Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго чытаць Пушкіна, каб, як яна казала, ачысціць паветра. Лушын, насмешлівы, цынічны на словах доктар, ведаў яе лепш за ўсіх — і кахаў яе больш за ўсіх, хоць лаяў яе і ў вочы і за вочы. Яна паважала яго, але не давала спуску яму — і часамі, з асаблівай, злараднай прыемнасцю давала яму адчуваць, што і ён у яе руках. «Я какетка, я без сэрца, я акторская натура, — сказала яна яму аднойчы пры мне: — а, добра! дык дайце-ж вашу руку, я ўваткну ў яе шпільку, вам будзе сорамна гэтага маладога чалавека, вам будзе балюча, а ўсё такі вы, пан праўдзівы чалавек, смейцеся». Лушын пачырванеў, адвярнуўся, закусіў губы, але скончыў тым, што падставіў руку. Яна ўкалола яго, і ён сапраўды пачаў смяяцца… і яна смяялася, запускаючы досыць глыбока шпільку і заглядваючы яму ў вочы, якімі ён дарэмна вадзіў па баках…

Горш за ўсё я разумеў адносіны, якія існавалі паміж Зінаідай і графам Малеўскім. Ён быў прыгожы, спрытны і разумны, але штосьці няпэўнае, штосьці фальшывае здавалася ў ім нават мне, шаснаццацігадоваму хлопчыку, і я здзіўляўся таму, што Зінаіда гэтага не заўважае. А магчыма, яна і заўважала гэту фальшывасць і не грэбавала ёю. Няправільнае выхаванне, дзіўныя знаёмствы і звычкі, заўсёдная прысутнасць маці, беднасць і беспарадак у доме, усё, пачынаючы з самай свабоды, якой карысталася маладая дзяўчына, з разумення яе перавагі над акружаўшымі яе людзьмі, развіло ў ёй нейкую напоўпагардлівую неахайнасць і непатрабавальнасць. Бывала, што ні здарыцца — ці прыдзе Ваніфаці далажыць, што цукру няма, ці выйдзе наповерх якая-небудзь паганая плётка, ці пасварацца госці — яна толькі кудрамі страсяне і скажа: глупства! — і гора ёй мала.

Затое ў мяне, бывала, уся кроў загаралася, калі Малеўскі падыйдзе да яе, хітра пагойдваючыся, як ліс, далікатна абапрэцца на спінку яе крэсла і пачне шаптаць ёй на вуха самаздаволенай і падлізлівай усмешкай, — а яна складзе рукі на грудзях, уважліва глядзіць на яго, і сама ўсміхаецца і ківае галавой.

— Што вам за ахвота прымаць п. Малеўскага? — запытаўся я аднойчы ў яе.

— А ў яго такія цудоўныя вусікі, — адказвала яна. — Ды гэта не па вашай часці.

— Ці не думаеце вы, што я яго кахаю? — сказала яна мне ў наступны раз. — Не; я такіх кахаць не магу, на якіх