Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Скажы, — пачаў Аркадзій пасля невялікага маўчання, — цябе ў дзяцінстве не прыгняталі?

— Ты бачыш, якія ў мяне бацькі. — Народ нястрогі.

— Ты іх любіш, Еўгеній?

— Люблю, Аркадзій!

— Яны цябе гэтак любяць!

Базараў памаўчаў.

— Ведаеш ты, аб чым я думаю? — прамовіў ён, нарэшце, закідаючы рукі за галаву.

— Не ведаю. Аб чым?

— Я думаю: добра маім бацькам жыць на свеце! Бацька ў шэсцьдзесят год рупіцца, разважае аб «паліятыўных» сродках, лечыць людзей, нялікадушнічае з сялянамі, — куціць, адным словам; і матцы маёй добра: дзень яе да таго напіханы ўсякімі клопатамі, ахамі, ды охамі, што ёй і апамятавацца некалі; а я...

— А ты?

— А я думаю: я вось ляжу тут пад стогам... Вузенькая мясцінка, якую я займаю, да таго малая ў параўнанні з усім астатнім прасторам, дзе мяне няма, і дзе справы да мяне няма; і частка часу, якую мне ўдасца пражыць, такая мізэрная перад вечнасцю, дзе мяне не было і не будзе... А ў гэтым атаме, у гэтай матэматычнай кропцы, кроў ходзіць, мазгі працуюць, нешта хоча таксама... Што за лухта! Што за глупства!

— Дазволь табе заўважыць, — тое, што ты гаворыш, дапасоўваецца, наогул да ўсіх людзей...

— Ты маеш рацыю, — падхапіў Базараў. — Я хацеў сказаць, што яны вось, мае бацькі значыць, занятыя і не думаюць аб уласнай мізэрнасці, яна ім не смярдзіць... а я... адчуваю толькі нуду ды злосць.

— Злосць? Чаму-ж злосць?

— Чаму? Як чаму? Ды хіба ты забыўся?

— Я помню ўсё, але ўсё-такі я не прызнаю за табою права злаваць. Ты нешчаслівы, я згодзен, але...

— Э! ды ты, я бачу, Аркадзій Нікалаевіч, разумееш каханне, як усе навейшыя маладыя людзі: ціц, ціп, ціп, курачка, а як толькі курачка пачынае падыходзіць, давай бог ногі! — Я не гэткі. Але даволі пра гэта. Чаму дапамагчы нельга, пра тое і гаварыць сорамна. — Ён павярнуўся на бок. — Эге! вунь малайчына мурашка цягне ледзь жывую муху. Цягні яе, брат, цягні! Не глядзі на тое, што яна ўпіраецца, карыстайся тым, што ты, у якасці жывёлы, маеш права не прызнаваць пачуцця літасці, не тое, што наш брат, самаломаны!