Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925)/Канавал

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рэха Канавал
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1925 год
Паправіла!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Канавал (Дзяркач).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАНАВАЛ

(З газэт)

Як заразьлівая муха,
Сьмерць нясуць у нашы сёлы:
Для кабеты — павітуха,
Канавал — дзеля жывёлы.
Тыдні тры таму-чатыры,
А мо‘ нават больш удвое,
Нам пісалі у паперы
Пра здарэньне вось якое:
Ёсьць у Чэрвеньскім павеце
Шацак, — знанае мястэчка,
Таўкачэвічы — насупраць
Каля Шацку недалечка.
Ну, дык вось у гэтым Шацку
Захварэў бяз дай прычыны
У Турэцкага на кучкі
Раптам конь у поўгадзіны.
А была такая справа:
Зьеў з вядра ён перавясла,
І лаза у конскім горле
Стала рубам і захрасла.
Каб сюды вэтарынара
Ён-бы зразу ўбачыў ваду
І пазнаў бы дзе тут ліха —
Ці на перадзе, ці ззаду.
Але дзе там — ля стадолы,
Як у казцы той царэвіч,
Ужо круціцца вакола
Ян Працкевіч з Таўкачэвіч.
Ў жывадзёрні — пагалоска —
Скончыў ён свой курс навукі,
І яго шануе вёска
Так, як майстра на ўсе рукі.
Канавал наш туды-сюды,
Выкладае ўсю навуку,
То зірне каню у зубы,
То пад хвост усуне руку.
Лупаў-соваў чуць ня добу
Як у пень — ні даць, ні ўзяці!
І ніяк ня змог хваробу
Ані кроплі распазнаці.
„Не з таго, мусі быць, боку
У каня хвароба стала:
Ня іначай — ад уроку
Ў „кнігах“ нейкая завала!“
З гэтай думкі — ён за пугу,
Прэ каню ў жывот праз горла,
Аж у того цераз храпу
Кроў крыніцаю папёрла.
Ўсьлед за пугай хварасьціну
Так упёр — скажу папросту, —
Што назад аберуч выцяг
Ўжо ня згорла, а з-пад хвосту…
Ад такое дапамогі
У каня — вантробы пупам,
Ён задраў у гору ногі
І, капцы, зваліўся трупам.
Вось якія вышлі рэчы!
Канавала у падзяку
Грумякамі ў грудзі-плечы
Гнаў Турэцкі, як сабаку!
Ці-ж ня час, браткі сяляне,
Кінуць-рынуць забабоны,
Бо іначай сьвет ня гляне
На мужыцкія загоны!