Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Сустрэча з кітом

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паміж кракадзілам і львом Сустрэча з кітом
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
У рыбіным жываце

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СУСТРЭЧА З КІТОМ

Пасля гэтага вы можаце зразумець, што на Цэйлоне мне не вельмі спадабалася.

Я сеў на ваенны карабель і паехаў у Амерыку, дзе няма ні кракадзілаў, ні львоў.

Мы плылі дзесяць дзён без прыгодаў, але раптам недалёка ад Амерыкі з намі здарылася бяда: мы наляцелі на падводную скалу.

Удар быў такі моцны, што матрос, які сядзеў на мачце, быў адкінуты ў мора на тры мілі.

На шчасце, падаючы ў ваду, ён паспеў ухапіцца за дзюбу чырвонай чаплі, якая пралятала міма. Чапля дапамагла яму пратрымацца на паверхні мора, пакуль мы не выратавалі яго.

Мы наляцелі на скалу так нечакана, што я не мог устаяць на нагах: мяне падкінула ўгару, і я ўдарыўся галавою аб столь сваёй каюты.

Ад гэтага мая галава правалілася на мне ў жывот, і толькі на працягу некалькіх месяцаў мне ўдалося патроху выцягнуць яе адтуль за валасы.

Скала, на якую мы наляцелі, была зусім не скалою.

Гэта быў велічэзны кіт, які спакойна драмаў на вадзе.

Наляцеўшы на кіта, мы разбудзілі яго, і ён так раззлаваўся, што схапіў наш карабель зубамі за якар і цэлы дзень ад раніцы да ночы цягаў нас па ўсяму акіяну.

На шчасце, нарэшце такі якарны ланцуг разарваўся, і мы вызваліліся ад кіта.

Едучы з Амерыкі, мы зноў сустрэліся з гэтым кітом. Ён быў мёртвы і ляжаў на вадзе, займаючы сваёй тушай поўмілі. Не было чаго і думаць, каб усцягнуць такую аграмадзіну на карабель. Таму мы адрэзалі ад кіта толькі галаву, і як-жа мы ўзрадваліся, калі, усцягнуўшы яе на палубу, мы знайшлі ў ляпе страшыдлы і наш якар, і сорак метраў карабельнага ланцуга, які ўвесь змяшчаўся ў адной дзірцы яго гнілога зуба.

Але нядоўгай была наша радасць. Мы выявілі, што ў нашым караблі вялікая прабоіна. Вада так і хлынула ў трум.

Карабель пачаў тануць.

Усе збянтэжыліся, закрычалі, заплакалі, але я хутка прыдумаў што рабіць. Нават не здымаючы штаноў, я сеў проста на дзірку і заткнуў яе сваёю задняй часткай.

Вада перастала цячы.

Карабель быў выратаваны.