Географія Эўропы (1924)/Усходняя Эўропа/Крым

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Карпаты Крым
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Казацкія стэпы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Крым.

(Азнач географічнае палажэньне Крымскага паўвострава. Пералічы, якія моры яго атачаюць. Які пярэсмык элучае Крым з Украінай? Якая пратока злучае Азоўскае мора з Чорным? Які паўвостраў аддзяляецца ад Крыму на ўсходзе?).

Між Азоўскім морам і Адэскай затокай Чорнага мора ляжыць паувостраў Крым, злучаны з Украінай толькі вузкім Перакопскім пярэсмыкам. На ўсход ад гэтага пярэсмыку між Украінай і Крымам урэзалася ўсыхаючая затока Азоўскага мора, вядомая пад назовам Сівашу або Гнілога мора. Берагі Сівашу пескаватыя, зьвілістыя, вада салоная, так што на дне кожны год асядае пласт солі, якую там здабываюць у вялікай колькасьці. Вузкі і даўгі Арабацкі гак аддзяляе Гнілое мора ад Азоўскага і дадае Сівашу выгляд вялікага ліману. Выпарэньне вады з паверхні Гнілога мора тякое вялікае, што вада Азоўскага мора заўсёды цячэ ў Сіваш, папаўняючы ўбытак паруючай вады. Такім чынам Азоўскае мора мае падобнасьць да стокавага возера і мае ваду амаль-што прэсную, а Сіваш нагадвае бясстокавае возера, колькасьць солі ў ім заўсёды павялічваецца яна мусіць крышталізавацца тут, асядаць на дно. Вада Сівашу такая салоная, што ў ёй цяпер ня могуць жыць ані рыбы, ані якія іншыя морскія організмы. Рэшткі даўнай расьліннасьці Сівашу, выкінутыя хвалям на узьбярэжжа, гніюць і выдзяляюць няпрыемна пахнучы серка - вадародны газ (H2S). Гнілое мора вельмі вялікае, так што цераз яго аказа. лася магчымым пракласьці чыгунку, якая злучыла Крым з Украінай і Маскоўшчынай. Чыгунка гэтая часткай праходзіць па гаках і астравох Сівашу, часткай па мастох, часткай па грэблях, насыпаных на дне самага мора.

Аддзелены Сівашом ад рэшты Ўсходняй Эўропы, лежачы блізка да Міжземнаморскіх старонак, Крым, або як яго йначай завуць Таўрыя, жыў з даўных часоў сваім асобным жыцьцём і вельмі рана запазычыў даўна-грэцкую культуру. Сюды адзін за адным пранікалі народы, што вандравалі па ўкраінскім стэпе, а з другога боку па моры сюды наяжджалі гандляры і коленістыя з Паўднёвай Эўропы. З гэтай прычыны люднасьць. Крыму складаецца з самых рознастайных народаў і пляменьняў. Болей за ўсё тут украінцаў, якія надышлі сюды параўнауча нядаўна; за імі па колькасьці йдуць патомкі крымскіх татар, сумленны народ, які захаваў у чыстаце даўныя звычаі і старасьвецкі спосаб жыцьця.

Рэшту насяленьня складаюць маскоўцы, грэкі, жылы, караімы (сэкта жыдоўскай веры, якая заве сябе патомкамі даўніх хазараў), армяне, немцы, балгары, цыганы, беларусы і г. д.

З пачатку гістарычных часоў у Крыме жылі так званыя кімэрыйскія тракійцы. З часам іх павыціскалі адтуль таўры, народ скіцкага пахаджэньня, які запазычыў даўна-грэцкую культуру. Раскопкі царскіх магіл даўных таўраў прывялі да вынаходкі ўжываных таўрамі дзіўных ваз, акрасаў, грошай, спрату і прылад, зробленых з каштоўных мэталаў і прыкрашаных малюнкамі. Гэтыя прылады сьведчаць, што ўжо ў самыя даўныя часы гісторыі Крым быў гандлёвым пасярэднікам між Грэцыяй і Усходняй Эўропай, гандляваў нават з Уралам, адкуль толькі і маглі пахадзіць некаторыя мэталічныя вырабы, пахованыя ў таўрскіх магілах. Ужо тады на узьбярэжжах Крыму існавалі багатыя грэцкія колёніі, якія ўплывалі адгэтуль на культурнае жыцьцё ўсёй Усходняй Эўропы. У часы панаваньня ў Эўропе Вялікага Рыму у Крыме ўтварылася магутная дзяржава, так званае Босфорскае царства слыннага Мітрыдата. На рубяжы даўных і сярэдніх вякоў сюды надышлі готы, народ гэрманскага племя, які панаваў тады і на ўсім паўднёвым усходзе Эўропы. Рэшткі готаў захаваліся ў Крыме аж да ХVІІ в. Кожны народ, які вандраваў па стэпах Паўднёвай Украіны, даваў новых перасяленцаў і ў Крым. Аднак, у той час, як на Украіне новыя хвалі вандроўнікаў хутка змывалі папярэдніх насельнікаў, у Крыме ў баку ад галоўнай дарогі з Азіі ў Эўропу старыя народы затрымоўваліся значна даўжэй. Ёсьць довады, што яшчэ ў 1334 г. у Крыме трымаліся патомкі аланаў, зьнікшых многа раней у рэшце Эўропы. Гандлем Крымскага паўвострава пасьля грэкаў кіравалі взнэцыйцы, якіх потым замянілі гэнуйцы, што залажылі тут багатыя гандлёвыя колёніl. Апошнімі з вандроўнікаў Усходняй Эўропы, якія захаплялі Крым, былі татары, што залажыл тут Крымскае ханства. Горды крымскіх татараў, вядомыя часамі пад назовам перакопскіх і нагайскіх гордаў, доўга палохалі ўсю Украіну, а часамі непакоілі Беларусь і Польшчу. Аддаўшыся пад уладу турэцкага султана, крымскія татары яшчэ болей умацаваліся, часта нападалі на Украіну, набіралі там палонных і прадавалі ў няволю ў Турэччыну. У 1783 г. Крым адышоў да Маскоўшчыны, і большасьць яго татарскай люднасьці павысялялася ў Турэччыну. Замест іх тут пачалі сяліцца ўкраінцы, немцы, маскоўцы і балгары.

Пасьля рэволюцыі ў Расіі Крым зрабіўся самаўраднай рэспублікай (38500 кв. клм., 594 тыс. насельн.), якая ўваходзіць у склад РСФСР.

Паводле прыроды Крым можна падзяліць на тры краіны: 1) Стэпы Паўночнага Крыму, 2) Крымскія горы і 3) Керчанскі паўвостраў.

Паўночна-заходняя частка Крыму зьяўляецца працягам украінскіх стэпаў. Гэта ўзгаркаватая раўніна, пакрытая лёзсам або лёзсавымі глінамі, перарэзаная ярамі і перасыхаючымі рэкамі. Толькі адна рака Салгір, якая пачынаецца ў горах Паўднёвага Крыму і ўліваецца ў Гнілое мора, не перасыхае ў значнай частцы свайго бегу, але нават у ëй улетку вада ледзь пакрывае рэчышча.

Клімат тут яшчэ сушэйшы, як у Паўднёвай Украіне. (Толькі на поўдні, у прыгор'ях Крымскіх гор, дажджу выліваецца болей за 300 мілім.)

Сімфэрополь мае сярэднюю тэмп. году +10,1°, сярэднюю студзеня -0,8°, ліпеня +20,8°.

Глеба тут бурая, з малым процантам перагною, часамі пераходзіць у бясплодныя саланчакі, але месцам сустракаецца і чорназем, хаця і не такі багаты, як на Украіне (зьмяшчае 4-6% перагною). Тут яшчэ захаваліся месцам кавалкі нечапанага стэпу, пярэстага ад красак на лепшых грунтох, шэрага, аднастайнага на саланчакох. Гадоўля жывёлы і ральніцтва зьяўляецца тут галоўнымі заняткамі люднасьці. Гадуюць авечкі, быдла. коні, месцам нават вярблюдаў. У лепей абваднёных месцах сеюць пшавіцу, а каля вёсак, дзе магчыма штучнае абвадненьне, пераважна ў далінах рэк, сеюць табаку, кавуны, дыні, баклажаны, перац, памідоры, кіяхі; саджаюць вінаграднік, абрыкосы, чарэшні, яблыні і йгрушы, морву і г. д. У ліманах і ў Гнілым моры здабываюць соль.

На захадзе краіны каля мора ляжыць асяродак здабываньня солі, лячэбнае места Эўпаторыя, прыстань для караблёу паузьбярэжнага плананьня з найлепшым для морскага купаньня пляжам.

На Салгіры і на чыгунцы ў прыгор'ях Крымскіх гор ляжыць Сімфэрополь (71000 насельн.), сучасная сталіца Крымскай самаўраднай рэспублікі, багаты горад з прыгожым гарадзкім садам, добрымі магазынамі, прыгожымі помнікамі, царквамі і мячэцямі. Залюдненая татарамі старая частка гораду мае зусім усходні выгляд, адзначаецца крывымі вуліцамі, плоскімі дахамі, высокімі мінарэтамі многалічных мячэцяй.

Яшчэ болей старасьветчыны захавалася ў Бахчысараі, які ляжыць на тэй-жа чыгунцы, што злучае Крым з Украінай і Маскоўшчынай, у катліне, абкружанай папнавымі скаламі. Гэтая даўняя сталіца крымскіх ханаў і да цяперашняга часу зьяўляецца татарскім местам з жоўтымі хатамі, крытымі плоскімі дахамі, многалічнымі кавярнямі, гэтымі клюбамі татар, з грэцкімі і татарскімі крамамі, нарэшце з цікавым ханскім палацам, у унутраных панадворках і садочках якога вечна пырскае вада фонтанаў, і ціха шасьцяць лісты старых морваў. У ваколіцах Бахчысараю знаходзіцца, горад памершых з пячорнымі пакоямі — Чуфут-Кале, сьвятыня караімаў.

Ад Бахчысараю галоўная Крымская чыгунка цягнецца далей на паўднёвы захад, у тунэлях пераразае адгорі Крымскіх гор і каля мора дасягае Сэвастополю (63 тыс. нас.), галоўнай морскай крэпасьці Усходняй Эўропы, якая ляжыць каля найлепшай разьвіленай букты.

Гэта прыгожы чыста эўропэйскі горад з шырокімі вуліцамі, раскошнымі магазынамі, цікавымі музэямі, харошымі бульварамі. Калісь каля сучаснага Сэвастополю існавала грэцкая колёнія Хэрсонэк (Карсунь), у якой нібы-то хрысьціўся ў 988 г. кеўскі князь Уладзімір сьвяты. На месцы гэтай колёніі ў ваколіцах Сэвастополю пабудован г. зв. Хэрсонескі кляштар.

Крымскія горы цягнуцца на паўночны ўсход ад Севастополю роуналежна паўднёваму берагу Крымскага паўвострава. Гэта параўнаўча маладыя зморшчавыя горы, якія лічацца за працяг Балканскіх гор з аднаго боку і Каўкаскіх гор — з другога. Сучасныя Крымскія горы зьяўляюцца толькі маленькай рэшткай вялізнага горнага зморшчу, што цягнуўся калісь ад Балкан да Каўказу. Па сярэдзіне гэтага зморшчу удоўж яго ўтварылася даўгая вялізная шчыліка, а ўся частка зморшчу, што ляжала на поўдзень ад гэтай шчыліны, асунулася і абурылася ў глыб зямлі. Гэтым тлумачыцца сучасная будова Крымскіх гор, у якіх нібы адсутнічае паўднёвы схіл. На месцы даўнай шчыліны з-пад зямлі павылівалася шмат цякучай лявы, з якой утварыліся вульканы. Рэшткі гэтых вульканаў (Аюдаг, Ай-Тодор, Кастэль) яшчэ й цяпер уздымаюцца над самым морам у стане невялікіх стожкавых гор.

Над гэтымі гарамі ўзвышаюцца галоўныя ўзвышшы Крымскага ланцуга, складзеныя з цьвёрдых вапнякоў, павыгрызаных пячорамі, катлінамі, ямамі (найвышэйшы пункт Раман-Кош 1543 м. н. р. м.). Вярхі Крымскіх гор, звычайна плоскія, бязводныя, багатыя карставымі зьявамі, пакрыты толькі убогай траўкай і завуцца Яйлой (Яйла — паша). На поўдзень Яйла раптам абрываецца, на поўнач пахіляецца павольна, прычым вапнякі хаваюцца пад пластамі гліністых лупнякоў і пескавікоў. Східы Крымскіх тор пакрыты лясамі, наверсе хваёвымі, ніжэй дубовымі і букавымі.

Нізкія праходы аддзяляюць ад галоўнай Яйлы некалькі асобных масываў і ў тым ліку Чатырдаг (1523 м. н. р. м.), які раней лічыўся найвышэйшым месцам усяго Крыму.

Пад забаронай Крымскіх гор паўднёвае узьбярэжжа паўвострава карыстаецца вельмі прыемным, цёплым кліматам і паводле прыгожасьці свайго краявіду і мяккасьці клімату нагадвае рыв'еру. Узімку маразоў тут зусім ня бывае, і толькі, як паўсюды ў Паўднёвай Эўропе, часта выпадаюць дажджы. Вясна цёплая, раньняя; лета гарачае, але сьпякота умяраецца блізкасьню мора; восень прыемная, багатая на вінаград і плады.

Сярэдняя тэмп. году ў Ялце +13,4°, сярэд студзеня +3,5°, ліпеня +24,2°.

Яснае неба, цёплае паўднёвае сонца, бліскучае цёмнае мора дадаюць надзвычайную чароўнасьць і хараство краявіду. Дзікія голыя скалы Крымскіх гор, эмрочныя цясьніны, зрывістыя бяздоньні чаргуюцца тутака з вясёлымі зялёнымі вінаграднямі, з лясамі букаў і хвой, з садамі, паркамі ды прыгожымі мястэчкамі.

Мірты і ляўры, магнолі ды олеандры, купрэсы і сунічныя дрэвы сваім вечназялёным лісьцем дадаюць краіне падобнасьць да Міжземнаморскіх краёў. Тут добра пасьпяваюць пэрсікі, растуць найлепшыя гатункі вінаградніку, вырабляюцца найлепшыя гатункі він. Сады, вінаградні ды засевы найдалікатнейшых гатункаў табакі становяць галоўнае багацьце Паўднёвага узьбярэжжа Крыму. Прыемны, здаровы клімат і прыгожы краявід прынаджвае сюды тысячы хворых на сухоты і проста багатых людзей, якія жадаюць тут адпачыць ад працы, падмацаваць здароўе і весела правесьці час у шыкоўных тутэйшых здароўніцах. У апошнія дзесяцёхгодзьдзі ўвесь паўднёвы бераг Крыму пакрыўся вясёлымі, харошымі мястэчкамі-здароўніцамі, у якіх існуюць санаторыі для хворых і раскошныя готэлі для багатыроў.

Горы, сонца, вечная зелень і мора зрабілі ўсё ўзьбярэжжа аднэй вялікай чароўнай здароўніцай з дзіўнымі замкамі (Орыянда, Лівадыя), якія належалі раней да расійскіх цароў, з прыгожымі паркамі і ботанічнымі садамі (Нікіцкі сад), у якіх растуць усе гатункі міжземнаморскіх расьлін.

Асяродкам гэтага краю зьяўляецца Ялта, — невялікі, але прыгожы, чысты, шыкоўны горад-здароўніца на схілах гор над самым морам. На ўсходзе, дзе канчаюцца Крымскія горы, стаіць Тэодосія (23000 нас.), гандлёвая прыстань, злучаная чыгункай з Паўночным Крымам.

Керчанскі паўвостраў пачынаецца на ўсход ад Тэодосіі. Гэта ўзгаркаваты стэп, падобны паводле кліматычных варункаў і расьліннасьці да Паўночнага Крыму. Пласты земнай кары тут складаюцца ў нізкія плоскія зморшчы, якія лічацца заходнімі адгор'ямі Каўказу. Шмат у якіх месцах тут сустракаюцца гразявыя крыніцы, або як іх даўней звалі гразявыя вульканы". Час-ад-часу з іх выкідаецца гразь, якая хутка ўсыхае і стварае стожкавідны узгорак, падобны па выглядзе да маленькага вулькану з жэралам наверсе.

Выбухі гразі тлумачацца распадам органічнай матэрыі, якая ляжыць пад зямлёй. Газы, утварыўшыся з гэтай матэрыі, з імпэтам выдзяляюцца з шчылін у земных пластох і выкідаюць разам з сабой струмені гразі, падкідваючы іх на некалькі цаль увышкі.

Запраўдных вульканічных зь явішчаў тут ня бывае, але гарачыя мінэральная крыніцы, распаўсюджаныя ў краіне, сьведчаць аб тым, што недзе пад зямлёй да гэтага часу ляжаць пласты неастыглай лявы. Керчанскі паўвостраў вельмі багаты на нафту, якая месцам тут выцякае сама на паверхню. Ёсьць тут і вялікія паклады жалезнай руды, але да цяперашняга часу мінэральныя багацьці бязмаль-што не распрацоўваюцца.

З даўных часоў Керчанскі паўвостраў меў вялікае гандлёвае і стратэгічнае значэньне, бо пануе над выйсьцем з Азоўскага мора. Курганы з багатымі кладамі, зарытымі разам з нябожчыкамі, сьведчаць аб густой залюдненасьці і даўнейшым багацьці краіны. Тут была калісь сталіца даўнага багатага Босфорскага царства, сучасны горад Керч (26000 нас.), што ляжыць каля аднаназоўнай пратокі. Цяпер гэта морская крэпасьць і гандлёвая прыстань, у ваколіцах якой у моры і ў пратоцы ловяць так званыя керчанскія селядцы.