Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Там, паміж іншым, ёсьць такое цікавае месца: «Абвясьціць усім гаспадаром будынкаў з падпіскаю аб тым, каб яны загадзя, а ўласна, за тры дні давалі знаць у поліцыю, у каго мае быць у доме пажар». (Русская Старина, 1887 год, кн. І, стар. 100). Далей гэтага прыказу ўжо няма куды ісьці. Гэты шалёны чалавек меў вельмі высокі погляд на сябе і на сваё самаўладзтва. «У Расіі», казаў ён ня раз, «вялікі той, з кім я гутару і пакуль я з ім гутару».

На чале ураду, такім спосабам, стаіць чалавек, чыннасьцю якога кіруюць не разумныя мотывы, а нэрвовыя эмоцыі і хворае пачуцьцё. Найперш ад усяго ён абхоплен шалёнаю ненавісьцю да свае мацеры, Катарыны ІІ. Гэта з яе волі афіцэры ў Ропшы забілі яе мужа, а яго айца Пятра ІІІ; гэта яна праз забойства незаконна захапіла царскі пасад, каторы павінен быў заняць ён, Павал І. Гэта яна зьдзеквалася доўгія годы над ім, насьледнікам пасаду, і пагражала яму перадачай улады яго сыну Аляксандру і заключэньнем яго, Паўла, у Шлісэльбурскую крэпасьць. Усё, што зроблена ненавісным яму ранейшым урадам яго мацеры, ён лічыць благім, шкадлівым для сябе і падлеглым перамене ці адмене.

Ня меншай ненавісьцю ахоплен Павал І і да францускай рэволюцыі. Яго хворым мазгом вялікі гістарычны акт рэволюцыі прадстаўляецца падзеяй, пакірованаю спэцыяльна й асабіста проціў яго і яго неабмяжованай нічым улады. Гэтае прадстаўленьне аб рэволюцыі ўзмацняецца яшчэ тым, што яна неміласэрна гільётынавала яго асабістых прыяцеляў, пачынаючы з Людвіга XVI і канчаючы яго прыдворнымі, з каторымі ён устанавіў добрыя адносіны ў часы сваёй падарожы заграніцу ў 70-ыя годы XVIII сталецьця. Ненавісьць да мацеры злучылася ў яго хворых мазгох з ненавісьцю да францускай рэволюцыі, бо і Катарыну ІІ ён лічыў рэволюцыянэркаю.

І вось пачалася бязупынная барацьба з круглымі капялюшамі, гарсэтамі, фракамі, катарынінымі фаворытамі і г. д. Ува ўсім цар бачыў прыметы ненавіснай яму рэволюцыі і «рэволюцыянэркі» мацеры. Жыцьцё падданых, асабліва арміі, зрабілася неперарыўным катаваньнем. Дварцовы загавор і забойства Паўла ў ноч на 11 сакавіка 1801 г. былі зусім зразумелым і канечным вынікам з гэтага бязглуздага «царствовання ужаса». І ня было ніводнага чалавека, каторы-бы пашкадаваў пазьверску забітага цара. «Як падучы мэтэор, прамільгануў гэты цар», казаў Карамзін, «усе глядзелі на яго, лічачы мінуты, і радаваліся апошняй мінуце».

Адносіны паўлаўскага ўраду да польскага, а разам з тым і да беларускага пытаньня непадобны на адносіны да гэтага пытаньня ўраду Катарыны ІІ. Урад Катарыны з вялікаю ахвотаю і пасьпехам карыстаўся з развалу суседкі і разам з урадамі Прусіі і Аўстрыі рабіў