Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мяне, радасна ўзрушыла ўсё маё існаванне. Нібы я падаў у невядомую, цёмную глыбіню, дзе ўжо ўсё сціхала вакол і чуўся толькі ціхі і бесперапынны стогн нейкай вечнай журбы… я заміраў, але працівіцца не мог, і раптам прыяцельскі кліч даляцеў да мяне, чыясьці магутная рука адным узмахам вынесла мяне на свет божы… Я азірнуўся і з невыказнай радасцю ўбачыў сумленны і спакойны твар свайго праважатага. Ён стаяў перада мной лёгка і стройна, са звычайнай сваёй усмешкай працягваючы мне мокрую бутэлечку, напоўненую чыстай вадой… Я ўстаў.

— Пойдзем, вядзі мяне, — сказаў я з захапленнем.

Мы адправіліся і блукалі доўга, да вечара. Як толькі спякота «мінула», у лесе стала так хутка халадзець і цямнець, што заставацца ў ім ужо не хацелася. «Ідзіце вон, неспакойныя жывыя», здавалася, шаптаў ён нам панура з-за кожнай сасны. Мы вышлі, аде не скора знайшлі Кандрата. Мы крычалі, клікалі яго, ён не абзываўся. Раптам, сярод надзвычайнай цішыні ў паветры, чуем мы, ясна чуецца яго: «тпру, тпру», у блізкім ад нас рове… Ён не чуў нашых крыкаў ад ветру, які раптоўна разгуляўся і таксама раптоўна ўціх зусім. Толькі на асобна стаяўшых дрэвах былі відаць сляды яго парываў: многія лісты былі ім вывернуты, і так і заставаліся, надаючы стракатасць нерухомаму лісцю. Мы селі на воз і паехалі дадому. Я сядзеў, пагойдваючыся і ціха ўдыхаючы сырое, крыху рэзкае паветра, і ўсе мае нядаўнія мары і шкадаванні патанулі ў адным адчуванні дрымоты і стомленасці, у адным жаданні хутчэй вярнуцца пад дах цёплай хаты, напіцца чаю з густымі зліўкамі, закапацца ў мяккае і свежае сена і заснуць, заснуць, заснуць…

ДЗЕНЬ ДРУГІ

У наступную раніцу мы зноў утрох адправіліся на «Гар». Гадоў дзесяць таму назад, некалькі тысяч дзесяцін выгарала ў Палессі і да гэтага часу не зарасло; сям-там выбіваюцца маладыя елкі і сасонкі, а то усё мох, ды стары попел. На гэтай «Гары», да якой ад Святога лічыцца вёрст дванаццаць, растуць усялякія ягады ў вялікім мностве і вядуцца цецерукі, якія надта любяць суніцы і брусніцы.

Мы ехалі моўчкі, як раптам Кандрат падняў галаву.

— Э! — усклікнуў ён: — ды гэта-ж ці не Яфрэм стаіць?