адчыніўся польскі банк, які спэцыяльна дапамагаў польскім капыталістым купляць рудні і капальні, будаваць фабрыкі і гуты. На варшаўскіх і лодзінскіх фабрыках пачалі перапрацоўваць ня толькі ўсходняэўропэйскую, але нават азійскую сырыну: туркестанскую баваўну і сібірскую воўну. Варшаўскае абуцьцё і лодзінская крамніна вывозіліся ўва ўсе куты даўнай Расійскай імпэрыі, на Каўказ, Туркестан і ў Сібір.

Аднак фабрычная прамысловасьць разьвілася галоўным чынам у тэй частцы краіны, якая належала да Расіі. Тая-ж частка пасу нізін, што ляжала ў межах даваеннай Нямеччыны, заходняя частка Вялікай Польшчы, або так званая Познань, заставалася сельска-гаспадарчай акругай. Калі там і ёсьць фабрык, дык толькі такія, якія вырабляюць сельска-гаспадарчыя

машыны або апрацоўваюць мясцовыя сельска-гаспадарчыя продукты.

Нізінная частка Польшчы займае вельмі выгоднае палажэньне. Па гэтай краіне пралягаюць галоўныя шляхі з Маскоўшчыны і Беларусі ў Заходнюю Эўропу. Цераз вадазбор Віслы злучаны рэчныя ўклады Дняпра і Одэру; галоўныя гандлёвыя чыгункі з Усходняй Эўропы ў Нямеччыну, Чэхію, Аўстрыю і Францыю таксама праходзяць праз Сярэднюю Польшчу. З даўных часоў краіна была пасярэдніцай у гандлі прамысловых культурных краëў Заходняй Эўропы з адсталымі краінамі Усходняй Эўропы, дзе вырабляецца пераважна сырына.

Насельнікі Сярэдняй Польшчы належаць галоўным чынам да двох пляменьняў польскага народу: на захадзе, па Варце, жывуць вялікапалякі, на ўсходзе, у вадазборы Віслы, пераважваюць мазуры. Як першыя, гэтак і другія адразьняюцца ад малапалякаў вышэйшым ростам, сьвятлейшым колерам скуры і валасоў, спакайнейшым, болей вытрыманым характарам, большай працаздольнасьцю. Вопратку яны маюць цямнейшую, звычайна шэрага або сіняга колеру. Вялікапалякі трохі падобны да немцаў. Яны болей шануюць дысцыпліну, адзначаюцца меншай прыветлівасьцю, большай жорсткасьцю, чымся вясёлыя жвавыя мазуры.

Заходняя частка краіны Вялікая Польшча і Куявы―можа лічыцца калыскай Польскай дзяржаўнасьці. Тамака стварылася Польскае каралеўства, і адтуль улада польскіх каралёў пашыралася на ўсход па ўсіх землях, залюдненых палякамі, і на захад аж да Лабы. Пасьля таго, як Польшча страціла свае ўладаньні на захадзе, страціла сваю вагу і Вялікая Польшча. На першае месца вышла спачатку Малая Польшча, а пасьля таго, як Польшча злучылася з Літоўска-Беларускім княствам, на чале Польскай Рэчы Пасполітай апынулася Мазуршчына, усходняя палова пасу нізін.

Мазуры колёнізавалі Падлясьсе і Віленшчыну і кіравалі польскімі паўстаньнямі супроць расійскага ўраду.

Пасьля падзелаў Польшчы большая частка Вялікай Польшчы і часьцінка Куяваў, пад імем провінцыі Познані, увайшлі ў склад Нямеччыны (Прусіі), рэшта краіны адышла да Расіі. Паляком жылося кепска і пад расійскім і пад нямецкім панаваньнем, але з прычыны вышэйшай культуры немцаў іх уціск быў больш небясьпечным для польскага народу. У Познані немцы

скуплялі польскія землі, а палякоў прымушалі вучыцца панямецку, так што там палякі патроху забываліся на родную мову і пачыналі анямечвацца.

Большасьць насельнікаў краіны жыве па вёсках і фольварках, але гарадоў там усё-ж-ткі многа болей, як у нас на Беларусі. Гарады маюць звычайна заходня-эўропэйскі выгляд. Готычныя касьцёлы, прыгожыя гарадзкія сады, добрыя, чыста брукаваныя вуліцы, зграбныя цагляныя будынкі дадаюць польскім местам падобнасьць да нямецкіх гарадоў.

Сталіца Польскай Рэспублікі Варшава (931 тыс. насельн.) ляжыць у сярэдзіне краіны на Вісьле паміж вусьцяў Буга-Нарвы і Піліцы. Тут крыжуюцца вельмі важныя чыгункі, што злучаюць Ленінград - Вільню з Венай і Італіяй, а таксама Маскву-Менск з Бэрлінам і Парыжам. Дзякуючы такому палажэньню. Варшава зьяўляецца галоўным гандлёвым асяродкам Польшчы.

Мал. 71.―Старое Места ў Варшаве.

Як прамысловы асяродак, Варшава мае многа розных фабрык, на якіх перапрацоўваюцца воўна, скура, шоўк, вырабляюцца машыны, цукер, адзеньне. Варшаўскае абуцьце карыстаецца сусьветнай славай.

У Варшаве, як у польскай сталіцы, жыве прэзыдэнт Польскай рэспублікі, знаходзяцца габінэт міністраў, сэнат і сойм.

Як у культурным асяродку краіны, тут ёсьць унівэрсытэт, політэхніка і многа іншых вышэйшых школ. Сюды зьяжджаецца вучыцца моладзь з усіх канцоў Польшчы.

Сучасныя вялікія будынкі чаргуюцца ў Варшаве з старасьвецкімі касьцёламі і палацамі. Паркі і гарадзкія сады, прыгожыя помнікі розным польскім дзеячом дадаюць гораду многа

хараства. Да вайны 1914 г., калі Варшава належала да Расіі,

расійцы звалі яе "прыгожай брамай у Эўропу“.

На паўднёвы захад ад Варшавы, на мяжы Мазуршчыны з Вялікай і Малой Польшчай ляжыць Лодзь (452 тыс. насельн.). Сто гадоў назад тут была маленькая вёска, а цяпер гэта вялікі горад, асяродак багатай прамысловай акругі. Лодзь―важнейшы фабрычны горад Польшчы. На тутэйшых фабрыках перапрацоўваюць пераважна воўну і баваўну.

Навокала Лодзі пабудована многа прамысловых мест, у якіх таксама вырабляюць танную крамніну. Пасьля вайны, калі Польшча зрабілася самастойнай рэспублікай, і мытнічная граніца аддзяліла яе ад Усходняй Эўропы, продукцыя тутэйшых фабрык значна зьменшылася.

Асяродкам Вялікай Польшчы зьяўляецца горад Познань (157 тыс. насельн.), які ляжыць на Варце і мае многа пукраварань, гарбарань, фабрык машын і табакі. У часы панаваньня немцаў у Заходняй Польшчы Познань была асяродкам польскага руху ў Нямеччыне. Дзякуючы сваім бібліотэкам, навуковым таварыствам і нядаўна адчыненаму унівэрсытэту гэта важны культурна-асьветны асяродак Заходняй Польшчы.

Кашубская краіна абымае вадазбор Вісьлянскай нізавіны і частку ўзьбярэжжа Гданьскай затокі на захад ад вусьцяў Віслы.

Вісла прабіваецца тут праз вазёрныя ўзгор'і, наваленыя даўным ледавіком, і перад тым, як уліцца у мора, падзяляецца на некалькі адток. з якіх складаецца ўраджайная Вісьлянская дельта. Адны адтокі ўліваюцца беспасрэдна у Гданьскую затоку, другія трапляюць у так званы Фрышгаф. Гэты гаф аддзяляецца ад мора вузкім пескавым гакам, складзеным з накіданых мораў пескавых выдмаў.

Большасьць насельнікаў краіны складаецца з польскага племя кашубау, але й самай дэльце і па гарадох апрача іх жыве многа немцаў. Вузкай паласой землі, залюдненыя кашубам, даходзяць аж да самага мора на захад ад Віслы, уразаючыся у землі, залюдненыя немцамі. Кашубы лічацца добрымі мораходамі і да вайны 1914-18 г., калі крайна належала да Нямеччыны, складалі значны процант сярод матросаў нямецкага флëту. Яны сеюць жыта, авëс і бульбу, гадуюць быдла, сьвіней, авечак, займаюцца рыбацтвам і ляснымі промысламі, бо лясоў тут захавалася досыць многа.

Пасьля сусьветнай вайны большая частка краіны ўвайшла ў склад Польскай рэспублікі, але галоўная прыстань пры вусьці Віслы―горад Гданьск (або Данцыг, 195 тыс. насельн.) застаўся незалежным вольным местам. Гданьск злучан з морам суднаходным каналам, па якім могуць плаваць вялізныя морскія караблі, і зьяўляецца прыродным выйсьцем Польшчы да мора. Праз Гданьск вывозіцца большая частка польскіх тавараў, галоўным чынам сельска-гаспадарчых. Большасьць насельнікаў гораду―немцы; з гэтай прычыны яго не далучылі да Польшчы.

Харошыя старасьвецкія будынкі сьведчаць аб дауным багацьці Гданьску, аб тых часох, калі ён належаў да нямецкага

гандлёвага хаўрусу гарадоў Ганзы. Цяпер тут будуюць караблі і, як у асяродку ўраджайнай сельска-гаспадарчай краіны, перапрацоўваюць продукты ральніцтва. Ёсьць тут многа паравых

млыноў і цукраварань.

У беспасрэдным валаданьні Польшчы ёсьць толькі маленькая прыстань Пуцк, і наагул у Кашубскай краіне апрача Гданьску мала гандлёвых гарадоў.


Мал. 72.-Гданьск.

Кашубскую краіну завуць іначай Заходняй або Каралеўскай

Прусіяй. У адзнаку ад Усходняй Прусіі, Княскай, яна да дзелаў Польшчы належала да Польскага каралеўства, у той час,

як Усходняя Прусія і тады ўжо была часткай Прускай дзяржавы.


  1. Пад словам Польшча мы разумеем тут Польскую географічную краіну, у склад якой уваходзяць далёка ня ўсе ўладаньні Польскай Рэспублікі. Усходняя Галіччына, Заходняя Валынь, Холмчына і Заходняя Беларусь будуць разглядацца асобна пры аглядзе Ўсходняй Эўропы.