Географія Эўропы (1924)/Усходняя Эўропа/Украіна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паўднёвая Маскоўшчына Украіна
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Карпаты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Украіна.

(Азнач географічнае палажэньне. Пералічы старонкі і краіны, з якімі Украіна мяжуецца. Якое мора абмяжоўвае Украіну з паўдня?).

На паўднёвы захад ад Паўднёвай Маскоўшчыны між вусьцямі Дону і Карпатамі расьцягнулася Украіна, самая багатая, вялікая і самая тыповая частка паўднёвага пасу Ўсходняй Эўропы.

З захаду на ўсход ад Карпат да р. Данца па сярэдзіне Украіны цягнецца яе аснова - старадаўны гранітны груд. Калісь гэты гранітны груд быў запраўдным горным ланцугом, але з таго часу прайшло многа мільёнаў гадоў: вада і выпятрэньне зрабілі сваю справу - бязмаль дашчэнту зруйнавалі ўкраінскі ланцуг. З цягам часу гранітны ланцуг зусім зьнізіўся, і нават усю Украіну пакрыла скрозь вада мора. Калі затым Украна зноу паднялася над роўнем мора і зрабілася сухазем'ем, дык уся яна была ужо пакрыта грубым пластом морскіх адкладаў. Паверх гэтых адкладаў у ледавіковы пэрыод у Паўночнай Украіне адклаўся пласт морон, але нідзе гэты лелавіковы навал не выступае на паверхню. Паўсюды на паверхні украіны адклаўся яшчэ пласт лёзсу. Морскія ды ледавіковыя адклады і лёэс пакрылі Украіну паземнымі пластамі, над якімі схаваліся ўсе даўнейшыя няроўнасьці старонкі, у тым ліку і гранітны ўкраінскі груд.

Краявід Украіны залежыць галоўным чынам ад асаблівасьцяй самага павярхоўнага пласту, ад асаблівасьцяй лёзсу. Раучакі, яры і ракі, якія тут утварыліся з раўчакоў, густой сеткай пакрываюць Украіну. Рэкі прамылі сабе глыбокія даліны ў мяккіх пластох і часамі ўрэзаліся ў гэтыя пласты аж да самай іх гранітнай падставы. Такім чынам агаліўся ў рэчных далінах стары ўкраінскі гранітны груд і затрымаў далейшае ўразаньне рэчышчаў у земную кару. Рэкі адхіліліся на ўсход, пачалі абыходзіць груд, але нарэшце некаторыя з іх здолелі прабіцца праз яго і так-сяк трапілі да мора. Асабліва выразна адхіляецца гранітным грудом на усход галоўная рака Украіны — Дняпро. У тым месцы, дзе Дняпро прабіваецца праз груд, утварыліся слынныя дняпроўскія парагі, у якіх магутная рака з страшэннай шпаркасьцю імкнецца паміж спрадвечных крышталічных скал і іх адломкаў. Выплыўшы на нізіну, спусьціўшыся з гранітнага ланцуга, Дняпро ды іншыя ўкраінскія рэкі, большасьць якіх цячэ наагул на поўдзень у Чорнае мора, супакойваюцца, цякуць павольна, а каля самага мора утвараюць шырокія, але мелкія вусьці, так званыя ліманы, падобныя да вазëр або морскіх заток (з несалонай вадой), перад якімі морскія хвалі накідваюць пескавыя гакі. Ліманы вялікіх рэк — Днястра, Бугу і Дняпра, хаця і аддзелены ад мора пескавымі гакамі, але маюць праходы у моры-так званыя горлы; ліманы дробных рэк зусім адлучаюцца ад мора, ператвараюцца ў ляморскія вазёры з салонай вадой, з якой што-год на дно ліману асядае мовы пласт солі. (Пералічы адзначаныя на карце рэкі Ўкраіны з іх галоўнымі прытокамі).

Клімат Украіны вільгатнейшы, як у Паўднёва-ўсходняй Маскоўшчыне, але наагул сухі, з вялікімі хістаньнямі тэмпературы. Узімку маразы там прыблізна такія-ж, як і на Беларусі, або нават яшчэ большыя, ня гледзячы на меншую географічную шырыню (сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 да -8° Ц.), але затое улетку гарачыня без параўнаньня большая, як у нас (уліпені сярэдняя температура на пауночным захадзе +20°, на паўднёвым усходзе +23°). Марозная пара трывае 3—4 месяцы, цёплая (з тэмпэратурай сутак вышэй за +10°) — каля паўгодзьдзя. Узімку вятры дзьмуць пераважна з паўночнага ўсходу і прыносяць мала сьнягоў. З гэтай прычыны маразы прыносяць яшчэ болей шкоды, бо сьнег не засланяе глебу ад прамярзаньня. Улетку таксама адчуваецца недахват дажджу. Найболей дажджоў выліваецна ў чэрвені, але і тады яны маюць характар улеваў, вада іх сьцякае па ўсохлым, ацьвярдзелым грунце і не пасьпявае як трэба прамачыць глебу.

У зьвязку з гэтым тут кепска растуць дрэвы. Уласна кажучы, дрэвы яшчэ маглі-б вытрымаць сухасьць, але ім перашкаджае вялікі процант шкодных соляй і вапны, якімі багаты грунты Украіны. Маладыя дрэвы, карэньні якіх яшчэ не пасьпелі ўглыбіцца ў багатыя солямі слаі грунту, а трымаюцца ў вышніх выпаласканых слаёк глебы, растуць на Украіне добра, але як толькі карэньні дасягнуць глыбейшых слаёў, у якіх вада не пасьледа выпаласкаць сель і вапну, дрэва пачынае сохнуць і гіне. З гэтай прычыны спачатку ўся Украіна была пакрыта бяздрэўным кавыльным стэпам. Аднак з цягам часу на поўначы каля рэк ды ў ярох, дзе веснавыя разводзьдзі добра прамываюць зямлю і выпаласкваюць з яе соль і вапну, пачалі зьяўляецца дрэвы, пераважна дубы і іншыя шырокаліставыя віды. Там, дзе раз утварыўся лес, там нада ужо ня так хутка сьцякае, як у стэле. Лес затрымоўвае раставаньне сьнягоў увясну, дапамагае навольнаму прасякненьню вады ў грунт. З гэтай прычыны лес дапамагае далейшаму выпаласкваньню соляй з грунту, і такім чынам сам нібы прачышчае сабе дарогу. Лес пашыраецца, захапляе ўсё новыя прасторы і выціскае стэпавую расьліннасьць. Так патроху ўся паўночная паласа Украіны пакрылася лесам, або, дакладней кажучы, перавярнулася у лесастэл, па якім дубовыя гаі чаргуюцца з плямамі бяздрэўнага кавыльнага стэпу. Запраўдным стэпам можна лічыць толькі паўднёвую паласу Украіны, што цягнецца на поўдзень ад гранітнага груду аж да берагоў Чорнага і Азоўскага мораў. Там дрэўныя расьліны сустракаюцца толькі ў раўчакох, дый то звычайна маюць выгляд маленькіх хмызьнячкоў.

Усюды, дзе растуць або расьлі стэпавыя травы, утварылася ўрадлівая чорназемная глеба. Прухнучыя травы ператвараюцца ў перагной, мяшаюцца з суглінкавымі часткамі лёзсу, і такім спосабам пераварачваюць вышні слой лёзсу у чорназем. Па сярэдзіне Украіны з захаду на ўсход цягнецца шырокая паласа асабліва тлустай глебы, якая зьмяшчае 6-10 і болей процантаў перагною. На поўначы, на мяжы з Беларусьсю, дзякуючы большай колькасьці лясоу, глеба мае сьвятлейшы колер. Грунтавая взда пасьпела там раскласьці і выпаласкаць значную частку перагною, так што там яго засталося 3-6%. Гэта так званы паўночны чорназем і шэрыя лясныя глебы, якія сустракаюцца і на Беларусі. Таксама і на поўдні Украіны, дзе стэп складаецца з горшай травы і часамі пераходзіць у саланчакі, таксама глеба горшая. Чорназем там завецца чакалядным і каштананым і зьмяшчае толькі 4-60% перагною.

Агулам кажучы, зямля паўсюды вельмі ураджайная, і ральніцтва паўсюды дае вялікую карысьць. Зразумела, што пры такіх варунках плуг знайшоў дарогу ўва ўсе куты старонкі, а нечапаныя стэпы і большасьць лясоў украінскага лесастапу даўно замяніліся нівамі. Неўраджаі здараюцца тутака рэдка, дый украінцы прызвычаіліся змагацца з сухменямі. Земляробская культура стаіць тут вышэй, як у Маскоўшчыне. На ўсю Эўропу Украіна можа лічыцца самай багатай на пшаніцу старонкай. Пшаніца тут зьяўляецца галоўным збожжам. Гэтым Украіна адразьняецца ад Дунайскіх нізін, дзе пераважваюць кіяхі, і ад Паўднёвай Маскоўшчыны, дзе болей сеюць жыта. Проса, табака, цукровыя буракі і каноплі, якія вымагаюць добрай глебы і сонечнага лета, знаходзяць на Украіне найлепшыя для сябе варункі. Для алею сеюць каноплі, сонечнік, лён і рапс (расьліну, падобную да сьвірэлкі).

Звычайнае гародніцтва на Украине не пашырана; затое на поўдні вялікую вагу маюць баштаны, вялікія гароды, на якіх сеюць кавуны, дыні, гарбузы, гуркі. Вельмі любяць украінцы садоўніцтва. Каля кожнай хаты, дзе толькі могуць расьці дрэвы, саджаюць яблыні, грушы, сьлівы і вішні, але пакуль што прамысловую вагу садоўніцтва мае толькі ў некаторых маленькіх куточках.

Гадоўля жывёлы ў апошнія часы адыходзіць на другі плян, адступае перад земляробствам. Прынамсі гадоўля авечак лепшых гатункау з мяккай тонкай воўнай у апошнія часы значна зьменшылася. Аднак і да гэтага часу украінскія коні, авечкі, быдла, сьвіньні карыстаюцца славай і вывозяцца за межы.

Украіну часамі завуць залатым дном Усходняй Эўропы. Запраўды, гэтая надзвычайна ураджайная старонка зьяўляецца адным з багацейшых краёу сьвету. Вялізныя багацьці хаваюцца і пад зямлёй на Украине. Тут знаходзяць найлепшыя гатункі жалезнай руды, каменнага вугалю, ёсьць тут і соль, і нафта, і медзь, і манган, і жывое серабро. Але гэтыя багацьці мала асочаны і яшчэ ня выкарыстаны належным чынам. Толькі у апошнія гады ў каменнавугальных акругах пабудаваліся буйныя гуты і фабрыкі.

Палажэньне Украіны зьяўляецца вельмі выгодным для замежнага гандлю. Украіна ляжыць над Чорным морам, якое нават каля берагоў замярзае толькі на некалькі тыдняў. Да гэтага мора кіруюцца і галоўныя прыродныя дарогі Украіны-рэкі. Украінскае збожжа, жывёлу і іншыя мясцовыя тавары лёгка па рэках і чугунках даставіць да Чорнага мора, а адтуль у Заходнюю Эўропу. Цераз Украіну па Дняпры вывозіцца ў Міжземнаморскія краіны і беларускае дрэва. Праз прыстані Чорнага мора вывозіцца большая частка ўсходня-эўропейскіх тавараў, тады як Балтыцкае мора служыць пераважна для прывозу тавараў ува Усходнюю Эўропу з захаду. Аднак замежны гандаль Украіны заўсёды знаходзіўся ў руках чужаземцаў, а сталы унутраны гандаль ― у руках жыдоў. Украінскае сялянства прымае ўдзел галоўным чынам толькі ў кірмашовым гандлі, дый на кірмашох украінцы ня любяць заклікаць пакупцоў і задавальняюцца ціхамірным чаканьнем таго моманту, калі да іх возу падыдзе штосьці купляць жыд, масковец або цыган.

У даўнейшыя часы ўкраінцы любілі так званы чумацкі гандаль — пераезды з таварамі на валох з аднаго канца старонкі ў другі, але ў апошнія часы гэты гандаль зьнік з прычыны разьвіцьця чыгунак, і тавары перавозяцца або па рэках, або па чыгунках.

Украінцы (на захадзе іх часьцей завуць русінамі, на ўсходзе часам яшчэ маларусамі), якія паўсюды становяць большасьць насяленьня старонкі, належаць, як маскоўцы і беларусы, да ўсходня-славянскіх народаў. Ад беларусоў і маскоўцаў яны адразьняюцца высокім ростам, цямнейшым колерам скуры і вачэй і пераважна чорнымі валасамі. Параўнаўча з маскоўцамі яны зьяўляюцца болей чыстымі славянамі, але ад беларусоў адразьняюцца падмешкай крыві розных туркскіх народаў, якія вандравалі калісь ва ўкраінскім стэпе. Вынікам гэтай прымешкі можна лічыць спакойны, ціхамірны нораў украінца. Паважнасьць, дасьціпнасьць, філëзофскі погляд на акалічнасьці, адсутнасьць маскоўскай рухавасьці і прагавітасьці, упартасьць зьяўляюцца галоўнымі адзнакамі ўкраінцаў. Аднак у свой час, напрыклад, на вячорках, украінец з захапленьнем аддаецца вясёласьці, гульням і скокам. Становішча кабеты у украінскай сям'і лепшае, як у маскоўскай, і наагул украінец ня ведае дзспотызму. Зямлёй украінцы ўладаюць пераважна падворна, а ня супольна ўсёй вёскай, як маскоўцы. Польную працу ўкраінец уважае болей за ўсе іншыя заняткі, вырабляе зямлю старэнна, значна лепей, чымся масковец. Аднак багацьце глебы не вымагае ад яго такой цяжкай працы, якую прыкладае да сваёй нівы беларус. У вопратцы, у страве, у мяшканьні, у будоўлі праглядвае добры густ і ахайнасьць украінца. Вёскі і хутары складаюцца з чыстых, прыгожых і прытульных хат-ляпянак, зробленых з гальля і гліны і заўсёды пабеленых вапнай. Каля хат звычайна засаджаны газоны пярэстых кветак і садочкі вішнёвых дрэў.

Украінская мова, як і польская, беларуская або расійская, зьяўляецца асобнай славянскай мовай, багатай і прыгожай, прыемнай лля вуха, зьмяшчае мала чужаземных слоу. Народная поэзія ўкраінцаў па колькасьці, зьместу й мілагучнасьці песень, казак і прыказак можа раўняцца з бeларускай і значна перавышае народную поэзію палякоў або расійцаў. Украінскія пісьменьнікі (Шаўчэнка, Куліш, Коцюбіньскі, Віньнічэнка і іншыя) могуць лічыцца аднымі з лепшых славянскіх пісьменьнікаў. Аднак як на Беларусі, гэтак і на Украіне многа вякоў панавалі чужынцы, якія лічылі украінскую мову мужыцкай, хлопскай, простай. Палякі казалі, што ўкраінская мова ёсьць адна з польскіх гаворак, маскоўцы звалі яе сапсутай расійскай. Паўкраінску забаранялася вучыцца, і гэта адбілася на становішчы асьветы. Украінцы паводле асьветы стаяць значна ніжэй за палякоў, процант няпісьменных на Украіне такі-ж вялікі, як у Маскоўшчыне.

З вельмі даўных часоў багаты на траву ўкраінскі стэп прывабліваў вандроўнікаў з Сярэдняй Азіі. Горды іх адна за адней навальваліся на Украіну, пасьвілі свае статкі па стэпе і перасяляліся далей цераз Карпаты у Вугоршчыну і Заходнюю Эўропу. Яшчэ задоўга да хрысьціянскай ары грэцкі вучоны Гэродот пісаў аб тым, што па украінскіх стэпах вандравалі нейкія скіты. У часы вялікіх перасяленьняў праз Украіну пранесьліся гуны, якія зруйнавалі потым вялікую Рымскую імпэрык. Нават тады, як сюды надышлі і тут асталяваліся славяне, продкі сучасных украінцаў, нават і тады сюды надыходзілі вобры (авары), хазары, вугры, торкі, печанегі, полаўцы, нарэшце татары, разбурвалі даўна-славянскія гарады і вёскі Украіны, руйнавалі ўкраінскую аселасьць і культуру, але самі хутка рассыпаліся, падпадалі пад культурны ўплыў славянаў і зьнікалі ў моры ўкраінцаў, зьліваліся з імі ў адзіны народ.
Долей за ўсё пратрымаліся на Украіне татары; у працягу вякоў яны аддзялялі украінцаў ад мора і затрымоўвалі іх культурнае разьвіцьцё. Ад драпежных вандроўнікаў украінцы мусілі хавацца на поўначы сваёй старонкі, там, дзе ў тыя часы яшчэ існавалі вялікія лясныя пушчы. Там утварылася і першая украінская дзяржава-Кіеўскае вялікае княства, уладу якога прызнавалі ня толькі усе ўкраінцы, але нават і вялікарусы Ноугараду і Мураму. Цяжар татарскай няволі аслабіў магутнасьць Украіны, якая з цягам часу падпала пад валадарства Літоўска-Беларускай, а потым Польскай дзяржавы. Пад уладай Польшчы Украіне прышлося келска. Палякі апалячылі ўкраінскую шляхту, павыціскалі з гарадоў мяшчанства, прымацавалі да зямлі сялянства. Між тым крымскія татары, як і даўней, нападалі на Украіну, а палякі не маглі абараніць яе. Тады за абарону бацькаўшчыны ўзяліся самі ўкраінцы. Паднявольныя сяляне Рэчы Пасполітай, як беларускага, гэтак і ўкраінскага пахаджэньня, уцякаючы ад панскага прыгону, высяляліся на паўднёвыя межы даўнай Польшчы, будавалі тамака ўмацаваньні, пад заслонай якіх аралі зямлю, займаліся паляваньнем, рыбацтвам, а часамі й рабункам. Так утварылася слынмае казацтва, на чале якога стаялі запароскія казакі, што жылі ніжэй парагоў на Дняпры. Казакі біліся з татарамі, рабавалі жыдоў, а часамі падымалі паўстаньні супроць улады польскіх паноў. Самым удалым з гэтых паўстаньняў было паўстаньне Багдана Хмяльніцкага, вынікам якога было аднаўленьне незалежнай Украінскай дзяржавы, стварэньне так званай Гэтманшчыны. Аднак хутка зноў Украіна падпала пад панаваньне чужынцаў. Усходняя яе частка аддалася Маскоўшчыне, заходняя частка заставалася пад Польшчай. Спробы лепшых сыноў Украіны ўтварыць зноў самастойную Украінскую дзяржаву былі няўдалымі. Пасьля падзелаў Польшчы большая частка Украіны дасталася маскоўцам, і толькі заходняя Падкарпацкая Украіна пад назовам Усходняй Галіччыны або Чырвонай Русі адышла да Аўстра-Вугоршчыны.

Пасьля войнаў сусьветнай і расійска-польскай (1920 г.) заходняя частка Украіны (так званая Надднястранская Украіна, Холмшчына і Заходняя Валынь) адышлі да Польшчы і Румыніі; рэшта пад назовам Украінскай CCP (448000 кв. клм., 27200 тыс. насельнікаў) увайшла ў склад Саюзу Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік (СССР).

Паводле асаблівасьцяй прыроды Украіну можна падзяліць на 6 частак: 1) Заходнюю Ўкраіну або Падкарпацьце, 2) Правадочную Ўкраіну, 3) Левабочную Ўкраіну, 4) Слабажаншчыну, 5) Данеччыну і 6) Чорнаморскі нізінны стэп або Паўднёвую Ўкраіну.

Заходняя Украіна зьяўляецца слаба хвалістым плоскаўзвышшам у 300-475 м. н. р. м. вышыні. Ужо тут каля самых Карпат пачынаецца старадаўны гранітна-гнэйсавы ўкраінскі груд, але тут ён ляжыць глыбока пад пазьнейшымі морскімі адкладамі і грубым пластом лёэсу. Глыбокія даліны рэк урэзаліся ў Заходня-Украінскае плоскаўсвышша і месцам на сваім дне агаляюць спрадвечныя скалы гранітнага груду. Галоўная з гэтых далін ― даліна вышнявіны Днястра ― аддзяляе так званае Падгоре ад Падольска-Галіцкага плоскаўзвышшна. Першае ляжыць каля самых Сярэдніх Карпат, другое цягнецца удоуж левага берагу Днястра 1 пераразаецца многалічнымі левымі прытокамі гэтай ракі. На паўночным захадзе Падольска-Галіцкае плоскаўзвышша пераходзіць у так званае Расточа, якое ўразаецца між Бугам і Вепрам, між Беларусьсю і Польшчай.

Параўнаўча з іншымі часткамі Украіны Заходняя Украіна адзначаецца лагаднейшым, мякчэйшым і вільгатнейшым кліматам. Дажджу і сьнегу Тут выпадае болей за 600 мілім, што-год. значна болей, як у рэшце Ўкраіны.

Львоў, што ляжыць у асяродку краіны, мае сярэднюю гадавую тэмпературу +6,9°, сярэднюю студзеня - 4,6°, ліпеня +18,0°. Чарноўцы, на паўднёвым усходзе, адпаведна маюць +7,6°, -5,4°, +19,7°.

Тут можа расьці бук, сустракаецца і ціс або нягной-дрэўка, тыповыя заходня-эўропэйскія дрэвы. Лясоў тут наагул захавалася многа болей, як у іншых частках Украіны, яны тут пакрываюць прыблізна чвэрць усёй паверхні. Аднак букавыя і дубовыя лясы тут чаргуюцца з кавалкамі сталу, а быў час, што стэп панаваў паўсюды, так што паўсюды ўтварылася стэпавая чорназемная глеба.

Дзякуючы дастатнасьці лясоў і малой грубасьці сьнегавога насьцілу рэкі Заходняй Украіны ўвясну не разьліваюцца так шырока, як на ўсходзе. Затое часамі, дзякуючы вялікай колькасьці летніх ападкаў, тут здараюцца летнія паводкі. Гэтым, як і прысутнасьцю такіх расьлін, як бук і ціс, краіна нагадвае Заходнюю Эўропу.

Насельнікі Заходняй Украіны складаюцца з украінскіх пляменьняў: бужанаў у Расточы, падгаранаў у Падгор'і, падалянаў на Падольска-Галіцкім плоскаузвышшы. Апрача таго па гарадох жывуць палякі, жылы, немцы, а на поўдні яшчэ і румыны. Тутэйшыя ўкраінцы трымаюцца пераважна вуніяцкай веры. Царкоўную вунію яны прызналі тады-ж, як і беларусы, але у заходняй Украіне, якая не належала да Маскоўшчыны, гэтая вунія захавалася, тады як у нас і ўва Усходняй Украіне маскоўцы прымусам перавярнулі вуніятаў у праваслаўную веру.
У склад Заходняй Украіны ўваходзяць тры провінцы, з якіх кожная мела асобную гісторыю ў працягу апошні вякоў. Паўднёвы куток краіны — так званая Паўночная Букавіна — належала раней да Малдаўскага княства; у 1775 г. яе захапіла Аўстрыя, а пасьля сусьветнай вайны-Румынія. Решта Заходняй Украіны належала ў XVІІІ в. да Польшчы; у 1772 г. большая яе частка, так званая Чырвоная Русь або усходняя Галіччына, адышла да Аўстрыі, а пасьля сусьветнай вайны і ўпартага нацыянальнага змаганьня зноў увашла у склад Польскай дзяржавы. Паўночная частка — частка Расточа, якая завецца. Холмшчынай — разам з усім так званым Царствам Польскім адышла да Расіі пасьля 1812 г. Незадоўга перад вайной яна была вылучана ў асобную Холмскую губэрню і абвешчана неаддзельнай часткай Расіі, а пасьля вайны зноў адышла да Польшчы. Становішча ўкраінскага сялянства у краіне заўсёды было цяжкім, бо заўсёды польскія паны і ўраднікі панавалі ў Заходняй Украіне, але пад уладай Аўстрыі ўкраінцам жылося ўсё-ж такі лепей, як пад уціскам маскоўцаў, бо аўстрыякі прынамсі не забаранялі ўкраінцам навучаць сваіх дзяцей у роднай мове. Ува Усходняй Галіччыне з гэтай прычыны больш-менш вольна разьвівалася украінская культура, існавалі ўкраінскія школы, гурткі, коопэратывы. У апошнія перад вайной гады Ўсходняя Галіччына была праўдзівым асяродкам украінскага руху.

Як і ўсе ўкраінскія землі, Заходняя Ўкраіна зьяўляецца багатай земляробскай краінай. Праўда, ля Днястра вялікія абшары пакрыты пяскамі і балотамі, але па вышэйшых месцах на леэсе ўтварылася ўраджайная чорназемная глеба. Там добра узрастаюць пшаніца, кіяхі ды іншае збожжа вялікія прасторы засяваюць цукровымі буракамі, табакай; для алею сеюць лён. На ральніцтве грунтуецца апрацоўчая прамысловасьць: млынарства, цукраварства, браварніцтва і выраб тытуну. Па поплавах каля рэк пасьвяцца лепшыя гатункі быдла і коняй; у Падгор'і некаторую вагу маюць лясныя заняткі. Аднак і мінэральныя багацьці краіны вельмі вялікія. У падгор'ях Карпацкага ланцугу трапляецца нафта, соль, земны носк (озокзрыт). Асабліва многа нафты здабываюць у мястэчку Барыслаў каля места Дарагабыч, у якім з гэтай нафты вырабляюць газу, бэнзыну і г. д. Соль здабываецца з многалічных салоных крыніц, якія сьведчаць аб прысутнасьці пад зямлёй соляродных пластоў. Асяродкам здабываньня звычайнай солі трэба лічыць невялікае места Калуш.

Самы вялікі горад Заходняй Украіны — Львоў (220000 населья.) — ляжыць у самым асяродку краіны на скрыжаваньні чыгунак, якія йдуць з Польшчы ў Румынію і з Усходняй Украіны ў Вугоршчыну. Горад залюднены пераважна палякамі, аднак гэта адначасна важны асяродак украінскага нацыянальнага руху з многалічнымі культурна-асьветнымі установамі, гурткамі, украінскімі кнігарнямі і г. д. Тут жыве і мітрополіт галіцкі, начальнік вуніяцкага духавенства. Ад часу аўстрыйскага панаваньня тут існуе унівэрсытэт, даўней нямецкі, з некалькімі ўкраінскімі катэдрамі, цяпер — польскі.

Другі горад Заходняй Украіны паводле велічыні — Чарноўцы (або Чарнавіцы з 93000 нас.), што ляжыць на рацэ Прут у Букавіне або, як яе яшчэ іначай завуць, на Зялёнай Русі. Горад цяпер належыць да румыніі. Тут таксама ёсьць унівэрсытэт, які застаўся ад часоў панаваньня аўстрыякаў.

Правабочная Украіна ляжыць на правым беразе галоўнай украінскай ракі Дняпра і цягнецца на захад ад Дняпра аж да прытокі Днястра Збруч і вышнявіны Бугу.

З Заходняй Украіны сюды між Днястром і Бугам уваходзіць Падольскае плоскаузвышша, якое можа лічыцца паўднёвым схілам Украінскага гранітна-гнэйсавага груду. Паўночным схілам гэтага груду зьяўляецца ўзвышша Валыні, якое спачатку няпрыметна, а потым зрывіста спадае на поўнач у бок нізінных балотных прасторау Палесься. Зрывістая прыступка Валынскага ўзвышша, якая сьцяной уздымаецца над Палесьсем, заяецца Ауратынскімі гарамі і на ўсходзе мае свой працяг, які пад назовам Каменнай грады цягнецца аж да Дняпроўскіх парагоў. Каменная града, уласна кажучы, і ёсьць тэй часткай украінскага старадаўнага груду, якая адхіляе на ўсход сярэдняе цячэньне Дняпра. Гранітна-гнэйсавыя скалы украінскага груду шмат у якіх месцах пакрыты пазьнейшымі морскімі адкладамі і разам з гэтымі адкладамі хаваюцца на поўначы пад ледавіковым навалам і лёзсам, а на поўдні толькі пад лёзсам, бо ледавік дасягаў толькі да сярэдзіны ўкраінскага груду, да самага яго хрыста. Краявід Правабочнай Украіны залежыць галоўным чынам ад уласьцівасьцяй лёэсу, які дадае краіне выгляд роўнага, гладкага плоскаўзвышша, зрэзанага раўчакамі, ярамі і рэчнымі далінамі. Толькі у гэтых глыбока урэзаных у грунт ярох і далінах на дне часамі выглядаюць на паверхню гранітныя і гнэйсавыя скалы украінскага груду. У залежнасьці ад уласьцівасьцяй лёэсу рэчныя даліны маюць зрывістыя сьценкі, якія лёгка размываюцца, адзначаюцца частымі абурэньнямі, абваламі і спаўзаньнем грунту на ніз. Зрывістым, высокім, бязмаль-што горным выглядае і правы бераг Дняпра, які можа лічыцца ўсходняй мяжой краіны і ўсходнім схілам усяго Прыкарпацкага ўзвышша, якое абымае Заходнюю і Правабочную Ўкраіну.

Клімат у Правабочнай Украіне сушэйшы, як у Заходняй. Ападкаў тут выпадае меней (500-600 мілімэтраў), зіма значна халаднейшая, лета крышку цяплейшае.

Сярэдняя тэмпэратура году ў Кіеве + 6,8°, сярэдняя студзеня -6,2°, ліпеня +19,2°.

Тут ужо няма букавых лясоў, не сустракаецца і цісу, але й тут стап чаргуецца з дубовымі ды грабавымі гаямі. На Валыні лясоў захавалася яшчэ многа. Ня гледзячы на тое, што вялікую частку іх павысякалі, выкарчавалі і ўзаралі, нават цяпер пад лясамі там засталося каля трэцяй часткі ўсёй паверхні. На поўдні лясоу меней і там яны туляцца каля рэк і яроў, а на вадападзелах там пануе бяздрэўны кавыльны стэп.

Затое там асабліва ўраджайная чорназемная глеба. Нідзе чорназем не залягае такім грубым пластом, як на Падольскім плоскаўзвышшы. Зямля зусім не вымагае гною і дае надзвычайныя ўраджаі. Па некаторых месцах бязьзьменна што-год сеюць шаніцу, і толькі за многа гадоў можна прымеціць, што ўраджаі робяцца горшымі. Аруць зямлю цяжкім плугам, у які запрагаюць па некалькі пар валоў. У буйных маёнтках, якіх тут было шмат да рэволюцыі, сустракаюцца і паравыя плугі. Як і ў Заходняй Украіне, тут ня толькі заўсёды хапае збожжа для мясцовай люднасьці, але заусёды лішкі збожжа ў вялікай колькасьці вывозяцца за межы. Больш за ўсё сеюць пшаніцы-азімкі; на поўначы да яе далучаецца жыта; у ярыве пачэснае месца займае проса, на поўдні — кіяхі; бульбы сеюць многа толькі на поўначы, на межах з Беларусьсю. Каля сядзіб сяляне сеюць шмат табакі і канапель, значна болей, чым у нас на Белагусі. Па маёнтках і часткай па сялянскіх гаспадарках вялікія прасторы засяваюцца цукровымі буракамі. Сяляне сеюць гэту расьліну у невялікай колькасьці, а ўраджай прадаюць на цукраварні пры маёнтках; затое У маёнтках цукровыя буракі месцам даюць галоўны прыбытак і зьяўляюцца пайважнейшай расьлінай. Значную вагу мае баштанства, засеу гуркоў, гарбузоў, дынь і кавуноў. Каля вёсак сяляне саджаюць вішнёвыя ды сьліўныя садочкі, а па дварох часамі спатыкаюцца сады яблынь і йгруш, часамі па некалькі дзесяцін прасторай кожны. Любяць украінцы і пчалярства, але нізкі ровень асьветы перашкаджае сялянству сачыць за навінамі ў пчалярстве, і цяпер гэтая галіна сельскай гаспадаркі заняпала.

Без параўнаньня большую вагу мае гадоўля коняй і быдла, для польнай працы трымаюць слынных доўгарогіх вялікіх і здаровых украінскіх Балоў: на мяса гадуюць вельмі добрае чаркаскае быдла, якое адгэтуль вывозіцца як у Маскоўшчыну, гэтак і ў Заходнюю Эўропу. Калісь, яшчэ тады, як галоўным спосабам ральніцтва быў дзірванны спосаб (што гэта за спосаб?), па папары пасьвіліся найлепшыя авечкі з мяккай воўнай, але цяпер колькасьць авечак зьменшылася, а якасьць пагоршылася. Затое на сьвіньні краіна вельмі багата. Асабліва многа сьвіней на Валыні, дзе іх жывяць калудамі і пасьвяць па дубовых гаëх. Сала выпозіцца за межы ў яшчэ большай колькасьці, як з Беларусі. Многа вывозяць з краіны і продуктаў гадоўлі хатніх птушак: жывых і забітых курэй, гусей, пер'е, пух, яечкі. Наагул усе галіны сельскай гаспадаркі стаяць тут вельмі добра і даюць многа рэчаў для вывазу.

Затое апрацоўчая прамысловасьць накірована на пераапрацоўку выключна вясковых продуктаў. Найвялікшшуку вагу маюць цукраварні, якія задавальнялі цукрам, прынамсі да вайны, усю Маскоўшчыну і Беларусь ды яшчэ вывозілі цукер у Заходнюю Эўропу. Асабліва вялікія цукраварні існуюць у мястэчку Сьмела. Апрача таго тут многа буйных паравых млыноу, алеянь, бравароў і г. д.

Правабярэжная Ўкраіна — ядро Ўкраіны, калыска Ўкраінскай дзяржавы і ўкраінскай культуры. Многалічныя гарадзішчы ды курганы раскіданы па усёй краіне і гавораць аб слаўнай мінуўшчыне гэтага краю.

Тут калісь асталяваліся тыя славянскія пляменьні, якія далі пачатак украінскаму народу; тут утварылася першая Украінская дзяржава — Кіеўскае вялікае княства, тут у лясох хаваўся ўкраінскі люд ад наступаў татар; тут утварылася слаўнае казацтва, якое ў ХVІІ в. здабыло незалежнасьць Украіны пад кіраўніцтвам гэтмана Хмяльніцкага.

У 1654 г. яшчэ пры Хмяльніцкім казацтва прызнала над Украінай уладу маскоўскага цара, які абяцаўся захаваць вольнасьці ўкраінскага народу і казацтва. У хуткім часе расійцы аднак зьменшылі правы Украіны, нават аддалі Правабочную Ўкраіну Польшчы, а ў левабочнай пачалі прыгнятаць украінцаў. Калі пасьля падзелаў Польшчы да Масквы адышла і Правабочная Украіна, дык Маскоўшчына была ужо такой магутнай, што не баялася неорганізаваных паўстаньняў. Украінскіх сялян расійцы аддалі пад прыгон паноў, украінскую мову ганьбілі і забаранялі. Толькі пасьля 1905 г. украінцы зноў пачалі кратацца, а пасьля рэволюцыі 1917 г. выявілася канешная патрэбнасьць утварэньня незалежнай Украіны. Апошняя расійскапольская вайна аднак падзяліла Ўкраіну, як і Беларусь, штучнай мяжой на дзьве часткі. Да Польшчы адышла ня толькі Заходняя Украіна, але яшчэ заходняя частка Валыні. Рэшта Правабочнай Украіны ўваходзіць у склад Украінскай Савецкай Coцыялістычнай Рэспублікі.

Як краіна чыста земляробская, Правабочная Ўкраіна адзначаецца перавагай вясковай люднасьці. Вёскі тутэйшыя складаюцца з белых хатакляпянак, якія раскіданы па вёсцы без парадку, а ня удоуж вуліц, як у нас. Паселішчы туляцца да рэк і яроў, асабліва на Падольскім плоскаўзвышшы, дзе на надападзелах вёскі сустракаюцца даволі рэдка. Гарадоў і мястэчак у Правабочнай Украіне многа, маюць яны звычайна па некалькі дзесяткаў тысяч насельнікаў, пераважна жыдоў, але адзначаюцца слабым разьвіцьцём прамысловасьці. Гэта аднастайныя, брудныя і пылныя месты, у якіх толькі ў час кірмашоў пачынаецца жыцьцë, гоман і клум, зьбіраецца народ і прывозіць з вёсак і з суседніх краін рознастайныя тавары.

Буйных гарадоў у краіне мала. Найвялікшы з іх — Кіеў (435 тыс. нас.) — ляжыць на Дняпры ніжэй сутокі яго з Дзясной, часткай на высокіх узгорках правага берагу, часткай на нізіне пад гэтымі ўзгоркамі, на так званым Падоле.

Уздымаючыся над шырокай магутнай ракой, Кіеў з сваімі старасьвецкімі царквамі, кляштарамі і саборамі, прыгожымі помнікамі, высокімі сучаснымі камяніцамі, садамі і бульварамі зьяўляецца адным з найпрыгажэйшых гарадоў Усходняй Эўропы.

Палажэньне Кіева вельмі выгоднае. Па Дняпры праз Кіеў з даўных часоў ішоў вялікі вадзяны шлях "з Вараг у Грэкі"; Дзясна зьяўляецца важнай дарогай на ўсход; трохі вышэй у Дняпро ўліваецца Прыпяць, галоўная з правых прытокаў Дняпра, важная дарога ў Заходнюю Эўропу. З даўных часоў тут, у сталіцы даўна-Ўкраінскай дзяржавы, адбываўся абмен тавараў паміж захадам і ўсходам, паміж поўднем і поўначчу Эўропы. Сюды зьяжджаліся гандляры з Скандынавіі, Польшчы, Нямеччыны, Італіі, Бізантыі, Арабні і нават з індыі. Але пасьля татарскага надыходу, з заняпадам Украінскай дзяржавы, заняпала й сталіца гэтай дзяржавы. Толькі ў апошнія перад вайной гады Кіеў зноў набыў вялікую гандлёвую вагу; тут скрыжаваліся важныя чыгункі, аджыла прыстань на Дняпры, аднавіўся і гандаль. У лютым у Кіeвe адбываецца важны так званы кантрактавы кірмаш, на якім падпісваюцца дагаворы на дастаўку збожжа, жывёлы, цукру і г. д.

У сучаснай Украінскай рэспубліцы Кіеў бязумоўна зьяўляецца галоўным асяродкам украінскага руху і ўкраінскай культуры. Вышэйшыя школы гораду, даўней расійскія, цяпер пачынаюць пакрысе пераварачвацца на ўкраінскія.

Старасьвецкія цэрквы і кляштары Киеву, асабліва-ж слынная пячорская лаура, прынаджваюць сюды многа богамольцай з розных канцоў Усходняй Эўропы.

На паўднёвы захад ад Киеву ляжыць значнае гандлёва-прамысловае места Белая-Цэркаў (38 тыс. насельн.) з вялікімі цукраварнямі. Да рэволюцыі гэты горад зваўся мястэчкам, але сярод так Званых мястэчак быў найвялікшым.

На захад ад гэтага места, прыблізна ў асяродку Правабочнай Украіны ляжыць Бярдычаў (44 тыс. насельн.), які вядзе бойкі гандаль коньмі і мае некаторае прамысловае значэньне.

На поўнач ад Бярдычаву на Валыні ляжыць Жытомір (64 тыс. насельн.). Гэты горад зьяўляецца пасярэднікам у гандлі багатага лесам Палесься і багатага збожжам украінскага лесастэпу.

На Падольскім плоскаузвышшы вялікіх гарадоў мала. Найважнейшыя пункты там: Віньніца (51 тыс. насельн.), гандлёвы асяродак гэтай акругі, і Каменец (33 тыс. насельн.), старасьвецкі горад з прыгожым замкам — старой турэцкай крэпасьцю — наверсе аднаго з узгоркаў.

Левабочная Украіна ляжыць на левым беразе Сярэдняга Дняпра і зьяўляецца нізінай, якая злучае Палескую катліну з Чорнаморскай нізінай. Як і Правабочная украіна, Левабочная складаецца з паземных морскіх адкладаў, прыкрытых ледавіковым навалам, а на самай паверхнілёзсам. Як і там, лёэсавая ледзь хвалістая паверхня разьедзена тут раўчакамі, ярамі далінамі рэк (якіх?). Але тут нідзе дно гэтых раўчакоў і далін не дасягае да спрадвечных гранітных і гнейсавых скал.

Клімат тут сушэйшы, як на Правабоччы (ападкаў меней за 500 мілім.), лета бязмаль такое-ж гарачае, але зіма значна халаднейшлая (сярэдняя тэмпэратура студзеня -6°,-8°). Лясоў тут яшчэ меней. На поўначы, у чарнігаўшчыне, яшчэ часта сустракаюцца дубовыя гаі, раскінутыя сярод бязьлеснага стэпу; у сярэдзіне, у Палтаўшчыне, плошча лясоў ледзь дасягае 6% усёй паверхні, а на крайнім поўдні, пад Крамянчугом, дрэвы могуць расьці толькі па ярох ды ў далінах. Толькі курганы ўздымаюцца над гэтай голай раўнінай і сьведчаць аб мінулых даўно зьнікшых народах, што вандравалі калісьці па стэпе. Першым тутэйшым славянскім насельнікам (сeвяранам) прышлося асабліва доўга змагацца з вандроўнымі туркскімі гордамі.

Асабліва ўпартыя змаганьні адбываліся між севяранамі і полаўцамі. Але, нарэшце, полаўцы пачалі падавацца пад уплывы славянскай культуры, пачалі пераймаць ад севяранаў праваслаўную веру і славянскую мову, пачалі брацца з севяранскімі дзяўчынамі і наагул пачалі зьлівацца з севяранамі ў адзіны народ. Татарская навал ноў разбурыла ўкраінскую аселасьць і культуру. У часы панаваньня палякоў краіна была амаль зусім бязьлюднай. Талы сюды пачалі перасяляцца ўцекачы-сяляне з Заходняй і Правабочнай Украіны, з Палесься і Беларусі. З гэтых уцекачоў утварылася казацтна, якое здабыло сабе самастойнасьць, а ў 1654 г. аддалося Маскоўшчыне. Аднак да 1764 г. краіна мела самаўрад, свайго гэтмана і свае парадкі. Да цяперашняга часу ўкраінцы завуць краіну Гэтманшчынай, а шмат якія з тутэйшых сялян завуць сябе казакамі. Урад Кацярыны зьнішчыў казацкую вольнасьць, устанавіў тут прыгон і пачаў ганьбіць украінскую мову.

Левабочная Украіна побач з Кіеўшчынай можа лічыцца сэрцам Украіны. Мясцовая палтаўская гаворка лягла у аснову ўкраінскай пісьменнай мовы, як менская ў аснову беларускай, мясцовыя песьні, палтаўская вопратка, прыгожая і барвістая, тутэйшыя хаты-ляпянкі і хутары, што ха. ваюцца ў зеляніне садоў, лічацца найболей тыповымі для Ўкраіны.

Як амаль паўсюды на украіне, грунты тут чорназемныя, тлустыя, ураджайныя. Жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка, проса, табака, цукровыя буракі растуць тут вельмі добра. Багатыя нівы чаргуюцца з баштанамі, сады каля вёсак — з поплавамі ў далінах рэк. Гадоўля жывёлы мае тут наагул такую-ж значнасьць, як і на Правабоччы, а гадоўля авечакмнога большую. Асаблівай славай карыстаюцца так званыя рашацілаўскія авечкі ў Палтаўшчыне, воўна і скура якіх вывозіцца ў Маскоўшчыну і на захад. Шмат у якіх месцах краіны здабываюць найлепшыя гатункі гліны. У Чарнігаўшчыне каля места Глухаў трапляюцца паклады белагліньня (каоліну), з якой саматужным спосабам, а часткай на фабрыках вырабляюць гаршкі, макатры і іншае глінянае судзьдзе.

Недахват лесу прымушае, тутэйшых сялян ужываць на апал так званы кізяк, сушаны і прасаваны гвой. Гарады карыстаюцца пераважна беларускім апалам. Па Дняпры з Беларусі прывозіцца ў замену за пшаніцу як у Правабочную, гэтак і ў Левабочную Ўкраіну вельмі многа дрэва

Асабліва бойка гандлюе з Беларусьсю Крамянчуг (56 тыс. насельн.), які ляжыць на Дняпры ў тым месцы, дзе канчаецца правільны параходны рух па гэтай рацэ. Ніжэй Крамянчуга дняпроускае рэчышча сьціснута гранітнымі скаламі, якія часта ўлетку перашкаджаюць руху параходаў, барак і бярлін.

На паўночны усход ад Крамянчуга на прытоцы Дняпра Ворскле ляжыць Палтава (88000 нас.). культурны асяродак левабочча, адзін з найважнейшых асяродкаў украінскага нацыянальнага руху.

У Чарнігаўшчыне найважнейшы горад — Нежын (34000 нас.), слынны сваім вышэйшым гісторыка-Філелегічным інстытутам і гандлем гароднінай (асаблівай славай карыстаюцца нежынскія гуркі).

Слабажаншчына ляжыць на ўсход ад Левабочнай Украіны і абымае узвышшы на вадападзеле Дона і Дняпра. Узвышшы гэтыя становяць паўднёвую частку вялікага Сярэдня-Рускага ўзвышша і складаюцца з пазем. ных дауна-морскіх адкладаў, пакрытых пластом лёзсу. Даліны рэк тут глыбей урэзаліся ў грунт, як у Левабочнай нізіне, пашматалі ўсё узвышша і дадаюць яму выгляд узгаркаватай, а месцам бязмаль-што горнай краіны.

Зіма тутака яшчэ халаднейшая, як у Сярэдняй Украіне (студзень мае сярэднюю тэмпэратуру -8°,-10°); ападкаў па схілах узвышша выпадае яшчэ досыць для таго, каб там маглі расьці дубовыя лясы. Прыблізна 10% усёй паверхні пакрыта лясамі, рэшта — даўнейшы стэп — зьяўляецца багатай бязьмежнай нівай з тлустай чорназемнай глебай. Часамі, у сухія гады, тут здараюцца неўраджаі, але яны з дастаткам папаўняюцца надмерамі збожжа ў звычайныя гады. Як і паўсюды на Украіне, тутака сеюць пшаніцу і жыта, проса, кіяхі, цукровыя буракі, табаку. Вялікія прасторы засяваюць сонечнікам, сеюць і каноплі. Параўнаўца з Сярэдняй Украінай тут большую вагу маюць саматужныя промыслы: ганчарства, шавецтва, ткацтва і г. д.

Да ХVІІ веку Слабажаншчына была блізка-што бязьлюднай краінай. Потым сюды пачалі надыходзіць уцекачы з тэй часткі Украіны, якая належала тады да Польшчы. Яны пабудавалі тут свае хутары і вёскі-"слабоды". Спачатку тутэйшыя насельнікі карысталіся самаўрадам і лічыліся вольнымі казакамі, але адначасна з зьнішчэньнем самаўраду ў Сярэдняй Украіне маскоўскі ўрад абвясьціу Слабажаншчыну неаддзельнай часткай Маскоўшчыны.

Побач з украінцамі ў Слабажаншчыне жыве шмат маскоўцаў. Часамі ў аднэй і тэй самай слабадзе белыя гліняныя, пашмарованыя вапнай ляпянкі ўкраінцаў чаргуюцца з шэрымі драўлянымі хатамі расійцаў. Першыя раскіданы ў маляўнічым беспарадку і хаваюцца ў зеляніне кветнічкаў і садоу, другія цягнуцца вуліцай і адзначаюцца шэрым аднатонным выглядам.

Украінцы аднак паўсюды становяць большасьць. Параўнаўча з іншы. мі ўкраінцамі слабажанцы адзначаюцца энэргіяй, нахілам да прамысловасьці і гандлю, большай дзеяльнасьцю, рухавасьцю.

Сярод паселішчаў пераважваюць так званыя слабоды — вялікія многалюдныя вёскі з некалькімі тысячамі насельнікаў у кожнай, раскіданыя па рэчных далінах і ярох. Насельнікі такіх слабол займаюцца пераважна ральніцтвам, радзей саматужнымі промысламі і лічацца сялянамі. Аднак некаторыя слабоды, што ляжаць каля вузлавых станцый чыгунак або ў якіх іншых выгодных па сваім палажэньні месцах, перавярнуліся у запраўдныя гарады. Гандаль і апрацоўчая прамысловасьць у такіх слабодах-гарадох пераважваюць над ральніцтвам. Наадварот, шмат якія павятовыя гарады, якія ляжаць далёка ад сучасных дарог, фактычна зьяўляюцца нëскамі, а насельнікі іх займаюцца амаль-што выключна вясковымі заняткамі.

Сталіцай Слабажаншчыны, а цяпер і сталіцай УССР, зьяўляецца Харкаў (311 тыс. насельн.). У XVІІ в. гэта быў маленькі казацкі хутар, але, лежачы на скрыжаваньні дарог, па якіх везьлі свае тавары даунаўкраінскія чумакі, ён хутка зрабіўся важным гандлёвым местам. Цяпер, злучаны чыгункамі з Масквой, Киевам, Крымам і Донам, Харкаў зьяўляецца самым багатым гандлёвым асяродкам Усходняй Украіны. На буйных кірмашох адбываецца бойкі гандаль воўнай, скурамі, алеем, салам, быдлам і збожжам. 3 Масквы, Ленінграду і Польшчы на гэтыя кірмашы прывозілі крамніну, з Уралу—жалеза і г. д. У апошнія перад вайной гады ў Харкаве пабудавалася шмат розных фабрык, цукраварань і буйных паравых млыноў. Як у культурным асяродку, тут згуртаваліся унівэрсытэт, тэхнолегічны інстытут, сельска-гаспадарчы інстытут і шмат іншых вышэйшых школ.

На паўночны захад ад Харкаву ляжыць другі паводле велічыні горад краіны — Сумы (36000 нас.) на рацэ Псёл. Гэта важны гандлёва-прамысловы пункт з буйнымі цукраварнямі і іншымі фабрыкамі. На поўначы краіны ўжо ў межах РСФСР ляжыць важны чыгуначны вузел Белгарад (29 тыс. нас.). Тут будзе ў хуткім часе пабудована вялікая электрычная станцыя, якая будзе жывіць электрычнай энэргіяй значную частку электрычна-чыгуначнай лініі Масква — Марыюпаль.

З так званых слабод найболей вядомы Аляксееўка (13000 нас.), асяродак вырабу сонечнікавага алею, і Бутурлінаўка (28000 нас.), якая ляжыць ужо па-за Донам на межах Украіны і Маскоўшчыны. Бутурлінаўка можа лічыцца запраўдным горадам, мае шмат цагелень, гарбарань, бравароў, ведама вялікім разьвіцьцём саматужнага шавецтва і гарбарства і бойкім гандлем.

Данеччына ляжыць на правым беразе прытокі Дону Данца і мае выгляд плоскаузвышша (да 370 мэтраў увышкі пад роўнем мора), з якога сьцякаюць рэкі ў Данец, у Дняпро (Самара) і беспасрэдна ў Азоўскае мора (Кальміюс). Рэкі прарылі сабе прыгожыя глыбокія даліны, у якіх на зрывістых правых берагох часта сустракаюцца прыродныя разрэзы пластой земнай кары, з якіх складаецца так званы Данецкі груд. Груд гэты ёсьць працягам тэй Каменнай Грады, якая адхіляе на ўсход цячэньне Дняпра і праз якую Дняпро прабіваецца ў сваіх слынных парагах. Аднак у той час, як Каменная Града складаецца з старадаўных гранітных і гнайсавых скал, прыкрытых толькі лёзсам, тут у Данецкім грудзе, апрача спрадвечных скал, пад лёзсам ляжаць яшчэ пластовыя адклады (каменна-вугальнай эпохі палеозойскай эры), якія зьмяшчаюць надзвычайна багатыя паклады каменнага вугалю і іншых карысных мінэралаў.

Як і ўвесь старадаўны Украінскі груд, так і Данеччына, якая зьяўляецца яго ўсходнім аддзелам, была калісь запраўднай горнай краінай, але ў працягу мільёнаў гадоў горы былі тутака зьнішчаны праз выпятрэньне і размываньне. Цяпер гэта толькі узгор'е, перарэзанае раўчакамі. ярам і далінамі рэк. У той час, як Заходняя і Сярэдняя Украіна, а таксама і Слабажаншчына належаць да пасу лесастэпаў, Данеччына зьяўляецца ужо запраўдным стэпам, у якім ня сустрэнем ані дрэва, ані кусточка.

Сухі стэпавы клімат і недахват піцьцёвай вады ня прынаджвалі сюды перасяленцаў. Толькі ў XVІІІ в., калі гэтым краем ужо заўладаў маскоўскі ўрад, пачынаецца залюдненьне яго аселым сялянствам. Першымі сталымі насельнікамі краіны былі сэрбы з Хорваціі, якім расійскі ўрад прапанаваў заняць тутака прасторы нечапанага стэпу. (З гэтай прычыны ўся краіна доўга называлася Славяна-Сэрбіяй). Усьлед за сербамі сюды надышлі ўкраінцы, якія хутка абукраінілі сэрбаў. У XІX в. пачаліся навуковыя досьледы Данеччыны. Выявілася, што данецкі вугаль па сваёй якасьці ня слушчае ангельскаму, і ўва ўсёй Усходняй Эўропе няма такіх багатых пакладаў вугалю, як у Данеччыне. Аднак адсутнасьць дарог і малалюднасьць ды някультурнасьць краіны перашкаджалі распрацоўцы гэтага батацьця. Ня гледзячы на дастатнасьць таннага падземнага апалу, мясцовыя сяляне зусім не зварочвалі на яго ўвагі і нават свае хаты агравалі сушаным прасаваным гноем-кізяком. Толькі гадоу 50 назад тут закладаюцца першыя шахты, адчыняюцца першыя гуты і фабрыкі. На працу ў капальнях і на фабрыках пачалі зьбірацца працоўныя людзі з усіх канцоў Усходняй Эўропы, спачатку ўкраінцы, потым беларусы, маскоўцы.

Перад вайной у Данеччыне здабывалася болей за мільярд пудоу вугалю, гэта значыць прыблізна ⅔ усёй колькасьці гэтага апалу, здабыванага ў межах даўнай Расійскай імпэрыі. Тутака знаходзяць вугаль розных гатункаў: як чысты, найлепшы антрацыт, гэтак і так званы тлусты вугаль і г. д. Апроч таго ёсьць у Данецкім грудзе і жалеза, і кінавар, і руда жывога серабра, і волава, і цынк, і медзь, і нават серабро. Рудні чаргуюцца з капальнямі і даюць заработкі тысячам людзей; Данеччына — адзіная частка Украіны, дзе нетракапальная і фабрычная прамысловасьць мае большую вагу, як сельская гаспадарка. Шмат знаходзяць у Данеччыне і каменнай солі; шмат у якіх месцах з-пад зямлі на паверхню выцякаюць салоныя крыніцы, а з вады гэтых крыніц простым выпарэньнем можна атрымаць чыстую звычайную соль.

Гарадоў на Данеччыне пакуль што ня лішне многа, але ў апошнія часы лік іх хутка павялічваецца, асабліва з таго часу, як краіну пераразалі густой сеткай чыгунак. На падставе гандлю вугалем і рулой хутка растуць усе пасёлкі пры станцыях чыгунак, асабліва пры вузлавых станцыях. Гарадамі пасьпелі зрабіцца шмат якія капальні і гуты, якія раней ляжалі ў голым бязьлюдным стэпе.

Адным з важнейшых гарадоў краіны зьяўляецца Лугань (або Луганск, 58 тыс. нас.) з вялікімі жалезнымі гутамі, з вырабам машын, лекомобіляў і г. д. Асяродкам здабываньня солі з салоных крыніц ёсьць здароўніца Славянск, пабудованы яшчэ сэрбамі. Каменная соль і жывое серабро здабываецца ў ваколіцах Бахмуту (29 тыс. нас.), які цяпер зрабіўся адміністрацыйным асяродкам краіны; найлепшы антрацыт — у Грушаўцы. На поўдні краіны на рацэ Кальміюс ляжыць Юзаўка (32 тыс. насельн.), таксама важны асяродак здабываньня каменнага вугалю і апрацоўкі жалеза. У Юзаўцы знаходзіцца самая даўная з сучасных гут Данеччыны, пабудованая яшчэ ў 1871 годзе.

Паводле проэкту электрыфікацыі СССР у Данеччыне мусяць працаваць 4 вялікія электрычныя станцыі, якія будуць карыстацца горшымі гатункамі мясцовага вугалю і па дроце будуць перадаваць электрычную энэргію далёка на суседнія фабрыкі, гуты і капалья.

Паўднёвая Ўкраіна абымае нізіну між Украінскім гранітна-гнэйсавым грудом і паўночнымі ўзьбярэжжамі Азоўскага мора і Адэскай затокі Чорнага мора. Як і ў рэшце Украіны, павярхоўны пласт зямлі складаецца тут пераважна з лёзсу, пад якім хаваюцца паземныя адклады дауных мораў. Наагул кажучы, гэта гладкая раўніна, ледзь прыметна нахіленая на поўдзень. Каля мора сухаземе тут крута абрываецца прыступкай, пад якой застаецца толькі вузкая йстужка так званага пляжу, якую часамі заліваюць морскія хвалі. Лёэсавую паверхню Паўднёвай Украіны пераразаюць раўчакі, яры і рэчныя даліны, выцягнутыя пераважна з поўначы на поўдзень. Большая частка рэк пачынаецца на схілах старадаўнага Ўкраінскага груду і каля свайго ўпаданьня у мора утворвае пашыраныя вусьці-ліманы, якія аддзяляюцца ад мора пескавымі гакамі і маюць выгляд паўзморскіх вазёр з салонай або саланаватай вадой. Рэкі нясуць у ліманы шмат глею і пяску і пакрысе засыпаюць іх сваімі адкладамі. Такім спосабам шмат якія ліманы перавярнуліся на саляныя балоты, а ў некаторых такіх балотах гразь лічыцца вельмі карыснай для здароўя. Каля такіх ліманаў пабудаваліся лячэбныя месты-здароўніцы або курорты. Туды штогод зьяжджаецца шмат хворых (на рэўматус, на запаленьне нэрнаў і г. д.), яны тут купаюцца ў гразі і грэюцца пад гарачымі праменьнямі паўднёвага сонца. У некаторых ліманах вада такая салоная, што з яе што-год асядае на дно ліману пласт солі, якую здабываюць і вывозяць за межы краіны.

У Адэскую затоку ўліваецца толькі 3 ракі, ліманы якіх злучаны з морам так званым горлам. Гэта Днестр, Бог (Паўднёвы Буг) і Дняпро. Ліманы Богу і Дняпра зьліваюцца ў адзіны супольны ліман, злучаны з рам штучна паглыбленым горлам і адгароджаны ад гэтага мора падвойным шэрагам пескавых гакаў.

Дняпро зьяўляецца адзінай ракой, якая здолела прарвацца праз Украінскі гранітны груд. Аднак у тым месцы, дзе ён прабіўся праз скалы гэтага груду, між Кацярынаславам і Запарожжам (Аляксандраўскам), утварыліся слынныя Дняпроўскія парагі, якія аддзяляюць нізавіну Дняпра ад яго сярэдняга цячэньня. Гранітныя скалы пераразаюць тут рэчышча, і вада з надзвычайнай сілай перакатваецца цераз іх. Падводныя камені паўсюды раскіданы па рэчышчы, і патрэбна вялікая практыка і сьмеласьць, каб прапусьціць праз парагі плыт або барку нават у час веснавых разводзьдзяў. Параходы зусім ня могуць праходзіць праз парагі.

З рэк Азоўскага вадазбору найвялікшыя — Малочная і Кальміюс. Даўней па берагох Малочнай жылі расійцы, якія належалі да сэкты малаканаў. Яны жылі пазвангельску, добра гаспадарылі, але адмаўляліся ад вайсковай службы. З гэтай прычыны расійскі ўрад прыгнятаў іх, нарэшце прымусіў кінуць свае вёскі і перасяліцца на Каўказ, а землі іх аддаў нямецкім колёністым.

Клімат Паўднёвай Украіны вельмі сухі, ападкаў там заўсёды мала (часта меней за 400 мілім.), неба заўсёды яснае, лета вельмі гарачае, зіма марозная.

У Адэсе сярэдняя тэмпэратура году-+9,8°, сярэдняя студзеня -3,7°, ліпеня +26,3°.

Параваньне вады тут вельмі вялікае, у грунтох вады мала. Ува ўсёй краіне няма крыніц, у калодзежах вада часта высыхае, у некаторых месцах, калі ў калодзежах і ёсьць вада, дык такая салоная, што яе нельга міць. Дрэвы ў краіне зусім не растуць, хіба на штучна абваднëных месцах ды па ярох. Кавыльны стэп, пакрыты травой у рост чалавека, пярэсты ад рознастайных красак увясну, шэры і жоўты ўлетку, існаваў толькі на поўначы краіны. Чым далей на поўдзень, тым болей убогая расьліннасьць пакрывала стэп. На узьбярэжжы трава расла толькі пучкамі, а большая частка грунту была зусім голай. Палын і чарнобель займалі там болей пачэснае месца, як кавыль і цыбульныя расьліны. Месцам на поўдні сустракаюцца нават саланчакі, па якіх могуць расьці толькі самыя нягрэблівыя расьліны-салянкі, якія могуць жывіцца салонай вадой. Цяпер нечапаны стэп зьяўляецца ўжо рэдкасьцю; нівы паўсюды павыціскалі стэпавую дзікую расьліннасьць. Толькі пад аховай земляўласьнікаў дзе-ні-дзе захаваліся куточкі нечапанага стэпу.

Найцікавейшым куточкам нечапанага стэпу зьяўляецца маёнтак Асканія-Нова, што ляжыць на ўсход ад нізавіны Дняпра. Былы уласьнік гэтага маёнтку—Фальцфэйн—зрабіў там зьвярынец, у якім жывуць, як мясцовыя, гэтак і заморскія жывёлы, прывезеныя з далёкіх краёў. Як нашая Белавеская пушча, Асканія-Нова можа лічыцца "нацыянальным паркам" Украіны.

У залежнасьці ад асаблівасьцяй стэпавай расьліннасьці, паўночная частка краіны пакрыта ўрадлівай чорназемнай глебай (з 6-10% перагною). Бліжэй да мора — чорназем сьвятлейшы (так званы чакалядавы з 4-6% перагною), а месцам яго замяняюць бурыя глебы (з 2-4% перагною).

Першапачатковымі насельнікамі краіны былі розныя вандроўнікі, што надыходзілі сюды з Азіі, займаліся тут гадоўляй жывёлы і рабавалі суседніх аселых славянаў. Ад гэтых вандроўнікаў захаваліся да гэтага часу толькі могілкі-курганы, у якіх часамі знаходзяць багатыя акрасы і розныя прылады, пахованыя разам з нябожчыкамі. Праўда, ужо ў ІX в. сюды надыходзілі аселыя славяне, але кожны раз іх зганялі адгэтуль вандроўныя пляменьні (вугры, торкі, печанегі, куманы, аланы, хазары, гуны, полаўцы, нарэшце татары), якія адціскалі іх ад мора. У XVІ в. сюды зноў пачалі надыходзіць украінскія колёністыя-казакі, якія залажылі тут на востраве на Дняпры "Запароскую Сеч“, пачалі змагацца з крымскімі татарамі і пакрысе адваёўвалі стэп. Аднак, да ХVІІІ в. край заставаўся вельмі малалюдным. Маскоўскі ўрад, заўладаўшы Паўднёвай Украінай, прапанаваў тут сяліцца сэрбам з Аўстрыі, Вугоршчыны і даўнай Турэччыны, немцам, балгарам, маскоўцам. Аднак, у яшчэ большай колькасьці сюды надышлі ўкраінцы. Сэрбы хутка ўкраінізаваліся, і ў сучасны момант украінцы рашуча пераважваюць у краіне. Апроч іх, па асобных колёніях тут жыве некалькі сот тысяч немцаў, якія добра забясьпечаны зямлёй, карыстаюцца найлепшымі сельска-гаспадарчымі прыладамі і жывуць значна багацей за ўкраінцаў.

Спачатку асновай багацьця Паўднёвай Украіны была гадоўля жывёлы. Зямлю апрацоўвалі пад засевы збожжа толькі для ўласных патрэб. Большая частка стэпаў была пашай для быдла, авечак і коняй. Амальшто кожны гаспадар меў па некалькі дзесяткаў кароў і па колькі сот авечак. У канцы мінулага веку гушчыня залюдненьня ў краіне значна павялічылася, і гадоўля жывёлы пачала замяняцца ральніцтвам. Ня гледзячы на недахват вільгаці, зямля давала добрыя ўраджаі, і ральніцтва аказалася выгаднейшым за гадоўлю жывёлы. Зямельнай цеснасьці яшчэ не адчувалася, кожны меу па некалькі дзесяткаў дзесяцін і, каб лягчэй скарыстаць свае зямельныя багацьці, ужываў найлепшыя сельска-гаспадарчыя машыны; цяжкія, вялікія плугі, сеялкі, жнейкі, касілкі і г. д. Спосабы ральніцтва аднак былі яшчэ старыя. На палёх сеялі пшаніцу кожны год, не даючы зямлі адпачынку, пакуль яна давала хоць якую-колеча карысьць. Потым кідалі поле пад дзірван і на палёх пасьвілі авечкі да таго часу, пакуль там зноў не зьяўляўся кавыль; тады зноў засявалі поле пшаніцай. Толькі ў апошнія часы такі дзірванны або аблогавы спосаб ральніцтва замяніўся трохпалёўкай.

Пшаніца зьяўляецца галоўным багацьцем краіны. Яе галоўным чынам і вывозяць адгэтуль у Заходнюю Эўропу. У меншай колькасьці сеюць ячмень, авёс, кіяхі, табаку, для алею — рапс і сонечнік. Вялікія прасторы зямлі засяваюцца кавунамі і дынямі, гуркамі, гарбузамі, перцам, баклажанамі і іншай гароднінай. Дзякуючы цёпламу лету, пры штучным абвадненьні або у далінах рэк, могуць вельмі добра пасьпяваць далікатныя гатункі садовіны: чарэшні, абрыкосы, лепшыя гатункі сьліў, вішань, яблыкаў, ігруш. Аднак вінаграднік расьце кепска, бо ня можа вытрымаць зімовых маразоў.

Гадоўля жывёлы да апошніх часоў заставалася галоўнай галінай сельскай гаспадаркі толькі па буйных маёнтках, дзе паны за недахватам працоўных рук не маглі перайсьці да болей выгоднага земляробства.

Апрача сельскай гаспадаркі, вялікую вагу мае ў краіне нетракапальны промысел. Каля сярэдняга цячэньня ракі Інгулец (прыток Дняпра) каля места Крывы Рог трапляюцца багатыя паклады найлепшай жалезнай руды, так што у здабываньні жалеза краіна мае большую вагу, як Урал. Каля Дняпра, ніжэй парагоў, знаходзяць манганавую руду; у паўзморскіх назёрах здабываюць соль.

Што-год багацьці Паўднёвай Украіны прынаджваюць новых перасяленцаў з поўначы, і колькасьць насельнікаў краіны хутка павялічваецца. За апошнія сто гадоў лік насельнікаў павялічыўся тут у 10 разоў.

Недахват вады для піцьця у голым стэпе прымушае сялян сяліцца на далінах рэк і ў ярох, у якіх украінцы навучыліся затрымоўваць ваду дажджоў. Часамі даліна якой-небудзь ракі выглядае скрозь запоўненай будынкамі. Вёска за вёскай цягнецца без перарыву па даліне, нібы адна многавёрстная вуліца пад рознымі назовамі. Затое на вадаладзелах, у баку ад далін,-толькі нівы або паша, ніводнай хаткі, ніводнага дрэва. Вялікія вёскі, якія ляжаць каля станцый, чыгунак, каля капалень, каля мора, лёгка робяцца гарадамі. Гарады краіны — пераважна маладыя з простымі шырокімі вуліцамі, новымі будынкамі, правільна пасаджанымі радочкамі дрэў удоўж вуліц. Люднасьць гэтых гарадоў складаецца з жыдоў. украінцаў, маскоўцаў, грэкаў, армянаў, румынаў і чужаземцаў. Бойкі гандаль, эўропейскі выгляд, хуткае узрастаньне адразьняюць тутэйшыя гарады ад ціхіх, прыгожых старасьвецкіх гарадоў Паўночнай Украіны.

Самым важным горадам Паўднёвай Украіны зьяўляецца Адэса (317000 насельн.), што ляжыць на аднаназоўнай затоцы Чорнага мора, на захад ад горла Дняпра-Богскага ліману. Як Марсэль лічыцца прыстаньно Ронскага вадазбору, гэтак Адэса можа лічыцца прыстаньню Дняпра. Ня толькі украінскія, але й беларускія тавары вывозяцца ў Чорнае ды Міжземнае мора па Дняпры і далей праз Адэсу. Для Украіны Адэса становіць тое-ж, што для Маскоўшчыны Ленінград, а для Нямеччыны — Гамбург. Па Днястры, па Бозе, па Дняпры і па чыгунках сюды вязуць укра. інскае збожжа, цукер, мяса і скуры, беларускі лес, сернічкі, сьпірытус, а па моры з-за меж прывозяць баваўну, гарбату, табаку, вугаль, плады. (Перад вайной гандлёвы абарот адэскай прыстані дасягаў 137 мільёнаў руб. золатам).

Адэса — бойкі, багаты і прыгожы, зусім заходня-эўропэйскі горад. Вялікія сучасныя будынкі, раскошныя магазыны, простыя шырокія вуліцы, харошыя бульвары і сады, мяшанае насяленьне, гандлёвае і рухавае, — усë гэта мала нагадвае гарады усходняй Эўропы. Як культурны асяродак краіны, Адэса мае шмат усякіх школ і ў тым ліку унівэрсытэт. У час рэволюцыі тут згуртавалася значнае кола беларускай інтэлігэнцыі, калі розныя окупацыі перашкаджалі беларускаму руху на Беларусі. У Адэскай прыстані заўсёды працавала шмат беларусоў.

На Бозе, каля яго злучэньня з Інгулам, знаходзіцца другая важная прыстань краіны, даступная для другарадных морскіх караблёў — Мікалаеў (81000 нас. Гандлёвы абарот Мікалаеву да вайны дасягаў 108 міл. р. золатам). Перш за ўсё гэта вайсковы і караблябудаўнічы порт з вялізнымі майстэрнямі караблёў, фабрыкамі зброі, гармат, бліндажоў і г. д.

На Дняпры, крышку вышэй яго вусьця, на правым беразе ляжыць Херсон (41000 нас.), таксама важная прыстань для паузьбярэжных морскіх караблёў. Адгэтуль вывозяць украінскае збожжа, скуры і беларускі лес. (Гандлёвы абарот да вайны дасягаў 44 міл. р. золатам).

На беразе Азоўскага мора ў межах Паўднёвай Украіны ляжаць яшчэ дзьве прыстані, якія маюць гандлёвае значэньне: Бярдзянск (22 тыс. нас.) і Марыюпаль (35000 Насельн.). Азоўскае мора даступна толькі для дробных караблёў, бо для вялікіх замелкае, але і на гэтых дробных паўзьбярэжных караблёх з Бярдзянску і Марыюпалю вывозяць шмат збожжа, а з апошняга апрача таго яшчэ й вугалю ды жалеса з Данеччыны.

У баку ад мора найвялікшым горадам Пауднёвай Украіны зьяўляецца Кацярынаслаў (127 тыс. нас.), які ляжыць на Дняпры трохі вышэй парагоў. Такім чынам тут канчаецца параходны рух па сярэдняй частцы Дняпра, ды й плыты, што сплаўляюцца з Беларусі па Дняпры і яго прытоках, даплываюць звычайна толькі да Кацярынаславу. Лежачы пасярэдзіне між Данеччынай і Крывароскай жале аздабывальнай акрутай, Кацярынаслаў зрабіўся найважнейшым фабрычным горадам Украіны. Як у самым горадзе, гэтак і у яго ваколіцах знаходзіцца шмат вялізных фабрык, на якіх апрацоўваюць жалеза, манган і г. д. У Кацярынаславе ёсьць і вышэйшая школа нетракапальных промыслаў.

Ніжэй парагоу на Дняпры ляжыць горад Запарожжа (Аляксандраўск, 44 тыс. насельн.), ад якога пачынаецца параходны рух па Дняпроўскай нізавіне. У Запарожжы проэктуецца залажэньне найвялікшай электрычнай станцыі СССР, якая мусіць карыстацца знаргіяй Дняпра ў парагох і будзе перадаваць электрычную энэргію усюды на фабрыкі Кацярынаславу, Крывароскай жалезаздабывальнай акругі і далей аж да Херсону.

Каля пачаткаў р. Інгул ляжыць яшчэ адзін багаты гандлёвы горад Елізаветград (50000 нас.), асяродак гандлю збожжам і вырабу сельска гаспадарчых машын.