Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ная праўда, у іх словах? Яны самі гэтага не ведалі, а аўтар і пагатове. Але гутарка ў іх зайшла такая, як быццам яны паверылі адзін аднаму.

Анна Сяргееўна спыталася, паміж іншым, у Базарава, што ён рабіў у Кірсанавых? Ён ледзь быў не расказаў ёй пра сваю дуэль з Паўлам Пятровічам, але ўтрымаўся пры думцы, як-бы яна не падумала, што ён наўмысля выстаўляе сябе з цікавага боку, і адказаў ёй, што ён увесь гэты час працаваў.

— А я, — прамовіла Анна Сяргееўна, — спярша хандрыла, бог ведае чаго, нават за мяжу збіралася, уявіце!.. Потым гэта прайшло, ваш прыяцель, Аркадзій Нікалаевіч, прыехаў, і я зноў трапіла ў сваю каляіну, у сваю сапраўдную ролю.

— У якую гэта ролю, дазвольце даведацца?

— Ролю цёткі, настаўніцы, маткі, як хочаце назавіце. Дарэчы, ведаеце, што я раней добра не разумела вашай шчырай дружбы з Аркадзіем Нікалаічам; я лічыла яго даволі нязначным. Але цяпер я яго лепш уведала і пераканалася, што ён разумны... А галоўнае, ён малады, малады... не тое, што мы з вамі, Еўгеній Васільіч?

— Ён усё гэткі-ж нясмелы пры вас? — спытаўся Базараў.

— А хіба... — пачала было Анна Сяргееўна і, падумаўшы крыху, дадала: — цяпер ён больш даверлівы стаў, гаворыць са мною. Раней ён унікаў мяне. Урэшце, і я не шукала яго кампаніі. Яны вялікія прыяцелі з Кацяю.

Базараву зрабілася прыкра.

«Не можа жанчына не хітраваць!» — падумаў ён.

— Вы кажаце, ён ўнікаў вас, — вымавіў ён з халоднаю ўсмешкаю, — але, напэўна, для вас не засталося тайнаю, што ён быў у вас закаханы?

— Як? і ён? — сарвалася ў Анны Сяргееўны.

— І ён, — паўтарыў Базараў з пакорлівым паклонам. — Няўжо вы гэтага не ведалі, і я вам сказаў навіну?

Анна Сяргееўна апусціла вочы.

— Вы памыляецеся, Еўгеній Васільіч.

— Не думаю. Але, можа быць, мне не трэба было спамінаць пра гэта. «А ты болей не хітры», дадаў ён сам сабе.

— Чаму не спамінаць? Але я лічу, што вы і тут надаеце занадта вялікае значэнне раптоўнаму ўражанню. Я пачынаю падазраваць, што вы маеце нахіл да пераўвелічэння.

— Не будземце лепш гаварыць пра гэта, Анна Сяргееўна.

— Чаму-ж? — запярэчыла яна, а сама перавяла гутарку на другую дарогу. Ёй усё-ткі было няёмка з Базаравым, хоць яна і яму сказала, і сама сябе ўпэўніла, што ўсё пазабыта. Абменьваючыся з ім самымі простымі гутаркамі,