Старонка:Барвенак (1924).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У ТУРМЕ.

Склеп турмы бяз бляску сонца;
Я адзін ды цень…
І ў высокае ваконца
Ледзьве гляне дзень.
Ледзьве промень пазалотай
Кіне свой пагляд,
І ад гэткае сумоты.
Уцячэ назад.
Я адзін — ізноў цягота,
Стук маіх шагоў
Ды парою скрозь самоту
Звоны ланцугоў.
Рэхам ў сьценах аддадуцца,
Зьвякне зык замкоў,
І між волі думкі ўюцца
Цяжкім болем сноў.
Кожны дзень да болі цесны,
Кожны дзень адно:
Зык замкоў, кайданаў песьні
Ды з кулак вакно.
Прыдзе ноч — забыцьця хочаш,
Хочаш, каб заснуць…
Ня змыкаюцца і вочы —
Думкі не даюць.
Думкі ўюцца, нібы пчолы,
Родзіць іх ціша;
Рвецца к волі, к родным долам
Сэрца і душа!..

1912 .