Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

канцы мантыллі на свае аголеныя рукі. Яе вочы сустрэліся з вачыма Базарава, і яна ледзь-ледзь пачырванела. — За мною ўжо так шмат успамінаў: жыццё ў Пецербургу, багацце, потым беднасць, потым смерць бацькі, замужаства, потым замежная паездка, як належыць... Успамінаў шмат, а ўспамінаць няма чаго, і наперадзе, перада мною, — даўгая дарога, а мэты няма... Мне і не хочацца ісці.

— Вы так расчараваны? — спытаўся Базараў.

— Не, — прамовіла з расстаноўкаю Одзінцова, — але я не маю задавальнення. Здаецца, калі-б я магла моцна адчуць прыхільнасць да чаго-небудзь...

— Вам хочацца пакахаць, — перапыніў яе Базараў, — а пакахаць вы не можаце: вось у чым ваша няшчасце.

Одзінцова ўзялася разглядаць рукавы сваёй мантыллі.

— Хіба я не магу пакахаць? — прамовіла яна.

— Бадай — не! Толькі я дарэмна назваў гэта няшчасцем. Наадварот, таго хутчэй трэба шкадаваць, з кім гэта штука здараецца.

— Здараецца, што?

— Пакахаць.

— А вы адкуль гэта ведаеце?

— Па чутках, — сярдзіта адказаў Базараў.

«Ты какетнічаеш», падумаў ён, — «ты нудзішся і дражніш мяне ад няма чаго рабіць, а мне...» Сэрца ў яго, сапраўды, так і рвалася.

— Пры тым вы, можа быць, занадта вымагальныя, — прамовіў ён, нахіліўшыся ўсім целам наперад і іграючы махрамі крэсла.

— Можа быць. Па-мойму, альбо ўсё, альбо нічога. Жыццё за жыццё. Узяў маё, аддай сваё, — і тады ўжо без шкадавання і без звароту. А то лепш і не трэба.

— Што-ж? — заўважыў Базараў: — гэта ўмова справядлівая, і я дзіўлюся, як вы да гэтай пары... не знайшлі, чаго жадалі.

— А вы думаеце, лёгка аддацца цалкам чаму-б ні было?

— Нялёгка, калі станем раздумваць ды вычакоўваць, ды самому сабе надаваць цану, даражыць сабою, значыць: а не раздумваючы, аддацца вельмі лёгка.

— Як-жа сабою не даражыць? Калі я не маю ніякай цаны, каму-ж патрэбна мая адданасць!

— Гэта ўжо не мая справа; гэта справа другога разбіраць, якая мая цана. Галоўнае, трэба ўмець аддацца.

Одзінцова падалася ад спінкі крэсла.

— Вы гаворыце так, — пачала яна, — як быццам усё гэта зазналі.