Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лікі мяшок; у мяшку варушылася нешта жывое. Ён шпарка наблізіўся да тэрасы і, хіснуўшы галавою, прамовіў:

— Добры дзень, панове; прабачце, што спазніўся на чай; зараз вярнуся; трэба вось гэтых палонніц да месца прыладзіць.

— Што гэта ў вас, п’яўкі? — спытаўся Павел Пятровіч.

— Не, жабы.

— Вы іх ясцё — альбо разводзіце?

— Для вопытаў, — роўнадушна прагаварыў Базараў і пайшоў у дом.

— Гэта ён іх рэзаць будзе, — заўважыў Павел Пятровіч. — У прынсіпы не верыць, а ў лягушак верыць.

Аркадзій з жалем паглядзеў на дзядзьку; Нікалай Пятровіч крадком паціснуў плячом. Сам Павел Пятровіч адчуў, што пакпіў няўдала, і загаварыў пра гаспадарку і пра новага кіраўнічага, які напярэдадні прыходзіў да яго скардзіцца, што работнік Фама «дэбашырнічае» і ад рук адбіўся. «Такі ўжо ён Езоп», сказаў ён, між іншым: «усюды паказаў сябе дрэнным чалавекам; пажыве, і з дурным розумам адыйдзе».


VI

Базараў вярнуўся, сеў за стол і пачаў торапка піць чай. Абодва браты моўчкі глядзелі на яго, а Аркадзій крадком паглядаў то на бацьку, то на дзядзьку.

— Вы далёка адсюль хадзілі? — спытаўся, нарэшце, Нікалай Пятровіч.

— Тут у вас балотца ёсць, каля асінавага ляска. Я ўзагнаў штук пяць бекасаў; ты можаш забіць іх, Аркадзій.

— А вы не паляўнічы?

— Не.

— Вы ўласна фізікай займаецеся? — спытаўся ў сваю чаргу Павел Пятровіч.

— Фізікай, але; наогул прыродазнаўчымі навукамі.

— Кажуць, германцы, у апошні час, дужа пасунуліся па гэтай часці.

— Так, немцы. у гэтым нашы настаўнікі, — нядбайна адказаў Базараў.

Слова: германцы, замест немцы, Павел Пятровіч ужыў дзеля іроніі, якой аднак ніхто не заўважыў.

— Вы гэткай высокай думкі пра немцаў? — прагаварыў з вычварнай учцівасцю Павел Пятровіч.

Ён пачынаў адчуваць тайнае раздражненне. Яго арыстакратычную натуру абурала поўная развязнасць Базарава.