Старонка:Востраў скарбаў.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каб усе змоўклі; то даходзіў да шалёнай ярасці, калі хто-небудзь, перабіваючы яго словы, задаваў яму якое-небудзь пытанне; то, наадварот, рабіўся лютым, калі да яго не звярталіся з пытаннямі, таму што, па яго думцы, гэта паказвала, што слухаюць яго няўважліва. І нікога не выпускаў з карчмы: кампанія магла разыйсціся толькі тады калі ім авалодвала дрымотнасць і ён, хістаючыся, ішоў да сваёй пасцелі.

Але больш страшнымі, чым ён сам, былі яго расказы. Жудасныя расказы — аб шыбеніцах, аб катаваннях, аб штормах, аб піратах Караібскага мора, аб разбойніцкіх гнёздах і разбойніцкіх геройствах.

Мяркуючы па яго расказах, ён правёў усё сваё жыццё сярод найгоршых злачынцаў. А лаянка, якая следавала пасля кожнага слова, палохала нашых простадушных вясковых людзей не менш, чым злачынствы, аб якіх ён гаварыў.

Мой бацька заўсёды гаварыў, што нам давядзецца закрыць нашу карчму — капітан адводзіць ад нас усіх наведвальнікаў. Каму ахвота цярпець такія здзекі і дрыжэць ад жаху, ідучы дадому. Аднак, я думаю, што капітан, наадварот, хутчэй быў карысным для нас. Праўда, наведвальнікі баяліся яго, але праз дзень іх зноў цягнула да яго. У ціхае, глухое жыццё ён унёс нейкую прыемную трывогу. Сярод моладзі знайшліся нават капітанавы прыхільнікі, якія казалі, што захапляюцца ім. „Сапраўдны марскі воўк, наскрозь прасолены морам!“ — гаварылі яны.

Паводле іх слоў, якраз такія людзі, як наш капітан, зрабілі Англію гразой на марах.

Але, з другога боку, гэты чалавек сапраўды рабіў нам страты. Тыдзень праходзіў за тыднем, месяц за месяцам грошы, якія ён нам даў раней, былі ўжо даўно выдаткаваны, а новых грошай ён не плаціў. І ў бацькі нехапала духу патрабаваць у яго гэтых грошай. Варта было бацьку заікнуцца аб плаце, як ён ярасна пачынаў сапці, пасля сапенне ператваралася ў рыканне, і мой бацька ў вялікім спалоху выбягаў з пакоя. Я бачыў, як пасля падобных проб ён з адчаем ламаў сабе рукі. Я не сумняваўся, што