Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

за трыццаць вёрст. Я яго даўно не бачыў, і матку таксама; трэба старых парадаваць. Яны ў мяне людзі добрыя, асабліва бацька: вельмі пацешны. Я-ж у іх адзін.

— І доўга ты ў іх прабудзеш?

— Не думаю. Бадай, нудна будзе.

— А да нас назад па дарозе заедзеш?

— Не ведаю... пагляджу. Ну, так, ці што? Мы рушым!

— Бадай, — лена заўважыў Аркадзій.

Ён у душы вельмі ўзрадаваўся прапанове свайго прыяцеля, але палічыў за абавязак стаіць сваё пачуццё. Недарма-ж ён быў нігіліст.

На другі дзень ён паехаў з Базаравым у ***. Моладзь у Мар’іне пашкадавала аб іх ад’ездзе; Дуняша нават трохі заплакала... але старычкам уздыхнулася лёгка.

XII

Горад ***, куды накіраваліся нашы прыяцелі, знаходзіўся пад ведамам губернатара з маладых, прагрэсіста і дэспата, як гэта скрозь бывае на Русі. Ён на працягу першага года свайго кіравання паспеў перасварыцца не толькі з губерскім прэдвадзіцелем, адстаўным гвардыі штабс-ротмістрам, конным заводчыкам і хлебасолам, але і з уласнымі чыноўнікамі. Нязгода, якая ўзнялася з гэтага поваду, набыла нарэшце такія памеры, што міністэрства ў Пецербургу палічыла неабходным паслаць давераную асобу з даручэннем разабраць усё на месцы. Выбар начальства паў на Мацвея Ільіча Калязіна, сына таго Калязіна, пад апекаю якога знаходзіліся некалі браты Кірсанавы. Ён быў таксама з «маладых», гэта значыць, яму нядаўна мінула сорак год, але ён ужо меціў у дзяржаўныя людзі і на кожным баку грудзей насіў па звяздзе. Адна, праўда, была замежная, з дрэнненькіх. Як губернатар, якога ён прыехаў судзіць, ён лічыўся прагрэсістам і, будучы ўжо тузом, не быў падобен на большасць тузоў. Ён быў аб сабе самай высокай думкі; фанабэрыстасць яго не ведала межаў, але ён трымаўся проста, глядзеў ухвальна, слухаў выбачліва і так добрадушна смяяўся, што першыя часы мог нават сыйсці за «дзіўнага хлопца». У важных выпадках ён умеў, аднак, як гаворыцца, задаць пылу. «Энергія неабходна», казаў ёй тады «l'énergie est la première qualité d'un homme d'état»[1]; а з усім тым ён звычайна заставаўся ў дурнях, і кожны трохі спрактыкаваны чыноўнік садзіўся на яго верхам. Мацвей Ільіч гаварыў з вялікай павагаю пра Гізо і стараўся намовіць усім і кожнаму, што ён не належыць да ліку

  1. Энергія — першая якасць дзяржаўнага чалавека.