Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

можна было згадзіцца з тым, што яна (БСГ) ахвяруе адзіным нацыяналь­ным фронтам на аўтар соцыяльна-клясавых прынцыпаў у змаганьні! Хіба можна пры гэткіх умовах дасягнуць мэты—заснаваньня беларускае дзяржавы... пад протэктаратам Р. Скірмунта і Радзівіла? Не, тактыка БСГ набліжалася да бальшавікоў, прадстаўнік якіх у Менску, т. Фрунзэ, асаб­ліва востра адносіўся да сымбіозу ў раднай працы між Скірмунтам і прад­стаўнікамі левых партый. Але, калі наогул БСГ рабілася пудалам для дэмократаў, неаформленых меншавікоў, народнікаў і проста беларусаў, то яе пецярбурскі філіал асабліва ненавідзелі яны яшчэ за многа часу да першае сэсіі Рады організацый і партый. Менск не хацеў адрозьніваць пецярбурскага асяродку БСГ ад бальшавікоў. Выступленьне-ж аўтара гэтых радкоў на зьезьдзе організацыі і партыі 8 ліпня ў Менску і, асаб­ліва, выступленьне пуцілаўскіх грамадаўцаў на першай сэсіі—перапоў­нілі мерку жахлівасьці. Суцешнай парады і збавеньня ад гэтага, зразу­мела, чакаць было безнадзейна. Здарэньні няўхільна пхалі працоўныя масы ўлева. Няўдалы бунт выскачкі генэрала Карнілава канчаткова вы­явіў фальш і клясавую падаплёку дэмократычнасьці коаліцыйнага ўраду. Невыразныя паводзіны яго ў адносінах да бунтаўшчыка ясна сьведчылі пра організаваны наступ на заваёвы рэволюцыі. Трэба сказаць, што карнілаўская змова ў поўнай меры выявіла перад нацыянальным рухам ня­сталасьць меншавіцка-эсэраўска-кадэцкага ўраду ў поглядах на выра­шэньне нацыянальнага пытаньня. Ваеншчына меркавала таптаць жалез­ным ботам законныя правы вызваленых нацыянальнасьцяў. Упартае ад­кладаньне рэформ у гэтай галіне да скліканьня Ўстаноўчага сойму ха­вала ў сабе сьвядомае і ўпартае нядбальства да важнейшых заданьняў рэволюцыі. Навочна расьлі спагадныя ўмовы для шырокага ўспрыманьня масамі ленінскіх ідэй і лёзунгаў. Зразумела, што гэты процэс ня мінаў і членаў організацый БСГ. Яе нараўская рабочая організацыя паступова аддалялася ад цэнтральнае гарадзкое, намацваючы глебу для новых аформленьняў.

Апошнія пад канец верасьня канчаткова пасьпелі на тое, каб на іх падставе перайменаваць нараўскую рабочую організацыю Беларускай соцыялістычнай грамады ў Беларускую соцыял-дэмократычную партыю бальшавікоў, з програмай і статутам РС-ДРП(б).

Гэты значны ў гісторыі беларускага соцыялістычнага руху факт адбыўся пры непасрэдным кіраўніцтве т. А. Чарвякова. Такім чынам, з кастрычніка месяца пачалося організаванае жыцьцё беларускіх комуністычных атрадаў адзінае ў той час Расійскае соцыял-дэмократычнае рабочае партыі бальшавікоў. Гэта выклікала вялікія зьмены ў настроі БСГ і зусім перакартавала сілы ў беларускім нацыянальна-соцыялістычным руху.

Першым водгукам на заснаваньне БС-ДРП(б) у Пецярбурзе быў пакол соцыялістычнай грамады ў часе другое сэсіі Рады беларускіх орга