Старонка:Барвенак (1924).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРЫХОД ВЯСНЫ.

Льлюцца радасныя песьні,
Як руччы шумяць яны,
І ранейшых дзён, так цесных,
Адляцелі буры, сны.

Ўсё шуміць і ўсё хвалюе,
Весяліцца і пяе;
Ласку сонца сэрца чуе —
Жарам нейкім аддае.

Сонца сьвеціць, сонца грае,
І на звольненай зямлі
Ўжо травіца вырастае,
А збажына на ральлі!

Пазбыліся грудзі хмараў,
Як і ўвесь шырок-прастор,
І чакаюць яны чараў
І ад сонца і ад зор…

Ўюцца думкі і жаданьні
І бурліць у жылах кроў,
І ў абоймы зваць каханьне, —
Як усё — і я гатоў.