Старонка:Востраў скарбаў.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

многа і занадта мала, і я маю права папрасіць у яго тлумачэнняў. Вы, здаецца, сказалі, капітан, што вам не падабаецца наша экспедыцыя? Чаму?

— Мяне запрасілі, сэр, каб я вёў судно туды, куды пажадае гэты джэнтльмен, і не называлі мэты падарожжа, — сказаў капітан. — Вельмі добра, я ні аб чым не распытваў. Але неўзабаве я пераканаўся, што самы апошні матрос ведае якая мэта падарожжа больш, чым я. Па-мойму, гэта няправільна. А як па-вашаму?

— Па-мойму, таксама, — сказаў доктар Лівсі.

— Далей, — працягваў капітан, — я даведаўся, што мы едзем шукаць скарбы. Я пачуў пра гэта, заўважце, ад сваіх уласных падначаленых. Пошукі скарбаў — наогул не па маёй часці, і я не адчуваю ніякага імкнення да падобных заняткаў, асабліва калі гэтыя заняткі сакрэтныя, а сакрэт (прашу прабачэння, містэр Трэлоўні) выбалтаны, так сказаць, папугаю.

— Папугаю Сільвера? — спытаў сквайр.

— Не, гэта проста прыказка, — растлумачыў капітан. — Яна азначае, што сакрэт ужо ні для кога не сакрэт. Мне здаецца, вы не дагаварваеце, за якую цяжкую справу вы ўзяліся, і я абавязаны папярэдзіць вас, што перад вамі стаіць барацьба не на жыццё, а на смерць.

— Вы зусім правы, — адказаў доктар. — Мы вельмі рызыкуем. Але вы памыляецеся, мяркуючы, што мы не ўяўляем сабе, якія небяспекі чакаюць нас. Затым вы сказалі, што вам не падабаецца наша каманда. Што-ж, па-вашаму, мы нанялі не дастаткова спрактыкаваных і здольных маракоў?

— Не падабаюцца мне яны, — адказаў капітан. — І, калі гаварыць адкрыта, трэба было даручыць набор каманды мне.

— Не супярэчу, — адказаў доктар. — Майму другу, бадай, варта было набіраць каманду разам з вамі. Гэта памылка, але, запэўняю вас, зусім выпадковая. Тут не было нічога наўмыснага. Затым, здаецца, вам не падабаецца містэр Эроў.

— Не падабаецца, сэр. Я веру, што ён добры марак. Але ён занадта распушчае каманду. Ён фамільярна абыходзіцца са сваімі матросамі. Штурман на караблі павінен трымацца ў баку ад матросаў. Ён не можа п'янстваваць з імі.