Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыклад, павінен быў даставіць у інтэнданства 10.000 валоў. А тут падашла і рэкрутчына: на Віленскі дэпартамэнт быў вызначаны лік у 3.000 рэкрутаў. Крыху пазьней мы бачым, што па запатрабаваньню францускага камандваньня, што прышло з Масквы, Літва і Беларусь да верасьня павінны былі даставіць 150.000 злотых і 1.000 коняй.

Усе гэтыя паборы ляглі вялікім цяжарам на зруйнованы край. Сярод жыхарства пачынаецца голад, за голадам ідуць яго верныя хаўрусьніцы— хваробы. Найраней зьяўляецца крываўка, за ёю йдзе халера. Сьледам за імі пачынае касіць жыхароў тыфус, каторы ў тыя часы быў вядом пад назваю гнілой гарачкі. Пазьней пачынае хадзіць па вынішчаным зьбяднелым краі цынга. Адным словам, наполеонаўская незалежнасьць і «добрахвотнае» злучэньне з Варшаўскім гэрцогствам вельмі дорага абышліся для Літвы і Беларусі.

Паміж тым, агульныя падзеі кампаніі 12 году йдуць сваёю чаргою. Наполеонаўская армія, зрабіўшы слаўны паход, уваходзіць у безабаронную Маскву. Тут яна дэморалізуецца, губіць сувязь з сваёю заходняй базай і вельмі хутка нястройным натаўпам адходзіць назад