Пракленашы (1913)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пракленашы
Апавяданьне
Аўтар: Лявон Гвозд
1913 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Л. Гвозд.




ПРАКЛЕНАШЫ.


(Адгалосак старыны).



Пецярбург.
1913.


Друкарня А. Э. Коллінс (быўш. Ю. Н. Эрліх), М. Дваранс., 19.

Л. Гвозд.




ПРАКЛЕНАШЫ.

Пракленашы.


Было першае лістопада. Пагода стаяла дужа дрэнная — сьнег, дождж і вецір. Дарогі былі гразкі. Хто плёўся ў гэты дзень з мястэчка Крэслаўкі з кірмашу, ці так аткуль, той мок і калеў на сьцюжы і рад быў скарэй забрацца да якой нібудзь хаты, каб пагрэцца і абсушыцца крошку. Адным такім прыстанішчэм для падарожных была вялікая карчма Стырблі, што стаяла не далёка ад мястэчка.

Зьмеркалася. Каля карчмы сабралося многа калёс з запрэжанымі, заморэнымі конямі, хрупаўшымі с кашалёў ці проста кінутае на зямлю сена.

У карчме йшоў гоман на ўсе лады. Чалавекаў з двадцаць, сідзючы за доўгім сталом кучкамі па тры, па чатыры, вялі гутарку аб сёлітнім ураджаі, аб пагодзі і іншая, і шчыра частаваліся «простай». Бабы, развязаўшы хустачкі і дастаўшы з іх кавалачкі цьвёрдага, як цэгліна, сыра, ці варанай пячонкі, частавалі мужыкоў. Прышоўшые здалёку, пасядзеўшы з гадзіну, тураваліся да хаты; на іх мейсца прыхадзілі другіе.

Прыйшлі і суседніе мужыкі, маладзіцы, мальцы і дзіўчаты. Ня доўга чэкаючы заіграла скрыпка цагельніцкага Антона, і моладзь пусьцілася ў скокі. Усе аж да поту скакалі лявоніху, круцёлку, мяцеліцу і ставілі карагоды. Гульня ішла, як іншые кажуць, с «коптарам».

Якуб Курачка, мужык пад 50 гадоў, ня крэпкага злажэньня, з бледна-жоўтым ад галадухі, як відаць, тварам, с чорнымі валасамі, праміж каторымі дзе ня дзе прыкідывалася сівізна, стаяў, падпёршы вушак дзьвярэй каморкі і прыслухіваўся да людзкога гоману. Яго чорные глыбока запаўшые вочы, пірабігалі ат аднэй кучкі балююшчых да другой. У вадным кутку ішла гутарка пра нячысьцікаў, зьмеяў, ведзьмаў, пракленашаў, і т. п. Якуб дужа любіў слухаць такіе казкі. Каб не прапусьціць ні воднаго слова, ён падняў навушнікі сваей аўчыннай шапкі і стаў слухаць уважна гэтые вельмі цікавые для яго рэчы.

Неўзабаве ў карчму увайшоў і астанавіўся каля парогу Донька Баханоўскі; ён усімі лічыўся найлепшым краснабаем; у яго кажны раз быў новы запас баяк і навін, асабліва тагды, калі варочаўся з мястэчка. Не пасьпеў ён добра яшчэ абтрасьці сьнег с шапкі і с сірмагі, як яго ўжо абступілі з усіх бакоў і сталі прасіць разсказаць што колічы з навін. Перш Донька пачаў атказывацца, што ні маіць часу ды і нічога ня чуў новага, але сірбануўшы паднесеную кімсь чарку гарэлкі і закусіўшы баранкам, ён паласкавеў і байкі адна аднэй цікавей пасыпаліся ў яго з языка. Якуб што раз бліжы і бліжы праціскаўся да Донькі. Гоман мужыкоў і стук скакаўшых зразу сьціх. Антон пірастаў іграць і паклаў скрыпку на калені.

Асабліва ўсіх зацікавіла вестка пра слабоцкага Янкіля. Усе яго добра зналі, як здаровага, крэпкага чалавека, а тут Донька кажыць, што ў страшную ноч яго «хапун» хапіў і ўтапіў у рэчцы, дзе брат яго Шмэрка і нашоў. Стыдаючыся і баючыся выдаць гэту вялікую тайну хрысьціянам, Шмэрка схаваў брата ў хлеві і толькі праз месіц пусьціў чуткі, што брат, быццам, сваей сьмерцяй памёр.

Усе слухаўшые шчыра верылі ў гэта здарэньня, як верылі ў тое, што кажны год у Страшную ноч каго нібудзь з жыдоў задушываіць хапун.

Другой навіной быў расказ пра тое, як у аднаго мужыка ў Аглоні памёрла маладая ішчо жонка, каторую пры жыцьці ўсе лічылі за чараўніцу і дужа баяліся. Праўда, тры разы хавалі яе на магільніку і кажны раз на другі дзень знахадзілі труну з нябошчыцай на вярху магілкі. Мужык з гэтай бяды навіт чуць не памёр: ні малітвы, ні асьвяшченьня сьвятой вадой не памагалі, аж пакуль на чацьвёрты дзень не прышоў якійсь жабрак і не парадзіў удаўцу паставіць на веку труны тры крыжы той крэйдай, каторай на Кшченьня ставюць крыжы на дзьвірах. Удавец усё зробіў, як было яму казана, і ў тую хвілю, калі ён чыркнуў астатнюю крэсачку, зімля с шумам раступілася і труна з нябошчыцай правалілася скросьдонна са страшэнным грукатам і сіпеньнем, а зімля сама сабой зраўнялася на тым мейсцы. Удавец чуць-чуць пасьпеў атскочыць у бок ад таго мейсца і не праваліўся разам с труной.

І чаго толькі Донька ні набаіў? Ат іншай казкі у слухачоў дрыжака па ўсяму: целу перабігала, а валасы дубам станавіліся, асабліва, калі казка была пра мірцвяцоў. З нячысьцікамі не так страшна выхадзіла, бо яны, калі і рабілі каму якую шпэтную справу, дык усё неяк жартуючы, сьмешна, а з нябошчыкамі саўсім не жарты былі, бо тые сваім сьмяротным духам адразу забівалі сваю ахвяру.

Ужо каля трох гадзін Донька баіў такіе байкі.

Далёкіе ліцьвякі, што мала разумелі беларускую гутарку і тые сядзелі ў карчме на гэты раз доўга, стараючыся паняць расказы. Усе, што пілі ў карчме, не скупіліся пачаставаць краснабая чаркай за яго цікавыя байкі.

Алеж бываіць усяму канец, — кончыліся разсказы Донькі, і ён, развітаўшыся з большай часткай засядзеўшыхся, пакінуў карчму.

Для шынкаркі Рохі Донька быў чысты скарб, бо слухаючы яго казкі многа каторы лішнюю гадзіну сядзеў у карчме, а ўжо вядома, што сядзець у карчме, не ўзяўшы водкі, мала хто будзіць.

Больш людзі не прыхадзілі; было позна; піялі першые пітухі. Якуб Курачка доўга яшчэ стаяў, не кратаючыся і пірабіраў у думках усё тое, што чуў. Увідзеўшы, што апошні чалавек стаў прашчацца з Рохай, ён падышоў да застойкі і папрасіў сабе кручок водкі. Роха перш не паслухала яго, бо Якуб даўно быў вінен ей за дзьве кварты, але калі ён выкінуў на стол колькі належала грошы, іна зразу нацадзіла з бачонка мерку і падала яму. Якуб памалу, не туравяся, выпіў водку, закусіў кавалачкам баранка і выцір вусы палой сірмягі. Крошку пачакаўшы, ён папрасіў ішчо паўкручка. На гэты раз Роха, ні слова не гаворучы, падала водку, але ашукалася, бо Якуб не заплаціў за яе, а папрасіў адмеціць гэты доўг на карбі.

Жыў Якуб у засьценку таго-ж названьня, што і карчма. Ісьці да хаты яму было бліска з вярсту. На дварэ троху успакоілася, але так цёмна было, што хоць у вока калі, дык нічога ня ўвідзіш, Добра ведаючы мейсцэ, Якуб нацянькі пайшоў да хаты. Па дарозі цікавые разсказы Донькі кружылі яму галаву. Даўно ён чуў пра чырвонага воўка, што пад Піскаваткай ля сасны вартуіць схаваные грошы, але вачыма яго мала хто відзіў. Па расказам яго мог відзець толькі той, хто адважываўся шукаць грошы і падхадзіў а поўначы са шчупам да гэтай сасны. У гэту пару воўк зразу яўляўся і так страшна выў, ляскаў зубамі, што ніхто ня мог паканаць страх і з усіх ног уцікаў.

— Добра было-б дастаць гэтые грошы, але дужа ўжо страшна, думаў Якуб.

Знаў ён многа мейсцоў, дзе схаваны грошы; вот хоць бы сабе пад Баярскім Мастом, ці пад Шалтупьямі каля Залатога Каміня, або на магільніку каля Дзьвіны, ды і так многа дзе, але як іх дастаць, калі ўсюдах нячыстая моц вартуіць іх?

— Добра было-б вынасіць Зьмея, падумаў сабе Якуб, але і тут біда, бо для гэтага трэба дастаць яйка, зьнесінае чорным пітухом, катораму было-б ня меньш сямі гадоў. Яйка тое трэба насіць цэлы год пад пахай і праз гэты тэрмін ні чэсацца, ні мыцца, ні сморкацца і Богу не маліцца, а гэта-ж вялікі грэх.

Якуб быў пэўны, што гэткі зьмей ёсьць у ружапольскага пана с таго, што ідучы раз с карчмы вечарам ён сам відзіў, як агністы зьмей праляцеў ад бору над Шалтупьямі да Ружаполя. Гэткі зьмей, думаў ён, носіць свайму гаспадару ўсякае дабро: збожжа, лён, сена, грошы. Фантазія ў яго галаве расла і расла, і ён, задумаўшыся, ішоў дзе папала, аж пакуль левая нага не пасьлізнулася і ён з размаху ня боўтнуў у ваду. Перш ня мог разабраць, што сталася, але ўжо як вылез з вады, тады толькі сьцяміў, што зьбіўшыся з мэты трафіў у мачулішча. Мачулішча было не глыбокае, толькі-ж выкупацца ў сьмярдзючай вадзе, дый яшчэ ў сьцюжу, было не ўсмак.

— Ах каб цябе трасца трасла на гарачай печцы, — вылаіўся Якуб, і зараз жа пірахрысьціўся. — Як жа мяне ліха занясло сюды, ужо ці не нячысьцікава гэта справа? са страхам думаў ён і звярнуўшы ў старану сваей вёскі, пашоў болі асьцярожна.

Кажны куст, ці курганок, каторые пападаліся цяпер, пужалі яго. Часам яму здавалася, што недзе хтось стогніць, або зноў енчыць, і страх такі агарнаў Якуба, што ён і хрысьціўся, і маліўся, аж пакуль усё не прахадзіла і ён не варочаўся зноў да сваіх першых думак.

Недаўна чуў Якуб ад жабрака, што ў аднаго мужыка каля Друі пасяліліся пракленашы, і мужык з беднага праз тры гады зрабіўся багатыром. Пракленашы, казаў жабрак, усю працу каля хаты і ў полі робюць самі і с такім стараньнем і знаньнем, што ў пяць, а можа і ў дзесіць разоў больш ёсьць вызвалкі, як з людзкой працы. Пракленашы, тлумачыў ён далі, гэта тые нішчасные дзеці, каторых бацькі ў ракавую хвілю праклялі. Такіе хвілі рэдка бываюць, можа раз у год, але ўсёж бываюць; і вось незнарокам зляцеўшае з вуст бацькоў пракляцьце абарачываіць дзяцёнка ў пракленаша, зразу робіць яго нявідзімым і дзяцёнак на векі вечные зьнікаіць. Пракленашы гэтые зьбіраюцца ў гурткі і нявідзіма паселяюцца ў якого колічы спадабаўшагася ім мужыка і ўсё робюць за яго ў хаці і ў полі. Такому мужыку і ўміраць ня трэба.

— Во каб у мяне пасяліліся пракленашы, тут і грэху, ніякаго німа, — прашаптаў Якуб узышоўшы на гару, а яму якбы ў ватказ, не вядома скуль, ці то з неба, ці с пад зямлі, як адгалосак: невыразны пракаціўся:

— Наж-табе!

І ў гэту-ж хвілю Якуб з усіх чатырох валіўся на зямлю, зачапіўшыся за курганок, каторы неўспадзеўкі трафіўся пад нагамі.

— А хварэй твая галава! — вылаіўся ён і, сілючыся ўстаць, глянуў у верх і абамлеў: пірад ім быў крыж, пастаўлены вісельніку, што летась павесіўся, спужаўшыся кары за нейкіе ня добрые справы.

На Якуба ўжо такі цяпер напаў страх, што ён проста акасьцянеў: ня мог ні нагой ні рукой крануць і як дурны, доўга глядзеў на чуць-чуць прасьвятлеўшым небі крыж. Піялі ўжо другіе пітухі ў вёсцы Кавальках, калі ён апамятаваўшыся хрысьціўся і шаптаў: Божухна, ты мой Божухна, будзь міласьціў!

Пот вялізнымі каплямі выступаў на лбе, валасы, чуваць было, паднімалі шапку, сэрца білася, а сам увесь калаціўся, быццам трасца прыстала. Болі ён ужо не сумліваўся, што выкупаў яго і завёў саўсім у другі бок ніхто другі, як нячысьцік.

Магільнік знахадзіўся як раз на другім баку вялікай лагчыны проці Стырбляў і Якубу атсюль трэба было ісьці да хаты ня мені, як паўтары вярсты. Якуб так ужо быў настрашэн, што ўвесь хмель у яго прайшоў і ён пёрся дамоў ня чуючы пад сабой ног. Не зважаў ужо цяпер на тое, што разоў з дзесіць паваліўся ў гразь із усіх бакоў апкачаўся ў ей.

Аднак, калі дабраўся да хаты і калі страх крошку пакінуў, ён рашыў, што не варта ісьці ў хату і гэтым будзіць спаўшых. Дый куды-ж я такім пакажуся ў хату, падумаў сабе, усе скажуць, што пьяны валяўся, і, ніхто ні паверыць, што нячысьцік усё гэта нарабіў. Пра нячысьцікаў-жа ня дужа-то можна было гаварыць, бо людзі абсьмяюць і абгаворуць, — скажуць што хэўру з нячыстай моцай звёў. Падумаў, падумаў Якуб, стоючы каля хаты, ды завярнуў у восіць.

Ат сьцюжы ён ужо дрыжаў, а цяпло восіці так і цягнула да сябе.

Восіць Якубу паказалася крошку дымнай і вельмі цёплай, а сноп аўса ўзяты палажыць пад галаву, за зімным, але на гэта ён не зьвярнуў увагі і заваліўся на глінянай гладзі. Праз мінуту ён ужо храпеў і так крэпка, што ня чуў, як посьлі трэцьціх пітухоў прышлі Янка і Гануля малаціць авёс.

Дзеці Якуба, прышоўшы ў ток, перш усяго запалілі агонь у пячурцы і, агледзіўшыся з усіх бакоў, толькі рукамі ўсплёснулі: авёс, што павінны яны былі малаціць, быў змалочэн, зьвеін, зьмецін у кучу, а салома і вотрына прыпарадкавана як трэба. Увідзеўшы, што восіць насаджэна і вытапліна, а бацька крэпка сьпіць, рашылі, што пэўне ён учора ў карчме за кварту водкі наняў мальцаў і тые змалацілі. Думаючы так, яны не будзілі бацьку, ды і самі паваліліся спаць. Раніцай першым прачнуўся Якуб. Абачыўшы, што дзеці сьпяць і што восіць змалочана і насаджэна, зьдзівіўся і ня мог разгадаць, як гэта дзеці умудрыліся ўсю работу зрабіць неўзнаку, а глаўнае, вытапіць печ восіці. Але не ламаючы доўга над гэтым сваей галавы, ён падзякаваў ім у душэ за працу і ўвагу на яго старасьць і пашоў да хаты.

Увесь дзень прайшоў спакойна, як бы нічога не здарылася.

На другую ноч Якуб з дзяцьмі, як і раней, пайшлі ў ток малаціць. Сам ён стаў раздмухіваць прынесеные с хаты у гаршку вугальля і толькі што загарэлася першая трэсачка, як Янка і Гануля ў вадзін голас крыкнулі:

— Татка, татка, глядзі, авёс змалочан!

Якуб адвярнуўся і ўвідзіў, што дапраўды авёс змалочан. Бліскавіцай ў галаве яго бліснула: ці не пракленашаў гэта работа; але думку сваю ён затаіў.

У хаці, абедаючы, усё парашылі, што над імі нехта сьмяецца, і наракалі больш усяго на прыстанскіх мальцаў, бо тыі часта любілі пасьміяцца над кім-нібудзь, толькі жарты іх ані не пахадзілі на малацьбу, а былі дужа ўжо дрэнные. Але калі зразу тры начы невядомые малацьбіты малацілі авёс, Якуб стаў думаць, што больш німа каму гэта рабіць, як толькі пракленашам. Але аб гэтакай дагадцэ ён нікому ні слова не гаварыў; яму хацелася ўпярод самому добра ў гэтым прыканацца.

Вось на чацьвёрты дзень Якуб сказаў сваім хатнім, што ідзець у пушчу, дзе сякуць лес, каб дагаманіцца вазіць бэлькі ў падрадчыка, і што верніцца назад позна ноччу, а можа і раньніцай. Прыладзіўшыся нібыццам у дарогу, Якуб забраўся неўзнаку у восіць і праліжаў у ей цэлы дзень. Як сьцямнела, Якуб узлез на страху тока і зробіў у ей дзюру, каб было відаць усё ў нізу. Хоць страх дужа забіраў, але ён пастанавіў сабе, што будзіць чакаць на страсе, пакуль усё ня ўвідзіць. Да поўначы аставалася ня больш гадзіны. Ціханька прытаіўшыся, Якуб стаў прыслухацца праз зробленую ім у страсе дзюрку. Праз неколькі мінут ён пачуў, быццам ціхі віцярок працягнуў па таку. Якуб зразу абамлеў і ўжо хацеў ціханька спаўсьці са страхі і ўцячы, але цікавасьць пірамагла яго, і ён прылёг галавой да самай дзюры, затаіў дух і стаў глядзець у ніз.

А, барані Божа, пракленашы увідзюць мяне, гэтаж яны віламі ці цапаўём вочы могуць выкалаць, падумаў ён і ад страху аж крошку адхіліўся ад дзюры. Праз хвілю ў нізу забліскаў агонь. Якуб стаў прыглядацца і ўвідзеў, што ў тым мейсцы, дзе стаяла лямпачка, хтось раздмухіваіць вугальля і запаляіць яе. Ток скора асьвяціўся і Якуб ясна разлічыў мальчыка гадоў дзесяці, прынесшаго с сабой шакалі, а другіх дзяцей у яго веку, хлопчыкоў і дзевачак, зьбіраўшыхся на ток. Яўляліся ўсе яны з разных мейсц: с пад страхі, с пуні, з застаронку, з восіці і проста з усіх куткоў току. Як ні стараўся Якуб увідзіць самы мамэнт яўленьня пракленаша, яму ўсё не ўдавалася, а што гэта яны былі, ён гатоў быў пабажыцца. Пракленашы, як відаць было, ні хадзілі па гліняным таку, не карабкаліся па сьцяне, калі яўляліся зь верху, ня робілі ніякага шуму, а быццам плавалі ў паветры. Нічуваць было ніякага гоману; выглядалі ўсе яны бледна, як папера. Сабраўшыся каля сарака, яны дружна ўзяліся за працу: адны вынасілі з восіці снапы, другіе слалі іх на таку, трэцьціе малацілі, і так у паўгадзіны восіць была змалочана і ўсё, што трэба, зроблена: і авёс зьвеін, і салома зложана ў пуню а вотрына ў застаронак, і восіць насаджэна, і печ затоплена.

Калі з усей працай пакончылі, адзін хлопчык сеў на бэльку застаронка, дастаў з-за пазухі нейкі малінькі карчок, пагладзіў яго белінькай як сьнег ручкай, узяў у губу адзін каранёк і зайграў. Ігра была так чароўна і прыгожа, што Якуб хоць ужо чуць не пяцьдзесят гадоў жывець на сьвеці, а ніколі ня чуў такой музыкі. Дзе з ей зраўняцца цагельніцкому Антону с сваей скрыпкай, ці Юрку з дудой, абы Боруху с цымбаламі, навіт каб яны ўмясьцёх зайгралі, дык і то куды ім. Ігра перш ціхая, маркотная, чым далі, тым вісялей рабілася і пірайшла на танцы. Хлопчыкі і дзевачкі, пабраўшыся ў пары, пусьціліся ў скокі. Скакалі тые-ж танцы, што і жывые людзі, але ў іх неяк складней і прыгажэй выхадзіла. Толькі скокі гэтые не былі чутны, як ня чутна была і гаворка іх праміж сябе, а толькі відаць было, як раскрывалі вусны ды часам сьміяліся. Пад пасьледак музыкальны хлопчык заіграў казачка, і малінькіе скакуны дробнінька пачалі пірабіраць ножкамі. Але ня доўга прышлося Якубу любавацца скокамі пракленашаў, скора запіяў першы пятух і яны, як зьявіліся, так і зьніклі таемна, а за гэтым і агонь сам сабой загас. Якубу больш нечага было рабіць і ён, ціханька зьлезшы са страхі, пашоў да хаты.

Прышоўшы ў хату і запаліўшы лучыну, Якуб разбудзіў усіх хатніх, дастаў з бажніцы крыжок, паставіў яго на стол і запаліў грамнічную сьвечку. Жонка з дзяцьмі спрасоньня нічога не разумелі і думалі, што бацька пэўне сірбануў лішнюю чарку — аж розум у яго памуціўся, але зараз абачылі, што той саўсём быў цьвярозы, бо вось што прамовіў да ўсіх:

— Прысягніце ўсе, што ніхто з вас нікому ніколі не скажыць пра тое, што учуіць ад мяне.

— Што ты, Якуб, здурнеў, ці што? Ціж можна бажыцца незнаючы, што ты скажыш? — атказала жонка,

— А ўсё-ж тыкі ты павінна прысягнуць, што не размеліш сваім бабскім языком пра вялізнае шчасьце, што да нас прышло, бо ніхто не павінін ведаць пра яго.

Цікавы на ўсё Янка падыйшоў да стала першым і сказаў:

— Бажуся нікому нічога не гаварыць пра тоя, што ўчую ад бацькі, пірахрысьціўся і пацалаваў крыжык.

Тож зробіла і Гануля.

Старуха, бачучы, што адна засталася, дый бабская цікавасьць так сама пачала забіраць, што скажыць стары, тож пабажылася.

— Ну дык во, слухайце! сказаў Якуб: малоцюць у нас пракленашы.

Пры апошніх славах Янка і Гануля зьдзіўлена паказелілі вочы, а потым ад радасьці чуць не падскочылі, а матка, як стаяла, так і бухнулася на лаўку.

— Ах, Якуб, Якуб! што ты меліш? гэта-ж вялікі грэх! — сказала іна.

— Во, дурная, дык дурная! які тут грэх; што ты прасіла іх, ці што?

— Не, мамка, здаецца, тут грэху ніякага німа, бо пракленашы самі да нас прышлі, — адазваўся Янка.

Завераная мужам і сынам старуха скора згадзілася на тоя, што і дапраўды німа ніякага грэху с таго, што пракленашы малоцюць.

— Татачка, а як жа ты даведаўся пра гэта? спыталася Гануля.

Бацька стаў расказываць, як ён абмануў іх, сказаўшы, што пойдзіць у пушчу, дзе сякуць лес, а сам прасядзеў увесь дзень у восіці, а за тым, узьлезшы на страху, падгледзіў пракленашаў праз дзюрку. Усе дужа былі рады, што ўпярод жыцьцё іх ня будзіць болі цяжкім і бедным.

Да Каляд пракленашы скончылі малацьбу, зьмялі лён і па трошку началі памагаць у хатняй працы, бачыш, то дроў насякуць, то вады наносюць, то мукі на жорнах намелюць.

Працаваць ня трэба было. Каб не зьвярнуць на гэта ўвагі суседзяў, Якуб с сынам толькі дзеля прылікі хадзілі ў поле ці ў гумно на работу, бо ўсё за іх рабілі пракленашы.

Гаспадарство ў Якуба йшло рукой. Дастатак год ад года ўсё павялічываўся. Найбольшы даход Якубу давала зімля, бо збожжа з яе ён сабіраў цяпер бліска ў чатыры разы болі, нічым даўней. Суседзі проста дзіваваліся, за што гэта Бог пасылаіць Якубу Кураццэ такоя шчасьце. Здаецца ён ня шчырэй працаваў за іх і зімля тая самая, але бач, саўсём у яго інакш выхадзіла. Яму неяк удавалася і пасеіць у добрую пару, і землю падхадзячую выбраць пад усякае зерне, што ні сьпякоты ні дажджы ня псулі роста збожжа.

Прадаўшы раз вясной збожжа, калі яно ўздаражала, і зарабіўшы гэткім спосабам вялікіе грошы, Якуб справіў сабе новую маліваную карафашку, дугу і колы каваные; купіў жонцы і дачцэ чаравікі і рожнай матэрыі на сукенкі, а сабе боты з доўгімі аж за калені халявамі, так сама і сыну. Зажыў Якуб, па праўдзі кажучы, саўсём па панску.

Цяпер, калі Якуб захадзіў у карчму, Роха ўжо болі не пыталася ў яго грошы, але прасіла садзіцца, як дарагога гасьця.

У Донькі Баханоўскага даўно ўжо сьвярбеў язык, сказаць пра Якуба, што той быццам знайшоў грошы у крыніцы пад магільнікам і т. п., ды баяўся праз гэта страціць у Якуба ласку, бо траплялася не раз каштаваць яго гарэлку.

Прайшоў ішчо год. Якуб проста козырам хадзіў. Дакупіў ішчо каня і дзьвёх кароў, а пра дробную жывёлу і казаць німа чаго.

У восіні заручыў Ганулю за добрага мальца, дый і Янку зьбіраўся ўжо жаніць, бо штож, дастатак быў. Але якраз у гэты час нешчасьце неўспадзеўкі зусім сапсавала інтэрэсы.

Здарылася так.

Якуб часта падглідаў праз дзюру ў страсе за малацьбой пракленашаў, і вось раз яму дужа захацелася злавіць хоць аднаго з іх; але думаючы, што жывога ні ўдасца злавіць, яму зненацку прышла ў галаву шалёная думка забіць аднаго пракленаша. Вядома, што такая думка не магла быць ад-Бога, Якуб гэта і сам ведаў, але, як не пярэчыўся ей, нічога ня мог зрабіць: кажную мінуту нешта яго падзыгівала на гэту збродню. Колькі разоў ён навіт маліўся Богу, каб згінула гэта думка, але і малітва не памагала.

Паказываючы раз від, што папраўляіць страху тока, Якуб прадзёр у ей вялікую дзюру, якраз проці дзьвярэй восіці, усьцягнуў туды агромны камінь і так прыладзіў, што яго можна было ў вадну хвілю ськінуць у ніз. Крадучыся ад хатніх, Якуб ноччу, ўзлез на страху і стаў чакаць. Скора зьявіліся пракленашы і змалаціўшы восіць пачалі яе насаджываць. Работа бліжылася к канцу, а Якубу ніяк ніўдавалася споўніць сваю шалёную думку, усё неяк ніводзін з пракленашаў не астанаўліваўся пад каміням. Але вось адзін хлопчык, нёсшы сноп жыта, заплутаўся ў саломі як раз пад дзюрой і астанавіўся, каб выплутаць нагу. У гэты мамэнт Якуб, відаць падтоўхнуты нячысьцікам, скінуў камінь. Камінь валючыся чуць-чуць крануў плячо пракленаша і з нейкім глухім грукам, як зьмёрзшы ком зямлі па веку труны, стукнуўся аб гліняны ток. Не пасьпела яшчэ гэта стацца, як ужо Якуба аглушыў страшны грокат піруна.

— Дурань! Ха-ха-ха! — засьміяўся нехта падземным голасам.

Скрыўджэны пракленаш падняў галаву, глянуў у верх і ўзгляд яго спаткаўся с узглядам Якуба. У вачах пракленаша відзець можна было ў гэту пару такую вялікую крыўду і разам пагарду, што Якуб ня вытрымаў і са стыду атхіліўся ад дзюркі. Скора стыд зьмяніўся страхам, валасы дубам сталі, а па ўсяму целу забегалі мурашкі. У гэты час пракленаш з усяго размаху кінуў сноп жыта ў тапіўшуюся ўжо печ. Плач і жаласны стогн усей грамады дзяцей патрос ток і далёка аддаўся за яго сьценамі. Усё зьнікла, толькі полымя ад гарэўшага снапа с ыскрамі вырвалася с печкі і запаліла насаджэные на жордках снапы. Не пасьпеў Якуб спаўсьці са страхі, як заняло ўжо ўвесь ток. На бяду ўзьняўся яшчэ і вецір і піракінуў агонь на другіе будынкі.

Зьлезшы са страхі, Якуб доўга стаяў, як адурнеўшы і ня ведаў, што дзеіцца і што рабіць. Крыкі ад хаты збудзілі яго, ён азірнуўся і ўбачыў, як яго жонка, зварьяцеўшы с супуду, крычала і кідалася у разные бакі. Сын і дачка праставалосые стаялі і плакалі з гора. Не прайшло і гадзіны як увесь дастатак Якуба пашоў дымам.

Што рабіць? куды йсьці? не было рады.

Відзючы такое гора, мужыкі з вёскі Кавалькоў, зжаліліся над нешчаснымі і далі Якубу і яго сямьі тымчасовы прытулак.

Але нічога не памагала, ўсё ішло да астатняга упадку: жонка с супуду захварэла і праз тыдзінь памёрла, Янка пайшоў у салдаты і там як бы зьгінуў, нідаўшы аб сябе ніякай весьці, а Гануля, пра вясельля каторай ціпер і думаць нечага было, пайшла ў горад шукаць службы, дый тож не вярнулася да бацькі. Хадзілі чуткі, быццам іна трапіла ў вясёлы дом, дзе на векі зьгінула.

Ішлі гады. Якуб тужучы па прошлым жыцьці многа разоў хадзіў на тое мейсца, дзе была яго сяліба, маліўся, плакаў, убіваўся, прасіў пракленашаў дараваць яму віну, але нішто ні памагала, ніхто не адзываўся на яго стогны. З вялікай бяды ён саўсём асунуўся і запьянстваваў.

На запусты крэпкі стаяў мароз. Якуб добра пагрэўшыся гарэлкай вельмі сумрачны вышоў с карчмы. Якімі думкамі ў гэту пару была занята галава Якуба, што задумаў рабіць і куды ісьці, ніхто ні цікавіўся. Толькі на заўтра пайшлі ўсякіе гаворкі, калі знайшлі яго прымёржшым праміж двух каміняў на ляду тэй самай крыніцы, пры якой ён, як думаў Донька, знайшоў грошы. Галава яго была апушчэна над цёкшай вадой, а сам ён, здавалася, быццам жаліўся крыніцы на сваю долю.

Так кончылося незавідное жыцьцё Якуба Курачкі.

∗     ∗

На мейсцы згарэўшых Стырбляў ніхто не будаваўся; стаяць тут толькі сталетніе вяз ды ліпа, пажар каторым не зашкодзіў. З другога боку тож адмянілася: карчму пярун спаліў, а на мейсцы вёскі Кавалькоў, нейкі пан пабудаваў двор. Толькі адна крыніца, мейсцэ сьмерці Якуба Курачкі, не зьміняіць выгляд; зімой і летам, як і раней, ціха шэпчыць яна сваімі сьветлымі як крыштал струямі, быццам расказываючы астатнюю жальбу зьбеджэнага горам Якуба.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.