Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ён ні пачаў пісаць, чутно, што ён любіць і шкадуе селяніна беларуса, каторы жыве, як чорт у пекле. Тым ня менш спачуцьцё да беларускай вёскі не перашкаджае аўтару маляваць добрыя і благія, яскравыя й цёмныя бакі беларускага жыцьця. Працу Нікіфароўскага па Віцебшчыне працягнуў далей А. П. Сапуноў («Віцебская старина», т. т. І—V), каторы памёр у 1924 годзе.

З 1876 году аж да нашых часоў працаваў над этнографіяй Беларусі Е. Р. Раманаў. Ён найбольш вядомы сваім «Белорусским Сборником». Першы і другі выпускі зборніку зьмяшчаюць у сабе народныя песьні, пагаворкі й загадкі. Раўнуючы гэты зборнік з іншымі, якія былі надрукованы раней да Раманава, мы бачым, што ён карысна ад іх вызначаецца. Кідаецца ў вочы багацьце яго зьместу. Такога багацьця раней нідзе ня было. Зборнік зьмяшчае 1.210 песень, 757 пагаворак і 450 загадак. Амаль ня ўвесь матар’ял запісак самым аўтарам. Аўтар быў ураджэнцам Беларусі і, дзякуючы гэтаму, добра ведаў яе быт. Трэці і чацьверты выпускі зьмяшчаюць у сабе байкі. Зьбірацель добра быў знаёмы з сучаснымі яму зборнікамі вялікарускіх і украінскіх баек, дзякуючы чаму ён з беларускіх баек мог выбраць самыя самабытныя і орыгінальныя. Што датычыць да самай гаворкі баек, то Раманаў растлумачвае нам, чаму яны маюць у сабе шмат вялікарускіх слоў і зваротаў мовы. Уся справа ў тым, што казальнік, баючы байку і бачачы перад сабой незнаёмага зьбірацеля ў панскай вопратцы, прагнецца, каб баяць ня зусім папросту, па-мужыцку. Дзякуючы гэтаму, ён часта ўплятае ў сваю гаворку разумныя «панскія» словы, якія ён чуў у горадзе ці сярод адукаваных людзей. Гэта трэба мець на ўвазе, тым больш, што іншы раз сам зьбірацель ня ўмее падыйсьці да казальніка, і казальнік са скуры лезе, каб ня быць мужыком і гаварыць не папросту, не па-мужыцку. Пяты выпуск зьмяшчае ў сабе загаворы, духоўныя вершы, апокрыфы і г. д. Найкаштоўнейшую частку кнігі складаюць загаворы, каторых тут сабрана больш чым 800. Такога багацьця загаворнага матар'ялу да Раманава ў нас ня было. Шосты выпуск дае нам працяг матар'ялаў, зьмешчаных у трэцім і чацьвёртым выпусках. Тут надрукована больш як 50 баек, у якіх малююцца дзеі асілкаў-багатыроў: яны змагаюцца з чужаземнымі чудзішчамі, зьмяямі-цмокамі, бабай-ягой і кашчэем. Найчасьцей асілкі перамагаюць іх, бо моц асілкаў вялікая, як у мітычных гэрояў-паўбогаў. Запіс баек зроблен добра, байкі расказаны добрымі казальнікамі. Падзеі, апісаныя ў байках, намалёваны падрабязгова, дзякуючы чаму некаторыя байкі надта вялікія. Значную большасьць баек Раманаў запісаў сам, а меншасьць запісалі пад яго даглядам супрацоўнікі, якія таксама добра ўмелі зразумець казальніка й добра запісаць. З Раманавым у гэтых адносінах можа сапернічаць толькі Сяржпутоўскі, запісаўшы байкі