Досьвіткі (1922)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Досьвіткі
Драма
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1922 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Досьвіткі (Родзевіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Л. РОДЗЕВІЧ


ДОСЬВІТКІ.


ВІЛЬНЯ1922 г.

Друкарня „ДРУК“, Субач. 2.

Досьвіткі.

(Драматычныя сцэны).

Сялянская хата. З пачатку хату асьвячае зарава пажару; пажар тухне і пасьля з другога боку усходзе сонца. Час-ад-часу чуваць далекі грукат гармат. У хаце, як перапужаныя авечкі, таукуцца-запрытаіліся сяляне. На ложку стогне хворы. Адна з кабет, гістаючы дзіцянетка на руках, пяе калысанку.

З ГРАМАДЫ: — Душна, цяжка дышаць, як пад лёдам.
— Як жывыя ў магілу закапаныя.
— Канец сьвету, канец сьвету…
— Пагінулі, прапалі…
— І як жыць, з чаго пачаць…
— Гарматы грукацяць, а мне выдаецца, што я ляжу ў дамавіне і на мяне пясок кідаюць, кідаюць…

СЕЛЯНІН. (увышоўшы.) Кара Божая, кара Божая… Ад вёскі асталіся чорныя галавешкі, белыя печы… дымам усё зьнікла! Толькі гэта хатачка адна аднюсенькая ўцалела, каб затуліпь у сабе нас пакутнікаў, зьнідужэйшых ад бяды, мук…

ГАСПАДАР. Хай бы лепш і яна пажарышчам стала, чымся дачакаць гэткае пашаноты.

З ГРАМАДЫ: — Не грашы, браце, Богу.
— А дзе твае яшчэ?

СЕЛЯНІН. Дзе мае… Жонка знаць ачумела, ці хацела што ратаваць, бо кінулася ў хату, — а страха ўжо гарэла. Дачка, енчучы з болю ўсё хадзіла каля вогнішча хаты і звала: „Мама! Мамачка!..“ Ажно толькі цяпер выгарнулі яе костачкі… Я ня мог глядзець… А дачка білася аб зямлю, кляла і блюзьніла, аж пакуль шалёная куля і яе… Эх, чаму гэтая куля мяне абмінула!

З ГРАМАДЫ: — Як, дык і яна забіта?
— Бедная дзяўчына!

СЕЛЯНІН. Ох, браточкі мае, калі я згледзіў, як яе кроў дымілася на гарачым попялу побач стлеўшых костачак яе маці, дык так запякло, задрыжэла ў нутры. Крыўдна мне стала, моцна крыўдна. Камень грыз-бы са злосьці, помсты жадала сэрца… але ворага нідзе ня было… Ды й хто нам вораг?!

З ГРАМАДЫ: — Праўда, ўсё нам ворагі, ўсе нас пакінулі, як зблыканых авечак. Усё пабралі, паглумілі, праз век запрацаванае крывавым мазалём. Б‘юць нас, зьдзекуецца з нас, а што мы? А мы загнаныя ў казіны рог жальбуем толькі.

СЕЛЯНІН. (стаіць апёршыся на кіек, як бы сам да сябе) Хто нам вораг? Каб жа мы зналі, мо гурмам, грамадой далі-б яму рады, але кожны думае па своему, у кожнага іншы вораг, кожны сам сабе і усім вораг.

З ГРАМАДЫ: — Паны нам ворагі.
— Паны пабітыя ці паўцекалі, а на мейсцы двароў, ляжаць выгарэўшыя плямы, а з іх бароў і пушч ідзе за нашыя шнуры і агароды — лес ідзе.
— Грозным поступам лес ідзе.
— Мо лес наш вораг?

З грамады выступае кволы чалавек у бабскім каптане, скідаючы яго кажа:

КВОЛЫ ЧАЛАВЕК. Я ваш вораг… Наце, аддаю…

З ГРАМАДЫ: — Якім парадкам?
— Чаму ты нам вораг?

КВОЛЫ ЧАЛАВЕК. Як пачаўся пажар на вёсцы, дык я, гэтага, кінуўся нібы ратаваць ды ўскочыў, гэтага, у Дамінікаву хату. Цапнуў, што папалася ў руку і ў кусты, гэтага. Думаю, калі ўсе забыліся на грэх, дык і я, гэтага, хоць пад старасьць вальней пажыву. Але папаўся мне вось гэты бабскі каптан. Пабег я да сваей хаты, а яе ўжо няма — згарэла… Так і астаўся ў каптане, прыкрыў гэтак ім шальмоўскую душу сваю… І каб вы, суседзі, палаілі, а то і пабілі, гэтага, мо палягчэла-б, а то ў серадзіне гатуецца, шчыміць, гэтага, як на дне пякельным… (некаторыя сьмяюцца. Чуваць стукат у вакно і крык).

ЗА ВАКНОМ: — Гляньце, гляньце коціцца на нас аграмадны камень, лясы ломіць, горы расціскае, бажніцы крыша… Камень коціцца!.. Ах, проста на нас!.. (прабуджаныя дзеці паднялі плач; усе устрывожыліся).

ЯРМІЛА, Звар‘яцела баба… Панесла яна раз сваім сыном есьці ў лес, ажно глядзіць на вербе вісяць у бялізне тры дзяцюкі, вышчарыўшы зубы на месяц… Як пазнала, што гэта яе дзеці, дык і зьвіхнулася з розуму. А доўгі час яе сыны баранілі нашу вёску ад напасьці, далёка аб іх чутка пашла, цэлыя палкі ў бок зварачывалі… Ажно ўрэшце падказаў нехта…

З ГРАМАДЫ: — Ат, меліць языком, быццам людзі першы раз гэта чуюць.
— Лепш бы гэтага зусім ня чуць.

ЯРМІЛА. Ды я так, каб не маўчаць…

ВАР‘ЯТКА. (з візгам убегае і зашчапляе дзьверы). Ай, ратуйце! Пакусаў ўсё маё цела. Трымайце дзьверы. Ен не Ярміла, а ваўкалака — перакідаецца ў рудога ваўка, пьець кроў людзкую. Сваіх пляменьнікаў паеў, маіх сынкоў і хоць асілкаў, але здужаў, але змог… Цяпер мяне хоча зьесьці, грызець дзьверы, лезе… ратуйце!

ЯРМІЛА. Ты, сука, што гэта на мяне брэшыш?

ВАР‘ЯТКА. (выбягае, чутно яе крык) Ай! Камень коціцца, давіць, крыша… уцекайце, уцекайце…

ЯРМІЛА. Ня верце, людцы! Нікога я, ніколі, ня выказываў. Ніякіх людзей я ня ем, ані ў ваўкалаку не перакідаюся. Гэта ёй проста папалася на язык маё прозьвішча, вось яна і чаўпець. Ня верце браточкі, прысягну вам, што ня праўда. Каб ня зышоў з гэтага мейсца, каб не разьняў гэтых пальцаў, каб… (маўчанка. Ярміла абводзе ўсіх вачыма, як бы шукаючы спагады, але ад яго адсовываюцца). Каб вы спрухнелі, чаго-ж вы маўчыцё, чаго ўцекаеце ад мяне, як ад пошасьці якой. Вы той ашалелай верыце, а мне дык не! Плюю я на вас! Не баюся я нікога — га! бо нікога няма. Бог з бажніцы прагнаны, паны ў палацах падушаны, начальства разьбеглася, як мышы тручаныя, а вы ха-ха-ха… Плюю я на вас! Вось мне душна тут і я разьбіваю вакно, і не баюся нікога, бо я тут цар і бог і нічога вы ня зробіце. Ха-ха-ха, як сьмяхотна тырчаць вашыя нямыя, перапужаныя твары? Чаго маўчыце, чаго прыціхлі, пабялелі, як нябожчыкі. Ну ем я людзей, ваўкалака я, душагуб, пью кроў дык што-ж? І вы будзеце есьці людзей, нават дзяцей сваіх, саміх сабе будзеце грызьці, ліха вашай галаве. Будзеце, кажу, калі нівы стаптаны, аруды пагарэлі, край зьніштожаны, сьвет галодны, людзі азьвярэлі, а злое ўсюды пануе — патопам разьлілося, а пошасьць, паморак, як чад распаўзаюцца. Дык як жыць? У злым трэ шукаць паратунку, шатаном трэба стацца, хай вырастае воўчы клык… (узяўшыся за клямку ад дзьвярэй). Вы можа думаеце, што я ўцякаю ад вас, баюся вас. Плюю я на вас… Душна мне тут, цесна… (шпарка выходзе; доўгая маўчанка).

ХВОРЫ. Вось каб так ціха было, альбо каб смерць настала… Каб мяне ў касьцёл палажылі, там і паветра шмат, і сьвету, і ціха, ціха… А хараство сьценак і абразы паганялі бы думкі аб Богу, аб небе, аб шчасьці… Я б там выздаравеў.

З ГРАМАДЫ: — Каб-жа сьмерць.

ХВОРЫ. Найлепшая падзяка за жыцьцё, гэта спакойнае, бяз мук скананьне.

З ГРАМАДЫ. — Мама, мамачка дай есьці. Мамачка, есьці хачу.

З ГРАМАДЫ: Ціха ты дакука мая, нешчасьце маё, што я табе дам… (раптам прыгартае дзіця і плача). Супакойся дзетка маё родненькае. Мне яшчэ трудней, бо мушу разумець твой голад і сама галадаць. О, гора-ж маё, гора!

ГАСПАДЫНЯ. Ціхаце-ж, я падзялю страву хворага… Хай дзіцянё заморыць рабака. (Дастае з печы яду).

ХВОРЫ. Дай, дай… мне толькі абы супакой, цішыну.

КАБЕЦІНА. (Уваходзіць з дзіцянём на руках) Сьвяты чалавек! Сьвяты гэты наш вучыцель — дзе ён ступіць там і радасьць запануе.

З ГРАМАДЫ: Ну, што там такое?
— Дык ён ня ўцёк?
— Ну хіба-ж ня бачыў, як ён тушыў пажар.

КАБЕЦІНА. Выратаваў мне дзяцёнка, жыцьцё не шкадуючы, выратаваў… Маю красачку, надзею…

З ГРАМАДЫ: — Дык чаго-ж ты плачаш?

КАБЕЦІНА. Я і плачу, і сьмяюся, і жаль мне нейкі, і радасьць, як з Богам гукала. Ен усім памагае — гэта сьвяты чалавек. Цяпер раненых даглядае, поіць, пацешае словам і чынам… (чуваць шум матора; усе кінуліся да вакна).

З ГРАМАДЫ: — Арэплян, арэплян!..
— Дзе?
— Глядзі ўверх, правей…
— Вундзе, як павук паўзе па хмарцы.
— Бомбы мусіць кідае. Каб на нас ня кінуў.
— Хай бы ён лепш, лётаючы там каля сонца, сьвету нам кінуў.
— Ох, калі гэтая крутаніна кончыцца, калі ўціхамірыцца. Няма жыцьця!
— Круціцца, меліцца, як на торжышчы якім.
— Крыўдна нам, крыўдна. Во хоць бы я: з багатага, семяністага гаспадара астаўся, як стой. Жабрак! Усяго таго багацьця — галоднае, халоддае жыцьцё.
— Церпім гора — мусіць гэтак трэба. Адно толькі цяпер прашу, каб супакоілася гэтае насланьнё, хвіля,
— Міру, міру!..
— Нашы дзеці дык і ня знаюць, што такое мір, спакойнае жыцьцё.
— Я, надойча, як хаваліся ад куль, прылёг у ямку. А кулі, значыць, нада мной роем пзынкаюць, хэ, хэ… А я перажагнаўся, утуліў галаву і ўзіраюся, значыць, на зямлю. Бачу адна, другая дзюрачка, а праз іх так і снуюць мурашкі. Адна, значыць, казяўку якуюсь валоча, другая траўку сухую — ну ведама кожная мае занятак, толькі вось я, думаю сабе, туляюся па ямах, як збойца, кінуў гаспадарку, сямью і за што, і на што? І жаль, значыць, мяне моцны агарнуў, сьлёзы як гарох пасыпаліся, хэ-хэ-хэ… да душы пасыпаліся, самахоць… (неўзнаку ўцерае сьлёзы). Ускочыў, значыць, я і стаў на відавоку, але ні адна куля не зачапіла — такі ўжо лёс. Хэ, хэ…
— Дык ня дзіва жывеш здаецца па людзку і бацькі Бога не гнявілі, а вось душа калоціцца ў трывозе, як пакутніца, як бы ўчыніў якісь страшны праступак.

Тут адзін з сялян, што спаў прысеушы на падлогу, ускочыў крычучы з прасонку.

ПРАБУДЖАНЫ. Стойце, ня біцеся! Пагібель на вашу партыю!

З ГРАМАДЫ: — Чаго ён? Што з ім стала?
— З прасонку пэўня.

ПРАБУДЖАНЫ. (ачуняўшы) Ох, дайце-ж рады. Толькі гэта вочы зажмурыш, як перад табой аратар так і тараторыць, так і камандуе рукамі. Сніў, што мяне прывязалі да слупа, бо я не хацеў слухаць, а тут кожнае слова гаворкі аратара як цэпам па галаве, як цэпам па галаве. Ох, ажно цяпер галава гарыць, покаецца ад болю, пал у грудзях, сэрца ныя, трапешчыцца…

З ГРАМАДЫ: — Усялякія партыі навыдумлялі. Які чорт ня вырвецца з падваротні, ўсё новую партыю табе суліць, просіць запамогі, еднаньня, падбухторывае на сваіх ворагаў і ўсе точуць вайну толькі не паміж сабой, а з нашымі курамі ды парасятамі.
— Скубуць, як гарох пры дарозе.
— Здаецца ў лес бы ўцёк, у зямлю жывы палез, так усё надакучыла.
— І ніяк душа ня прыймае, ў галаве ня тоўпіцца.
— Мукі! Акапцілі душу. Цьфу!
— Я вам кажу, што гэта Антыхрыст прышоў, а яго прыхвастні каламуцяць жыцьцё і сьвет, хочаць зьбіць з панталыку, ачмуціць, а тады з нашым братам што хочыш рабі, хоць поле абнавозь.
— Адзін ратунак да споведзі схадзіць.
— Каб жа было каму спаведаць.
— Усе ўпрочках.

Уваходзіць вучыцель і ўносіць зьвязаныя кнігі.

ВУЧЫЦЕЛЬ (аціраючы пот) Ух, замарыўся, знямогся… Але хоць крыху адратаваў… Як шмат вас тут сабралася!..

ДЗІЦЯ. (аглядаючы кнігі) Аей, як абгарэлі… Во дзе „зорка“, а замурзалася як!

З ГРАМАДЫ: — А чаму гэта вучыцель не ўцёк ад ворагаў?
— Нам дык няма куды, але вам з сьветлай галавой дарога адкрыта.

Адна з кабет пяе калысанку.

ВУЧЫЦЕЛЬ. Не магу, бо тут асталося наймілейшае, найдаражэйшае душэ маей.

З ГРАМАДЫ: — Хто гэта?

ВУЧЫЦЕЛЬ (прытуляе дзіця). Во хто — Маладая Беларусь. (да дзіцяці) Скажы мне ўцеха, гордасьць мая ці любіш Беларусь?

ДЗІЦЯ. Як жа мне яе ня любіць, калі яна багаціць і акрыляе душу маю, калі я першы раз згледзіў тут сонейко, неба, пачуў калысанку ў матчынай мове. Люблю за яе хараство, люблю за тое, што нікога Беларусь ня крыўдзіла і не няволіла. Люблю ўсей моцай душы сваей.

ВУЧЫЦЕЛЬ. А ці верыш у Беларусь?

ДЗІЦЯ. Моцна веру, што закрасуе наша сярмяжная Беларуская праўда, што Беларусь будзе жыць на славу і шчасьце людзей. Веру, бо мая вера мае мучанікаў.

ВУЧЫЦЕЛЬ. А ці ратаваць Беларусь будзеш?

ДЗІЦЯ. Усюды і заўсёды, з потам і кроўю, бо люблю і веру ў Беларусь, бо без яе няма мне жыцьця, бо ніхто яе не паратуе, калі ня мы, дзеці яе.

ВУЧЫЦЕЛЬ. Слухайце-ж вы сівыя бароды і знайце, што тыя, якіх яшчэ няма, будуць яшчэ мілейшыя, яшчэ даражэйшыя.

ДЗЕД. Добра вы, пане вучыцель навучаеце нашых дзетак, толькі-ж нас гэтым ня усцешыце. Ня прыждаць ужо нам радасных дзён — дым з пажарышч нашых вёсак выесь вочы, голад паморыць нашых дзетак… Гора нам, гора…

СЕЛЯНІН. З прадвеку мы цярпім крыўду і занепад сваей Бацькаўшчыны, ямо чорны хлеб наймітаў, нявольнікаў — аб гэтым сьведчуць нашыя бледныя твары, пашчапаныя ад працы рукі.

З ГРАМАДЫ: — І раны, калецтвы нашых сыноў.
— І крык звар‘яцелых матак.
— Як былі паднявольнымі, так і астанемся стагнаць пад чужацкім ярмом.

ВУЧЫЦЕЛЬ. Ніколі! Годзі трызьніць! Жыва мова — жывець народ. Беларусь ужо ўваскрэсла. Сярод пажарышчаў, над трупамі замучаных, над стаптанымі нівамі ўсходзе сонца лепшай долі, сонца нашага адраджэньня. Бурная радасьць дрыгаціць у нутры. Неўстрымана рвецца крык з грудзей: Жывець Беларусь! І гэтая праўда найчысьцей, найглыбей у нас захавана. Слухайце, як маё сэрца гвалтоўна б‘ецца ад каханьня да роднага краю. Гляньце, як вочы мае зігацяць адвагай, бо я жадаю вялікіх, слаўных спраў, працы без супачынку, — як чало маё гарыць ад вагністых думак. Я аддаў гэтай зямельцы стаптанай, паглумленай крыўдзіцелямі, прыблудамі, аддаў усё сваё жыцьцё, сваю душу і за гэта яна пагразіла мяне моцай магучай, непакананай. І няма мне перашкод, і няма тых кайданаў, якія змаглі-б скаваць маю волю, акарнаць мае лёгкакрылыя думкі…

МАЛАДЗІЦА. (убегае раненая, збалочаная, абараваная). Ратунку! Збаўленьня! Там… вёску нашу паляць. Там збойствы, зьдзек!.. Трупы, кроў пад нагамі! Дзіцятка маё ў вагонь кінулі. Я ад паняверы чуць выратавалася… паранілі… намучылі… Помсты! Помсты!

З ГРАМАДЫ. — Значыць хутка тут будуць.
— Што рабіць? куды дзецца?
— Прапалі!
— Ох, ох…
— А мо нас як абмінуць?

Чуваць далекія выстралы. Куля разьбівае абраз на сьцяне, які з бразгам валіцца далоў.

— Кладзіцеся! На падлогу! Кладзіцеся!
— Ох, Бог на нас ужо забыўся!
—Уцекайце, уцекайце!

МАЛАДЗІЦА. (заступае дзьверы). Стойце! Уцекаць… чаго уцекаць? Укралі што? Душагубы вы? І ці уцекаючы абароніце сваю сямью, дамову, дабро. Куды уцекаць у лясы, балоты? Да звяроў, гадоў? Ды вы самі горш звяроў. А загінеце не вялікая страта.

З ГРАМАДЫ. — Пагібель тут нам!
— Уцекаць, уцекаць…
— На бок яе! Бі яе!

МАЛАДЗІЦА. Ня пушчу, недалюдкі. Праз труп мой пройдзіця! Хай кроў мая спляміць павек вашую гідкую душу, а здань замучанай маці заслоніць вам сьвет. Пракляцьце на вас, душагубы. Хай страшная помста падзе з неба на вас і вашых дзяцей…

ДЗЕД. Стой баба не праклінай! Мы ужо і так пракляты…

З ГРАМАДЫ: — Яна праўду кажа. Няма чаго і няма куды нам уцякаць.
— А вышчарылася, дык як зьмяя.
— Ат! Ды мне усё роўна: як усе.
— Усёткі сьмерці ў зубы лезьці не ахвота.

ВУЧЫЦЕЛЬ (да Маладзіцы). Вы супакойцеся. Трэба усё цярпліва пераносіць. Дайце я вам рану завяжу. У вас рана крывавіцца… (рвець хустачку і хоча завязаць рану).

МАЛАДЗІЦА. Боль душы заглушае боль маіх ран. Ня гэтым рызманом трэба лячыць раны і не па гэтыя лекі я да вас прышла.

ВУЧЫЦЕЛЬ. Дык што-ж нам рабіць — мы бяссільны.

З ГРАМАДЫ: — Але, што рабіць?
— Кажы, калі такая разумная.

МАЛАДЗІЦА. Хіба-ж вам мала кажаць пажарышчы, парытыя, здратаваныя нівы, трупы вашых дзяцей і жонак і гэтая кроў, што цячэ па мне. Вы глухія на крык болі, на крык а помачы. Вы толькі послух маеце там, дзе посьвіст нагайкі і тады, калі споласуюць вашу скуры ў крывавыя градкі. Вы больш не бацькі, не браты і не грамадзяне, а шкурнікі, здраднікі, бабскія аб‘едкі…

З ГРАМАДЫ. — Во разанула!
— Праўду баба кажа.
— Ды ўжо-ж — гнілякі…
— Хлопцы! Пачнем з малога: сабяром дзе якое аружжа, а там розум нам падскажа.
— Ды ужо-ж, раз паміраць!
— Надта ўжо надакучыла гэтае безгалоўе.
— Гэй, там! Часу не марнуйце, каб пасьля позна ня было.
— Хадзем! Хадзем!

ВУЧЫЦЕЛЬ. Грамадзяне! Спыніцеся! Перасьцерагаю вас — ня будуйце на крыві сваё шчасьце. Сіла не ў штыку і ня там, дзе пануе дужэйшы, а там дзе ўсе роўныя, дзе гарт душы і еднасьць думак.

Чуваць выстрал. Вучыцель ускрыківае і валіцца нежывы на зямлю. Усе з жахам раступаюцца.

МАЛАДЗІЦА. Вось вам што рабіць: гінуць пакорна ад варожай кулі і пакінуць дзяцей у тэй няволі, у якой і самі гібееце. Дык ідзіце за мной, а кроў маіх ран вызначыць вам дарогу…

З ГРАМАДЫ: — Не абмінуць ужо нам сьмерці…
— Ах, Божа моцны, згінуў за нішто.
— Такі чалавек!

— А ды годзі ўжо вам лапатаць языком, бачыце, бягуць сюды.
— Бабы і дзеці хавайцеся ў склеп!
— Сьмерць за сьмерць!

— За праўду, Бацькаўшчыну і волю!

Кабеты і дзеці рупна выходзяць. Кожны шукае чым бы бараніца. Усе валтузяцца, крычаць; сярод моладзі жартуюць, сьмяюцца.

— Агата! А ты чаму ня узброешся?
— А яна языком больш наробіць, як ты тапаром.
— Бабы бярыце з сабой маладзіцу — аслабела яна, пабялела, як палатно.
— Стой! Не чапай — гэта таўкач мой, я сабе…
— А я з чым буду?
— Аддай!..
— Ціхаце! Дайце слова сказаць, — тут не да жартаў. Вы, старэйшыя, ідзіце ў Міхасёвыя каноплі, а мы тут іх каля хаты прывітаем ды тады абапал і сашчэпім. Толькі завіхайцеся, бо справа крутая.
— Добра! Добра!
— Хадзем! Хутчэй!
— Гура!
— Складна прыдумаў.
— Павадыром яго, камандзерам зрабіць…
— Жывей там чалдыхайцеся — ідуць, як на прыгон.

Усе выходзяць. Астаецца на ложку хворы. З пад печы вылазіць селянін — баязень.

БАЯЗЕНЬ. Пфу! Нанюхаўся курынай пархвумы.

ХВОРЫ. А ты чаго пад печ залез?

БАЯЗЕНЬ. Я так сабе. Ня думай, што я баюся — гэта нашы. А прылёг я — ведама кулі дурныя!

ХВОРЫ. Ах, ты брыда! Дык гэта твае, што глумяць нашае дабро, гвалцюць нашых дзяцей, топчуць нівы, дык гэта твае? Дык ідзі адгэтуль, да сваіх ідзі… Вон кажу…

БАЯЗЕНЬ. Ой, братка, баюся!.. Хоць бы яшчэ дзянёк пажыць… Чуеш?

На дварэ чуваць выстралы і крыкі: „Гура! Бійця іх душагубау, зладзеяу! Даганяй гэнага куцага! Стой гіцаль, не уцячэш! Ай, ратуйце!“ Хворы з натугай сьлядзіць праз вакно.

БАЯЗЕНЬ. (лежучы на падлозе) Куды ты вытыркаешся — кладзіся на зямлю… там кулі…

ХВОРЫ. Вон! Не пагань хаты. Каб у міг…

Баязень ойкаючы перапаузае парог.

ХВОРЫ. (сьлядзіць праз вакно, цяжка дыша, мучыцца за сваіх; гавора хрыпла) Ага, пагналі нікчэмнікаў! Нашыя ужо і аружжа маюць! Здаліся… вун толькі… Ах цэліцца!.. Божа… (крычыць) Беражыся! Тодар схініся!... (выстрал) Ха-ха-ха… Хібіў… Кінуў рушніцу, уцекае… А там з пад рэчкі выходзяць другія… ворагі… А шмат іх, як цячэ… (рупна устае, хістаецца) Памагаць… не паддацца… як цёмна… дзе дзьверы… не паддацца… (валіцца няжывы; узышоўшае сонца асьвечае яго. Чуваць водгульле барацьбы).

◆◆◆◆

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.