Ой, у лузе у зялёным,
Каля быстрай рэчкі,
Маладзенькая дзяўчына
Пасьціла авечкі.
Залатое сонца з неба
Грэла, спаць гарнула,
Аж пастушка у цянёчку
Лягла і заснула.
Па гасьцінцы жаўнеранька
Зьнекуль заблудзіўся,
Ён к дзяўчыне маладзенькай
З сядла нахіліўся.
„Ўстань, галубка, маё сэрца,
Годзе спачываці,
Кладзі ножкі у страмёна,
Будзем вандраваці!“
Уставала маладзенька,
Ножкі ў стрэмя клала
І з малойчыкам удалым
У сьвет вандравала.
Едуць поле і другое,
Ўзьехалі на трэцьце,
Пад дубочкам пад махнатым
Селі пасядзеці.
Прытуліўся жаўнеранька
Да грудзей дзявочых,
Абымае і цалуе
Губанькі і вочы.
Гэтак песьцячы галубку,
Стаў яе пытаці: „Скуль, дзяўчынка, будзеш, родам,
Хто твой бацька, маці?“
А яна яму гаворыць,
Пахіліўшысь нізка:
„Старшыні я дочка буду
З гэтай вёскі блізкай“.
Спахмурнелі ясны вочы
Ў хлопца маладога;
Ён адказу ад дзяўчыны
Не чакаў такога.
„І я, кажа жаўнеранька
Да таей дзяўчыны,
З тэй-жа самай вёскі родам,
Сын таго старшыні“!
............
Зацямнілі хмары неба
Чорнымі крыламі,
Пачалася шура-бура
З громам, з пярунамі.
І ударыў пяруночак
У два сэрцы тыя,
Што пасьмелі снаваць грэшна
Думкі маладыя.
Пад тым дубам іх абое
Пахавалі людзі,
Насып сыпалі жвіровы
На вочкі і грудзі.
На тым насьпе ўзышлі кветкі,
Як вясной сьнег стаяў, —
Адна жоўценькая кветка,
Сіняя — другая.
Хто ў магілцы сьпіць, усьпелі
Людзі ўжо забыцца, —
Тыя-ж кветкі ахрысьцілі:
„Браткай і Сястрыцай“.
23-I—13 г.
|