Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Чалавек-ядро

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адзін супроць тысячы Чалавек-ядро
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Сярод белых мядзведзяў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАЛАВЕК-ЯДРО

А прыгоды былі жахлівыя.

Гуляючы неяк па ваколіцах Лондана, я вельмі стаміўся і мне захацелася прылегчы адпачыць.

Дзень быў летні, сонца пякло бязлітасна, я марыў аб халадку дзе-небудзь пад кучаравым дрэвам. Але дрэва блізка не было, і вось, у пошуках халадку, я залез у жарало старой гарматы і зараз-жа заснуў моцным сном.

А трэба вам сказаць, што якраз у гэты дзень англічане святкавалі маю перамогу над іспанскай арміяй і ад радасці стралялі з усіх гармат.

Да гарматы, у якой я спаў, падышоў гарматнік і выстраліў.

Я вылецеў з гарматы як добрае ядро і, пераляцеўшы на другі бераг рэчкі, трапіў на двор нейкага селяніна. На шчасце, на дварэ было зложана мяккае сена. Я ўткнуўся ў яго галавою — у самую сярэдзіну вялікага стога. Гэта выратавала маё жыццё, але, канешне, я страціў прытомнасць.

Так у непрытомнасці я праляжаў тры месяцы.

Увосень сена падаражэла, і гаспадар захацеў прадаць яго. Рабочыя акружылі мой стог і пачалі варушыць яго віламі. Ад іх гучных галасоў я прачнуўся. Сяк-так выкарабкаўшыся на самы верх стога, я спрасонку пакаціўся ўніз і, зваліўшыся гаспадару проста на галаву, няўмысля зламаў яму шыю, ад чаго ён адразу сканаў.

Між іншым, ніхто асабліва не плакаў па ім. Ён быў вельмі скупы і не плаціў сваім работнікам грошай. Да таго-ж ён быў прагны гандляр: нездарма прадаваў сваё сена тады, калі яно надта даражэла.