Спадчына (1922)/III/Мой цень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вечар Мой цень
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
На што?
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой цень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОЙ ЦЕНЬ.

Як прыйдзе дзень майго збаўленьня,
З крывавых церняў вызваленьне,—
А веру, прыйдзе гэткі дзень,—
З імглы адвечнасьці паўстане
І крыжам стане на кургане
Майго жыцьця бяссьмертны цень.

Бяз воч, бяз косьці, жыл і сэрца,
Сам крыж, на крыж ён абапрэцца,
І, ўвесь удумаўшыся ў даль,
Сачыць пачне ўвесь ад пачатку
Мой шлях, якім шоў даастатку,
Які мне толькі кінуў жаль.

Сачыці будзе, як арліца
Дабычу сочыць над крыніцай,
Чаму з жыцьцём ня ўмеў я жыць;
І наракаць, клясьці ня будзе,
Што я, што мне зрабілі людзі,
Ня будзе плакаць ёй і выць.

Ня будзе нават уздыхаці,—
Адно мо’ вырвецца пракляцьце,
Якім я жыў ад малку лет,
Адно сам аб сабе цень скажа
Крыжом, адвечнай сваёй стражы:
Каб не радзіўся лепш на сьвет!..