Старонка:Барвенак (1924).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДУМКІ АБ ВЯСЬНЕ.

Дачакацца-б скарэй тэй пары,
Каб пакінулі выць віхары,
Няпрыветныя буры зьнямелі,
Нудных песень каб болей ня пелі.

Шэрань срэбны, пакутны мароз
Каб далі хоць ачнуцца ад сьлёз;
Каб паводкі наўкол зажурчалі
І лугі каб квяцістымі сталі;

А на нівах усходні пасеў
Руньню новай аб шчасьці шумеў;
І сявец, і жняя, і араты
Былі-б доляю лепшай багаты;

А ў прасторы палёў і лясоў
Ў хоры ліўся каб сьпеў галасоў,
І каб родная хата і поле
Усьміхаліся шчасьцем і доляй;

Зелянеў-бы чароўнасьцю бор,
Сонцам зьяў-бы нябесны прастор,
Ночка слала-бы бляскі зарніцы…
Дачакацца-б вясны-чараўніцы!

Менск, 1921 г.