Спадчына (1922)/I/Песьні вайны/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
II. Перад бурай III. Склік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
IV. Разлука

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III. СКЛІК.

Напрарачыў, наваражыў
Бяды сабе квол чалавек,—
Крывавых бур ня збыў, ня зжыў,
Заломаў не прарваў, ня сьсек.

Ад самагубнасьцяў дзікіх,
Ад трупам значаных дарог
Не пастрымалі сэрц людзкіх
Ні права іхняе, ні Бог.

Ударыў гром, завыў пажар,
Склікаюць трубы на паход;
Йдзе край на край, на цара—цар,
Народ падняўся на народ.

Скрозь сьвету йдзе аружны склік
Паставіць сілу проці сіл;
Жадае сьвет, як сьвет вялік,
Даўно варожаных магіл.

Устань, хто жыў, устань, хто дуж,
Нясьці аружжа, ў бітвы йсьці!
Кінь матку сын, кінь жонку муж,
І хату кінь у забыцьці!

Устань, устань тачыць штыхі,
Знамёны шоўкавы сьвяньціць!
Яшчэ жыве закон такі—
За сьмерці—сьмерцямі плаціць.

Адважна ў бой рыхтуйся, брат,
Баяцца нечага крыві,—
Твой продак выліў яе шмат,
Ты памяць продкаў аджыві!

Каня буланага сядлай,
У стрэльбу крэпка ўбі набой
І блаславіўшы бацькаў край,
Едзь па загаду ў грозны бой!

Як дасягнеш чужацкіх гонь,
Патопчаш ворагаву рунь,—
Ты Матку-Бацькаўшчыну ўспомнь
І ў бок кінь вокам сваіх пунь.

А чалавечае на цэль
Жыцьцё узяўшы на прасьцяг,
У грудзі сьвенчаныя стрэль,
Адно ня цэль ў крыж на грудзях!

Адважна ў бой!.. Вайна вайну
Спладзіла—хай-жа бітва йдзе
За шчасьця лепшага вясну,
За волю вольнай грамадзе!

Аб долі роднай стараны
Нам сьведчыць не адзін курган,
Дзе дрэмлюць слаўныя сыны;
А страж дзяржыць ноч ды туман.