Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ці на дванаццаць крокаў наперад, здавалася вывучаў якісьці сіні асколак фаянса, што ляжаў на траве. Раптам ён здрыгануўся. Яго праняла начная прохаладзь.

Ён насунуў глыбей шапку і машынальна, захінуўшы каўнер сваёй курткі, зрабіў крок і нахіліўся, каб падняць з зямлі свой кій.

У гэтую хвіліну ён заўважыў срэбную манету, якую ён нагою ўціснуў у зямлю. Гэта зрабіла на яго дзеянне гальванічнага току.

— Што гэта такое? — праказаў ён скрозь зубы. Ён адсунуўся на тры крокі, потым спыніўся, не маючы сілы адвесці вачэй ад гэтай кропкі, дзе некалькі хвілін назад стаяла яго нага, нібы гэта ззяючая ў цемры кропка была расплюішчанае вока, пільна накіраванае на яго.

Праз некалькі хвілін ён сударгава схапіў манету і, выпрастаўшыся ва ўвесь рост, пачаў глядзець удалеч, азіраючы далягляд, прычым увесь трапятаў і ўздрыгваўся, як дзікі, перапуджаны звер, які шукае сховішча.

Ён нічога не бачыў. Надышла ноч; даліна была халодная і туманная. Шызаватая імгла падымалася ў празрыстым святле змроку.

— Ага! — праказаў ён і шпарка пусціўся ісці наперад, у той бок, дзе знік хлопчык. Зрабіўшы крокаў трыццаць, ён спыніўся, паглядзеў, але нічога не ўбачыў.

Тады ён закрычаў, што было голасу:

— Пты-Жэрве! Пты-Жэрве!

Потым змоўк і прыслухаўся.

Ніякага адказу.

Поле было пустыннае і маўклівае.

Навакол панавала цемра, у якой губляўся позірк, і цішыня, у якой заміраў голас.

Дуў халодны вецер, які надаваў пануры выгляд усяму навакольнаму. Галінкі нізкага хмызняку злосна схіляліся да зямлі. Здавалася, што яны гналіся за кімсьці і пагражалі яму.

Жан Вальжан зноў пайшоў наперад, потым пусціўся бегчы, спыняючыся час ад часу і пачынаючы зноў клікаць хлопчыка. У гэтым закліку чутны былі жах і роспач.

— Пты-Жэрве! Пты-Жэрве!

Вядома, калі-б хлопчык пачуў яго, ён не адважыўся-б паказацца на вочы Жану Вальжану. Але хлопчык быў вельмі далёка.

Жан Вальжан спаткаў папа, які ехаў конна. Ён прыблізіўся да яго і запытаў:

— Бацюшка, ці не спаткалі вы хлопчыка?

— Не, — адказваў поп.